«Звязда» працягвае цыкл публікацый, прысвечаных падзеям Першай сусветнай вайны. Цікавы факт: аказваецца, першы з пачатку той вайны кавалер салдацкага Георгіеўскага крыжа пасля ранення знаходзіўся на лячэнні ў віцебскім шпіталі.
Адважны казак Казьма Фірсавіч Кручкоў быў вядомы ўсёй Расіі. Яго фотапартрэты друкаваліся ў газетах, часопісах, яму прысвячалі вершы, песні, у гонар яго здымалася кіно. Подзвіг Кручкова быў адлюстраваны на мностве плакатаў і нават на карціне Рэпіна.
27 жніўня 1914 года (па новым стылі) у газеце «Віцебскі веснік» з'явіліся нататкі карэспандэнта пра наведванне Кручкова ў лазарэтным памяшканні жаночага духоўнага вучылішча (цяпер — будынак Віцебскага аблвыканкама. — Аўт.). «25 гадоў, стройны, тонкі, жылісты, шапка павойных цемнарусых фурманаў», — пісаў журналіст.
— Для падтрымання баявога духу падчас Першай сусветнай вайны патрабаваліся прыклады гераізму, і яны не прымусілі сябе доўга чакаць. 12 жніўня раз'езд з чатырох данскіх казакоў непадалёк ад польскага горада Кальварыя натрапіў на 27 нямецкіх драгунаў. У сутычцы, якая завязалася, праявіў небывалы гераізм 25-гадовы казак Казьма Фірсавіч Кручкоў (гады жыцця: 1890-1919), які засек і закалоў пікай 11 чалавек, а сам атрымаў 16 ран. У выніку агульных намаганняў казакоў, як потым пісалі ў справаздачы аб тым баі, «на зямлі ляжалі 23 трупы ды насіліся некалькі спалоханых коней». Аб гэтым подзвігу казака даведалася ўся Расія. Кручкоў стаў першым з пачатку вайны кавалерам салдацкага Георгіеўскага крыжа. Пачаўся час яго славы, — расказвае Валерый ШЫШАНАЎ, намеснік па навуковай працы дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.
А вось як пра свой подзвіг расказваў сам герой: «Мяне акружылі немцы — 11 чалавек. Не вельмі спадзеючыся застацца жывым, я вырашыў дорага прадаць сваё жыццё. Кабыла ў мяне рухомая, паслухмяная. Хацеў спачатку пусціць у ход вінтоўку, але спехам патрон «заскочыў». Схапіўся за шашку і пачаў працаваць. Атрымаў некалькі дробных ран. Адчуваю: кроў цячэ... За кожную рану адказваю смяротным ударам... Іх афіцэр наскочыў — я адбіў яго напад і пагнаўся за ім. Ён — уцякаць. Я дагнаў, узмахнуў шашкай і кульнуў яго па галаве, толькі каска сагнулася. Я зноў узмахнуў. Мой удар прыйшоўся па шыі, і галава была амаль адрэзана. Паклаўшы некалькі чалавек, я адчуў, што шашкай цяжка працаваць. Схапіў піку і ёю па адным паклаў астатніх. У гэты час мае таварышы ліха справіліся з іншымі. Таварышы мае атрымалі лёгкія раны. Я таксама атрымаў 16 ран, але ўсё «пустых»: уколы ў спіну, шыю, рукі».
Спачатку геройскага казака хацелі адправіць на лячэнне ў Маскву, але вырашылі шпіталізаваць у Віцебску.
Пра тое, як яго сустрэлі ў губернскім Віцебску, як цёпла і ласкава клапаціліся, Кручкоў і яго таварышы гаварылі рэпарцёрам з асаблівай удзячнасцю: «Як нідзе! Шчыра просім напісаць, што ніколі не забудзем ласкі, клопатаў і догляду за намі тут. Ад усяго сэрца дзякуем усім, асабліва добрай начальніцы «Чырвонага крыжа» С.В. Арцымовіч і спадарыні начальніцы духоўнага вучылішча».
Пасля шпіталя Кручкоў, як раней, адважна ваяваў і атрымаў яшчэ два Георгіеўскія крыжы, два медалі і афіцэрскі чын. Пасля вяртання з фронту дамоў, на Дон, удзельнічаў у грамадзянскай вайне — на баку белых. Падчас бою з чырвонаармейцамі ён і загінуў. Было гэта ў жніўні 1919 года.
У эмігранцкім друку так апісвалі гэтую падзею: «Сотнік Кручкоў на чале варты казакоў самавольна, без загаду спрабаваў выбіць чырвоных (узвод пяхоты з кулямётам) з супрацьлеглага берага пад станіцай Астроўскай. Чырвоныя падпусцілі бліжэй і перабілі ўсіх з кулямёта».
Не абышлося без чутак. Народная пагалоска разнесла, што палоннага героя ці то застрэліў, ці то засек сам Будзённы. Але дакументальна гэта ніяк не пацвярджаецца.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/pamyac
[4] https://zviazda.by/be/tags/vicebsk
[5] https://zviazda.by/be/tags/pershaya-susvetnaya-vayna
[6] https://zviazda.by/be/tags/georgieuski-kavaler
[7] https://zviazda.by/be/tags/kazma-firsavich-kruchkou
[8] https://zviazda.by/be/vicebsk