Супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі затрымалі мінскіх ілжэпрадпрымальнікаў, якія без намеру ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць пераводзілі ў гатоўку грашовыя сродкі суб'ектаў гаспадарання. «Шэрая» фінансавая гульня махінатараў прычыніла ўрон дзяржаве ў выглядзе нявыплаты падаткаў у памеры больш за 1 млрд рублёў, паведаміла рэдакцыі старшая оперупаўнаважаная па асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС Беларусі Вераніка Пасмеццева.
Аператыўнікамі было выяўлена, што 57 гадовы жыхар Мінскага раёна стварыў злачынную групу, якая пасля рэалізацыі канцтавараў і іншай прадукцыі дзяржарганізацыям па загадзя прадуманай схеме выводзіла грашовыя сродкі з легальнага абарачэння праз ілжэпрадпрымальнікаў. Пры гэтым падаткаў дзяржаве ніхто не плаціў.
Арганізатар зарэгістраваў шэраг падкантрольных яму суб'ектаў гаспадарання, якія пераводзілі безнаяўныя грашовыя сродкі ў наяўныя праз індывідуальных прадпрымальнікаў, а апошнія канвертавалі рублі ў долары. Такі «бізнес» стаў маштабным: толькі адзін удзельнік злачыннай групы, 30-гадовы індывідуальны прадпрымальнік за чатыры месяцы (сёлета з лютага па верасень) перавёў у гатоўку каля 6 млрд рублёў і набыў больш за 600 тысяч долараў.
Упраўленнем Следчага камітэта па г. Мінску ў дачыненні да індывідуальнага прадпрымальніка завялі крымінальную справу за лжэпрадпрымальніцтва, якое пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры. У выніку праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і вобыскаў у падазраванага і яго каманды аператыўнікі канфіскавалі больш за 100 тысяч долараў і каштоўнасці, якія знаходзіліся па месцы жыхарства і ў банкаўскай ячэйцы, таварна-транспартныя накладныя і іншыя дакументы. Выяўлены дарагія аб'екты нерухомасці і аўтамабілі, якія з мэтай утойвання прыроды паходжання рэгістраваліся на трэціх асоб. За такое лжэпрадпрымальніцтва, што пацягнула прычыненне дзяржаве ўрону ў асабліва буйным памеры, прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.
Сяргей КУРКАЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pasmecceva
[5] https://zviazda.by/be/tags/mus-belarusi
[6] https://zviazda.by/be/tags/ilzhepradprymalniki