Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў учора Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова. Як паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара, сустрэча са студэнтамі ВНУ праходзіла ў форме калоквіума, падчас якога Аляксандр Лукашэнка выступіў на тэму «Беларусь у кантэксце сучаснай цывілізацыі: мэты і перспектывы развіцця».
Кіраўнік дзяржавы таксама наведаў выставу, прысвечаную 100-годдзю ўніверсітэта. Аляксандр Лукашэнка ў 1975 годзе скончыў гістарычны факультэт гэтай ВНУ. У ліку вядомых выпускнікоў універсітэта — дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і культуры, чатыры Героі Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы, лаўрэаты дзяржпрэмій СССР і БССР, чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў, каля 400 заслужаных настаўнікаў і дзеячаў навукі.
«Свая незалежная дзяржава дае нам свабоду»
Выступаючы на сустрэчы са студэнтамі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба цярпліва выбудоўваць дзяржаву, каб жыццё беларусаў і іх дзяцей было добрым. Кіраўнік краіны адзначыў: «Жывём мы так, як жывём. Яшчэ не дасягнулі таго, што трэба». Гэтаму ёсць як аб'ектыўныя, так і суб'ектыўныя прычыны. У ліку аб'ектыўных — глыбокі крызіс, у якім цяпер знаходзіцца свет. Многія суб'ектыўныя прычыны тояцца непасрэдна ў нас саміх. «Трэба цярпліва ісці да будаўніцтва свайго дома, чаго б гэта ні каштавала, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я да гэтага гатовы. Мне не лягчэй, чым вам. Ці гатовы вы? Падумайце кожны і зрабіце свой выбар, вызначцеся». «Я буду дбаць аб нашых беларусах і выбудоўваць іх жыццё, каб было добра ім і іх дзецям», — працягнуў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, нягледзячы на глабалізацыю, будучыня за суверэннымі дзяржавамі і асобнымі нацыямі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння чалавецтва перажывае глабальны цывілізацыйны зрух, калі нават законы грамадскіх адносін і маральныя нормы, якія здаваліся непарушнымі, паступова страчваюць сілу. «Інфармацыйная рэвалюцыя звяла на нішто ўсе прасторавыя і часавыя бар'еры. Эканамічныя працэсы ў свеце даўно выйшлі на наднацыянальны ўзровень. Чалавек навучыўся штучным шляхам атрымліваць найвялікшую з таямніц — зараджэнне жыцця, кланіраваць жывыя істоты», — сказаў Прэзідэнт.
Глабалізацыя вытворчасці і капіталу цягне за сабой вельмі сур'ёзныя трансфармацыі ў духоўнай сферы. «Мы бачым паступовае разбурэнне векавых маральных асноў, ператварэнне маральных анамалій у норму жыцця, сціранне нацыянальных, культурных адрозненняў паміж народамі, з'яўленне глабальнай англамоўнай неакультуры, заснаванай на амерыканскіх стандартах і ўзорах», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«І сёння ўсё часцей узнікае пытанне: ці доўга праіснуюць у сучасным свеце суверэнныя дзяржавы, асобныя нацыі і народы, ці, можа, неўзабаве ўсе гэтыя паняцці будуць незваротна здадзены ў архіў гісторыі?» — задаў пытанне Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларусы доўга ішлі да атрымання дзяржаўнасці. «Свая незалежная дзяржава дае нам свабоду — тое, да чаго па прыродзе сваёй імкнецца кожны чалавек і кожная нацыя, свабоду жыць на сваёй, Богам дадзенай зямлі, свабоду самім выбіраць свой шлях, свабоду шанаваць свае традыцыі, сваё мінулае, распараджацца сваім сённяшнім днём, ладзіць сваю будучыню», — сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што «нават у так званай адзінай Еўропе не згасае імкненне народаў да самавызначэння». У якасці прыкладаў ён прывёў Шатландыю, Бельгію, іспанскую Каталонію. «І практычна няма ні адной еўрапейскай краіны, задаволенай вынікамі будаўніцтва агульнага еўрапейскага дома, які сёння, як ужо ўсім відавочна, трашчыць па ўсіх швах», — сказаў Прэзідэнт. «Таму з пункту гледжання будучыні асобных нацый і суверэнных дзяржаў, я, напэўна, сябе магу назваць гістарычным аптымістам, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Нягледзячы ні на якую глабалізацыю, паняцці Радзімы, Айчыны, незалежнасці сваёй зямлі яшчэ вельмі-вельмі рана спісваць у гістарычны архіў, з майго пункту гледжання».
«Стагоддзі існавання на скрыжаванні ўсходняй і заходняй традыцый дапамаглі Беларусі назапасіць унікальны духоўны вопыт. Наша нацыянальная ідэя — гэта мір , згода, узаемадапамога ў нашай вялікай агульнай сям'і, імя якой — беларускі народ. Гэта звычка жыць сваёй працай на сваёй зямлі. Гэта добрасардэчнасць да ўсіх, хто жыве побач з намі і хто прыходзіць да нас з мірам», — падкрэсліў Прэзідэнт. Так што, сказаў ён, калі ласка, прыязджайце, жывіце, купляйце кватэры, інвестуйце. «Але не замахвайцеся на наш кавалак зямлі, які нам падарыў Гасподзь. Гэта беларуская зямля, — сказаў Прэзідэнт. — Мы не збіраемся бегчы ў НАТА, нават у Еўрасаюз, але мы і нашай брацкай Расіі гаворым: так, вы нашы людзі, мы ўсе падобныя, вы нашы браты-расіяне, але гэтая зямля — беларуская», — падкрэсліў Прэзідэнт .
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пазіцыянаваць сябе ў свеце вельмі цяжка. «Але калі мы кажам, што павінны быць па-сапраўднаму суверэннымі і незалежнымі і заўтра, і паслязаўтра і пакінуць сваім дзецям нешта ў спадчыну, то павінны сціснуўшы зубы ісці сваім шляхам», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Калі Захад нас у чым-небудзь крытыкуе, значыць, мы робім правільна, калі пачынаюць хваліць — думай, дзе і што ты не так зрабіў», — дадаў ён.
Свабода — гэта не беззаконне
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разумее свабоду як спакойнае жыццё і парадак у грамадстве, а не беззаконне. «Многія разумеюць свабоду так: выйшаў на вуліцу — што хачу, тое і раблю. Але твая свабода заканчваецца там, дзе пачынаюцца чужыя інтарэсы», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Не трэба разумець свабоду так, як нам часта яе падносяць і дыктуюць. Я гавару аб свабодзе ў больш шырокім сэнсе слова», — адзначыў Прэзідэнт. — Свабода — гэта не беззаконне, гэта спакойнае і ціхае жыццё і парадак у грамадстве. Я хацеў бы, каб на гэтым узроўні разглядалі свабоду, а не ў тым, што не дазваляюць штосьці сказаць. Ды гаварыце, што хочаце! Але навучыцеся слухаць іншых, засвойваць іх вопыт, асабліва старэйшага пакалення».
Прэзідэнт дадаў, што яму хацелася б, каб пакаленне моладзі не паўтарала памылкі бацькоў, а ўлічвала іх вопыт і ішло сваім шляхам, атрымліваючы максімум ад жыцця.
У будаўніцтва Палаца Незалежнасці не ўкладзена ні аднаго рубля бюджэтных сродкаў
Сёння, сказаў Прэзідэнт, ён часта чуе крытыку за Палац Незалежнасці. «Але паглядзіце на гэты цэнтр — Плошча сцяга, адноўлены «Белэкспа», дзе мы выстаўляем найлепшыя дасягненні нашага народа, і Палац Незалежнасці — яны нават не ведаюць, колькі гэта каштуе, за якія грошы пабудавана. Там няма ні аднаго бюджэтнага рубля. Дрэнна, што гэта пабудавана? Гэта — сімвал, і для краіны, як і для любога чалавека, гэта вельмі важна. Асабліва цяпер, калі мы хочам прэзентаваць сябе».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Палац Незалежнасці будзе адкрыты для людзей. «Гэта не рэзідэнцыя Прэзідэнта. Там, праўда, ёсць адзін рабочы кабінет для Прэзідэнта, больш там кабінетаў няма», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што ў палацы будуць выстаўляцца і падарункі Прэзідэнта, карціны, якія Аляксандр Лукашэнка прывёз з тых краін, якія ён наведваў. «Але гэтым цэнтрам мы падкрэслілі тое, што мы стварылі сваю дзяржаву», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хацеў бы, каб у палацы праходзілі важныя і знакавыя для краіны мерапрыемствы: напрыклад, сустрэчы дэлегацый замежных дзяржаў, ушанаванне шматдзетных бацькоў, прыём у піянеры дзяцей з усёй рэспублікі.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ўсё ў Палацы Незалежнасці зроблена з айчынных матэрыялаў і самімі беларусамі. «Ён дэманструе, на што здольныя нашы людзі. Вось усе кажуць, што шмат хто з'язджае на заробкі. Але мы ж не закрыем іх тут, у нас не турма, а адкрытая краіна. Вось тыя, хто, так бы мовіць, застаўся, і зрабілі такую прыгажосць. І мы будзем гэта паказваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Адраджэнню гісторыка-культурнай спадчыны — сур'ёзная ўвага
Студэнт пятага курса гістарычнага факультэта Яраслаў Хомчанка выказаў думку аб неабходнасці больш актыўных дзеянняў з боку дзяржавы па аднаўленні помнікаў гісторыі і архітэктуры, прыцягненні да гэтага працэсу бізнесу. Паводле слоў Прэзідэнта, дзяржава надае сёння даволі сур'ёзную ўвагу адраджэнню гісторыка-культурнай спадчыны. «Так, мы маглі б аднавіць усе замкі за адну пяцігодку, але, на мой погляд, і гэта можа не спадабацца гісторыкам, што тут сядзяць, на цяперашнім этапе важней для тысяч шматдзетных сем'яў пабудаваць кватэры, чым з руін і попелу аднаўляць замкі», — адзначыў ён.
Кіраўнік дзяржавы згадзіўся з думкай, што да адраджэння гісторыка-культурнай спадчыны трэба больш актыўна працягваць бізнес, ствараць для яго адпаведныя льготы. «Па шэрагу індывідуальных праектаў мы ідзём на гэта. Але паверце, што прыватнікі не кінуліся аднаўляць замкі. На жаль, многія бізнесмены бачаць у гэтым толькі камерцыйны інтарэс. Таму, прадастаўляючы льготы на аднаўленне таго ці іншага сацыяльнага аб'екта, мы павінны вельмі дакладна агаворваць умовы, каб у выніку, будзе гэта замак, установа аховы здароўя або спартыўны аб'ект, ён адпавядаў свайму прызначэнню», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама паведаміў, што Беларусь працягвае весці перагаворы з Расіяй аб вяртанні ў краіну беларускіх культурна-гістарычных каштоўнасцяў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што зусім нядаўна гаварыў з Прэзідэнтам Расіі аб вяртанні Слуцкіх паясоў. «Перагаворы ідуць цяжка. Думаю, пытанне мы вырашым, і будзе прыклад вяртання гэтых каштоўнасцяў», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што ў Беларусі завяршаецца стварэнне лініі па вытворчасці Слуцкіх паясоў. «Гэта будуць сапраўдныя Слуцкія паясы, зробленыя па тэхналогіі таго часу», — адзначыў Прэзідэнт.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/prezident
[2] https://zviazda.by/be/aficyyna
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[4] https://zviazda.by/be/tags/magilyouski-dzyarzhauny-universitet-imya-aa-kulyashova