У сучаснай Беларусі робіцца шмат для захавання памяці аб ахвярах халакосту. Аб гэтым заявіў учора міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, які прыняў удзел у мітынгу ў памяць 70-годдзя знішчэння Мінскага гета, перадае БЕЛТА.
«У сучаснай Беларусі робіцца шмат для таго, каб захаваць памяць аб ахвярах халакосту. Мы не дапускаем ніякіх праяў антысемітызму, падтрымліваем вывучэнне яўрэйскай культуры і мовы. Мы стараемся аднаўляць значныя ў гісторыі яўрэйскага народа помнікі», — сказаў Уладзімір Макей.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства нагадаў, што Мінскае гета было адным з самых вялікіх у Еўропе, у ім знаходзілася каля 100 тыс. людзей. Менавіта тут фашысты пачалі рэалізацыю дактрыны па планамерным знішчэнні яўрэйскага насельніцтва. Для далейшай ліквідацыі сюды дастаўляліся вязні з Аўстрыі, Польшчы і іншых дзяржаў.
Паводле слоў Уладзіміра Макея, «Яма» — гэта не толькі помнік трагедыі, але таксама помнік подзвігу яўрэйскага народа. Многія вязні гета змагаліся за сваю свабоду. «Мы ганарымся тым, што беларусы ўспрынялі гора яўрэйскага народа як сваё ўласнае. З рызыкай для жыцця яны ратавалі ад немінучай гібелі тысячы яўрэяў», — адзначыў кіраўнік МЗС Беларусі. Ён таксама нагадаў, што за праяўлены гераізм 711 беларусаў удастоены высокага ганаровага звання «Праведнік народаў свету». «Тая вайна стала агульным горам і выпрабаваннем для нашых народаў, у ёй загінуў і кожны трэці яўрэй, і кожны трэці беларус. Наша агульная памяць — частка ўнікальнай гісторыі добрасуседскіх адносін паміж нашымі народамі, бясцэнны капітал, дзякуючы якому Беларусь была, ёсць і будзе агульным домам. У памяць аб загінулых ахвярах фашызму сёння мы павінны процістаяць любым праявам нацызму і рэлігійнай нецярпімасці. Нельга дапускаць скажэння праўды аб найвялікшай трагедыі мінулага», — падкрэсліў Уладзімір Макей.
У адпаведнасці з іўдзейскай традыцыяй кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства ўсклаў камень, дастаўлены з ваколіц Іерусаліма, да манумента ў памяць аб ахвярах гета.
Дырэктар бюро па сувязях з рускамоўнай яўрэйскай дыяспарай пры канцылярыі прэм'ер-міністра Ізраіля Наомі Бен-Амі ў сваю чаргу адзначыла, што ў якой бы краіне ні знаходзіўся або жыў чалавек, ён не павінен забываць найвялікшую трагедыю 20-га стагоддзя — халакост.
Мерапрыемствы да 70-годдзя знішчэння Мінскага гета прайшлі ў беларускай сталіцы 20-21 кастрычніка. У праграме — памятны вечар і жалобны мітынг, прыём у гонар былых вязняў гета і праведнікаў народаў свету, круглы стол па праблемах вывучэння і захавання памяці аб халакосце, экскурсія па яўрэйскіх мясцінах беларускай сталіцы, вечар дакументальнага кіно і іншыя мерапрыемствы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[3] https://zviazda.by/be/tags/belta
[4] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-makey
[5] https://zviazda.by/be/tags/minskae-geta
[6] https://zviazda.by/be/tags/naomi-ben-ami
[7] https://zviazda.by/be/tags/yama
[8] https://zviazda.by/be/tags/pravednik-narodau-svetu