Сёлета на рэспублiканскiм свяце хлебаробаў «Дажынкi» дэлегацыя Вiцебскага раёна была адной з самых шматлiкiх. Менавiта Вiцебскi край стаў пераможцам у адпаведным рэйтынгу. Сёння ў раёне ствараюць «залатое кола»: вакол абласнога цэнтра наводзяць еўрапейскi лоск i распрацоўваюць незвычайныя турыстычныя маршруты.
З гэтай нагоды наш карэспандэнт задаў старшынi Вiцебскага райвыканкама Руслану Фурашову тры пытаннi.
— Па традыцыi, да наступных «Дажынак» пачынаюць рыхтавацца адразу пасля папярэдняга свята хлебаробаў. Хто сёлета прадстаўляў раён на «Дажынках»?
— У складзе нашай дэлегацыi на сёлетнiх «Дажынках» былi сем чалавек. Гонару ўзяць удзел у свяце ўдастоiлiся два сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — ААТ «Рудакова» i «Альгоўскае», а таксама лепшыя механiзатары i камбайнеры. У гэтым годзе мы атрымалi 75 тысяч тон збожжавых пры сярэдняй ураджайнасцi 27,1 цэнтнера з гектара. Гэта, безумоўна, не рэкорд, бо былi нашмат лепшыя ўраджаi. Але ў агульным аб'ёме вытворчасцi сельскагаспадарчай прадукцыi па вобласцi наш раён займае адно з вядучых месцаў. Спецыялiзуемся на вытворчасцi малака, мяса, збожжа, бульбы, гароднiны. Ёсць цяплiчны камбiнат у адкрытым акцыянерным таварыстве «Рудакова», комплексы па вытворчасцi ялавiчыны ў ААТ «Лiпаўцы» i свiнiны ў фiлiяле «Лучоса» ААТ «Вiцебскi камбiнат хлебапрадуктаў», ААТ «Вiцебская бройлерная птушкафабрыка».
— Руслан Васiльевiч, на Вiцебшчыне актыўна рэалiзуецца праграма «Чыстыя палi». Што робiцца ў гэтым кiрунку ў вашым раёне?
— Вiцебскi раён — прыгарад абласнога цэнтра, i, зразумела, гэта абавязвае надаваць асаблiвую ўвагу навядзенню парадку. У раёне сярод iншых дзейнiчаюць дзве мелiярацыйныя арганiзацыi, якiя пастаянна займаюцца выдаленнем драўнiнна-хмызняковай раслiннасцi i павелiчэннем контуру землекарыстання. У вынiку гэты паказчык павялiчылi фактычна ў два разы.
— Каб убачыць нешта цiкавае, не абавязкова далёка ехаць. Чым, на ваш погляд, можа прывабiць турыстаў раён?
— У нас больш як 200 помнiкаў археалогii, у тым лiку 34 помнiкi археалогii, з iх 13 — рэспублiканскага значэння (гарадзiшчы ранняга жалезнага веку). У рэспублiканскi спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцяў уключаны 54 помнiкi гiсторыi i культуры раёна. Недалёка ад Вiцебска знаходзiцца маёнтак вядомага на ўвесь свет рускага мастака Iльi Рэпiна. У Вiцебскiм раёне, дарэчы, расце самая вялiкая сасна Беларусi — каля вёскi Сушчава. Яе дыяметр — 140 сантыметраў, вышыня — каля 30 метраў, а прыкладны ўзрост — 250 гадоў. Ёсць i iншыя ўнiкальныя месцы. I гэты патэнцыял трэба выкарыстоўваць.
Падрыхтаваў Аляксандр ПУКШАНСКI
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kultura-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/dazhynki
[6] https://zviazda.by/be/tags/ruslan-furashau
[7] https://zviazda.by/be/tags/aat-rudakova