Мы шмат разважалі ўжо з вамі аб акцыях, аблігацыях, валютах. Вызначалі, што з імі можна і трэба рабіць і як карыстацца. Аднак ёсць арганізацыя, без якой усё вышэйназванае не будзе мець ніякага сэнсу і карысці. Таму сёння разгледзім, што такое фондавая біржа.
Агульнае паняцце
Фондавая біржа — гэта аснова рынку каштоўных папер, установа, дзе ажыццяўляецца іх купля і продаж біржавымі пасярэднікамі (брокерамі, маклерамі). Можна сказаць, што гэта спецыяльна арганізаваны аўкцыён (іншымі словамі, продаж з публічных таргоў), пры якім каштоўныя паперы набываюцца асобай, што прапанавала найбольшую цану. Дзейнасць біржы накіравана на забеспячэнне неабходных умоў нармальнага абарачэння каштоўных папер, вызначэнне іх рынкавых коштаў і распаўсюджанне інфармацыі пра іх, падтрыманне высокага ўзроўню прафесіяналізму ўдзельнікаў рынку каштоўных папер.
Задачы фондавай біржы звычайна заключаюцца ў наступным: прадастаўленне цэнтралізаванага месца, дзе можа адбывацца як продаж каштоўных папер іх першым уладальнікам, так і другасны іх перапродаж; выяўленне раўнаважнай біржавой цаны; акумуляванне часова свабодных грашовых сродкаў і спрыянне перадачы права ўласнасці; забеспячэнне галоснасці, адкрытасці біржавых таргоў; забеспячэнне арбітражу (некалькі лагічна звязаных здзелак, накіраваных на атрыманне прыбытку з розніцы ў цэнах на аднолькавыя або звязаныя актывы ў адзін і той жа час на розных рынках (прасторавы арбітраж) альбо на адным і тым жа рынку ў розныя моманты часу (часавы арбітраж, звычайная біржавая спекуляцыя)); забеспячэнне гарантый выканання здзелак, заключаных у біржавой зале; распрацоўка этычных стандартаў, кодэкса паводзін удзельнікаў біржавога гандлю.
«Гандлёвая пляцоўка» Беларусі
У нашай краіне функцыі фондавай выконвае Беларуская валютна-фондавая біржа. Яна з'яўляецца гандлёвай пляцоўкай, якая абслугоўвае тры асноўныя сегменты арганізаванага фінансавага рынку Беларусі (валютны, фондавы і тэрміновы рынак), ажыццяўляючы наступныя віды дзейнасці: арганізацыя таргоў; клірынгавая (клірынг — безнаяўныя разлікі паміж краінамі, кампаніямі, прадпрыемствамі за пастаўленыя, прададзеныя адзін аднаму тавары, каштоўныя паперы і аказаныя паслугі, якія ажыццяўляюцца шляхам узаемнага заліку, зыходзячы з умоў балансу плацяжоў) і дэпазітарная дзейнасць; дзейнасць па арганізацыі сістэмы электроннага дакументазвароту, а таксама аказанне інфармацыйных паслуг. Акрамя гэтага, біржа ажыццяўляе функцыі па падтрыманні індыкатыўных каціровак па актывах, якія абарачаюцца па-за гандлёвай пляцоўкай, і выступае цэнтральным рэгістратарам інфармацыі аб здзелках з каштоўнымі паперамі, здзейсненых на пазабіржавым рынку.
Асноўная мэта дзейнасці біржы — садзейнічанне фарміраванню ў рэспубліцы паўнавартаснага арганізаванага фінансавага рынку, які адпавядае патрэбам яго ўдзельнікаў, прадастаўляе дзяржаве эфектыўныя рынкавыя механізмы рэалізацыі грашова-крэдытнай і бюджэтнай палітыкі, выканання ім кантрольных і рэгулятарскіх функцый. А для таго, каб фінансавы рынак краіны стаў паўнавартасным, патрэбна «ўключэнне» ў яго як мага большай колькасці ўдзельнікаў. Нагадаю, што кожны чалавек можа стаць такім удзельнікам. Для гэтага, напрыклад, трэба мець пэўную колькасць каштоўных папер і жаданне на іх зарабіць.
* * *
Чакаем вашых пытанняў пра карыстанне грашыма і ўсё, што з гэтым звязана. Вы можаце звяртацца на электронны адрас газеты: іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу з пазнакай «для аддзела эканомікі» ці па тэлефоне 8 017 292 38 02.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/uladzislau-kulecki
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/fondavaya-birzha
[5] https://zviazda.by/be/tags/gandlyovaya-plyacouka-belarusi