Здабыць электраэнергію, пабудаваць дом і многае іншае можна, калі даць бытавым адходам «другое жыццё». Як гэта зрабіць без шкоды для экалогіі і з фінансавай выгадай? Свой спосаб вырашэння праблемы прадставіў вучань сярэдняй школы № 118 г. Мінска Ягор Макарэвіч у праекце «Мадэрнізацыя сістэмы ўтылізацыі бытавых адходаў», які юнак прэзентаваў у рамках акцыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «100 ідэй для Беларусі».
— Ідэя праекта з'явілася год таму, калі я рыхтаваўся да навукова-практычнай канферэнцыі, — расказвае Ягор. — Вынікі даследавання па тэме ўтылізацыі бытавых адходаў пазней сталі асновай для далейшай працы і штуршком для развіцця задумак, якія я адстойваю сёння.
Усведамленне таго, што ён хоча займацца экалогіяй, прыйшло яшчэ ў 9 класе, на ўроку геаграфіі. Настаўніца Таццяна Уладзіміраўна Сакольчык, якая выкладае гэты прадмет, а зараз з'яўляецца кіраўніком праекта Ягора, дапамагла яму зарыентавацца ў выбары тэмы для навуковых даследаванняў. За зборам матэрыялу нават пра канікулы давялося забыцца!
Даследавалі працэсы перапрацоўкі смецця ў Беларусі, якія параўноўвалі з вопытам еўрапейскіх напрацовак у гэтай сферы.
— Наогул, калі ўзяць Беларусь, то ў нас перапрацоўваецца пакуль толькі 10 працэнтаў бытавых адходаў, у той час, як, да прыкладу, у Германіі гэтая лічба складае 60 працэнтаў, а ў Японіі — усе 90, — кажа Ягор.
Юнак прапануе будаваць перапрацоўчыя заводы з выкарыстаннем нямецкіх тэхналогій. Пралічыць эканамічную і экалагічную выгаду можна, зыходзячы з тых рэальных аб'ёмаў, якія падлягаюць перапрацоўцы. Тое ж шкло можа зноў і зноў «набываць новае жыццё».
А ўсё, што застанецца пасля перапрацоўкі, ёсць магчымасць перарабляць на біягаз. Для гэтага трэба будаваць біягазавыя заводы на палігонах. Праз спецыяльныя ўстаноўкі і турбіны біягаз можна перарабляць на электраэнергію. Як паказвае практыка еўрапейскіх краін, такі падыход дазваляе прадпрыемствам акупляць выдаткі на электрычнасць. Але не варта будаваць заводы, якія проста спальваюць адходы, бо ў такім выпадку яны — проста «печ для грошай», паколькі кошт фільтраў, патрэбных для такіх прадпрыемстваў, складае палову ад кошту самога завода. І пры гэтым яны патрабуюць замены праз кожныя 10-15 гадоў.
Таксама юнак прапануе будаўніцтва біядамоў. Гэта новы кірунак нават у сусветнай практыцы. Яго сутнасць у тым, каб будаваць дамы з перапрацаванага смецця, у тым ліку з адходаў звычайных будаўнічых матэрыялаў. Такое будаўніцтва дазволіць не толькі зрабіць уклад у захаванне экалогіі, але і сэканоміць грошы.
Можна будаваць дзясяткі і сотні заводаў, але варта не забываць і пра асабісты ўнёсак кожнага. Кажуць жа: «Хочаш змяніць свет — пачні з сябе». Ягор так і зрабіў падчас працы над сваім праектам. На працягу месяца па ініцыятыве юнага даследчыка ў школе адбываліся розныя мерапрыемствы экалагічнай тэматыкі, а потым праводзілася апытанне. І вынік сведчыў пра хоць і невялікі, але прагрэс. Дзеці ўжо больш ведалі пра праблемы экалогіі і шляхі іх вырашэння. Таму хлопец выступае за тое, каб у школе сістэматычна праводзіліся заняткі, пазакласныя гадзіны, якія дапамогуць вучням фарміраваць правільную пазіцыю па пытаннях захавання экалогіі.
Сёння без пяці хвілін выпускнік рэальна ацэньвае перспектыву свайго праекта: будзе ён рэалізаваны альбо не, залежыць ад таго, ці зацікавяцца ім гарадскія ўлады. Але не хоча, каб пра яго забылі.
А зараз Ягор займаецца падрыхтоўкай да паступлення ў ВНУ і прадумвае выбарную кампанію ў Мінскую моладзевую палату дэпутатаў. Кажуць, большая частка ідэй, якія прапаноўваюць там, рэалізуецца. Наш герой рашуча настроены адстойваць свае экалагічныя прапановы.
Алена ДРАПКО.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/yagor-makarevich
[4] https://zviazda.by/be/tags/madernizacyya-sistemy-utylizacyi-bytavyh-adhodau