Кажуць, што раёны Мiнска, як i людзi, маюць свае знешнiя характэрныя асаблiвасцi, свой уласны, адрозны ад iншых гiстарычны лёс. Мала таго, з кожным раёнам у мiнчанiна заўсёды звязаны пэўныя ўспамiны. Напрыклад, я ўсё дзяцiнства правёў у Першамайскiм, вышэйшую адукацыю атрымлiваў у Фрунзенскiм, а сваё шчасце напаткаў у Савецкiм раёне. А колькi яшчэ такiх, як я, закаханых, летуценных i шчаслiвых, шпацыравала i будзе шпацыраваць па сцежках уздоўж Цнянскага вадасховiшча, назiраючы за чырвона-фiялетавымi захадамi сонца, якiх больш нiдзе ў Мiнску не пабачыш... Шмат i тых, хто любiць праехацца на пустым вечаровым тралейбусе па вулiцы Багдановiча, мiнаючы кавалак прыватнай забудовы сталiцы, дзе ты адчуваеш сябе недзе далёка ад мiтуснi, скажам, плошчы Якуба Коласа. Многiх з жыхароў Мiнска, думаю, з Савецкiм раёнам звязваюць сябры, сваякi, каханыя. I хоць гэты раён знаходзiцца на поўначы сталiцы, ён цёплы i ўтульны. Ён настолькi адрознiваецца ад суседзяў, што гэта адчуваецца нават пры перасячэннi нябачнай яго мяжы: здаецца, што там жыццё больш павольнае. Можа быць, таму, што ў той бок ходзiць увесь транспарт, акрамя метро, якое дадае хуткасцi, але адбiрае душэўнасць.
Спадчына Радзівілаў і Ваньковічаў
Гісторыя Савецкага раёна бярэ свой пачатак з глыбокай старажытнасці. Гэта адзін з самых старых раёнаў Мінска, і яго гісторыя складае большую частку канцэпцыі гісторыі горада. У гісторыі раёна вызначыліся чатыры гістарычныя зоны — Залатая Горка, Камароўка, Старажоўка, Пярэспа.
Да рэвалюцыі Мінск быў падзелены на пяць паліцэйскіх участкаў. Тады ў горадзе межавалі некалькі слабод — Камароўка, Пярэспа, Старажоўка, Ляхаўка, Грушаўка і іншыя. Самым апошнім, запушчаным, пятым участкам быў той, дзе знаходзілася Камароўка. Да 1812 года вёска Камароўка належала роду Радзівілаў. Аднак пасля вайны з Напалеонам Камароўка па секвестры ад Радзівілаў перайшла да Ваньковічаў. З другой паловы ХІХ стагоддзя слабада была ўжо гарадской ускраінай і ўласнасцю памешчыка Ваньковіча. Камароўскія землі належалі яму і ў пачатку ХХ стагоддзя. У 1902-м Ваньковіч (ці, як яго называлі, «камароўскі павук») большую частку з 220 дзесяцін зямлі здаваў у арэнду.
Яшчэ ў ХІХ стагоддзі недарагія землі Камароўкі пачаў абжываць рамесны люд. Вуліцы ўяўлялі сабой вартае жалю відовішча: пасля дажджу яны ператвараліся ў суцэльнае месіва. «Праз Камароўку — паведамляў адзін з карэспандэнтаў у 1899 годзе, — штодня праходзіць да сотні вазоў і іншага, і ўсё гэта перацягваецца ледзь не ў гразі. Ноччу няма ніводнага ліхтара на ўсю Камароўку; і толькі агонь казённай крамы асвятляе вуліцу сажні на 2—3 кругам».
Нават у 50-я гады мінулага стагоддзя тут дастаткова было драўляных хат, небрукаваных вуліц, дзе-нідзе можна было сустрэць казу ці карову, якія пасвіліся каля драўлянага плоту. Але мала хто можа паверыць, што такое магло быць, гледзячы на сучасны горад, які зараз не сорамна паказаць любому еўрапейцу. І ўсё гэта пабудавана за 70 гадоў, а нават і за меншы тэрмін — за апошнія 20-30 гадоў. Савецкі раён стаў адной з найпрыгажэйшых частак беларускай сталіцы!
Аляксандр Пазняк: «Кожны павiнен адчуваць сябе годным чалавекам»
Дзе з'явiцца новы пяцiзоркавы атэль? Чаму ў Савецкiм раёне чакаюць «нараджальнага буму»? Калi будуць здадзены пратэрмiнаваныя навабуды? Аб гэтым i шмат чым iншым карэспандэнту «Звязды» распавёў кiраўнiк адмiнiстрацыi Савецкага раёна Мiнска Аляксандр Рыгоравiч Пазняк.
— У чым асаблiвасць вашага раёна ў параўнаннi з iншымi раёнамi сталiцы?
— На тэрыторыi раёна знаходзяцца i буйныя прамысловыя прадпрыемствы, i ВНУ высокага ўзроўню, якiя даюць высокаiнтэлектуальныя кадры. А гэта прадастаўляе нам магчымасць стварыць эканомiку кластарнага тыпу, што характарызуецца пэўным цыклам — ад зараджэння iдэi да навуковага абгрунтавання, пасля якога пачынаецца вытворчасць. Наколькi я ведаю, тыя iдэi, што ёсць ва ўнiверсiтэтах, пакуль не ўсе запатрабаваны. I мы хочам iх разгледзець, ацанiць i сапраўды iнавацыйным даць жыццё. Развiваць мы будзем тэхналагiчныя ўклады найвышэйшага ўзроўню — 5-га i 6-га (бiя- i нанатэхналогii). Магутнасцi цяперашнiх прадпрыемстваў для гэтага можа i не хапiць. Тады мы будзем шукаць iнвестараў пад канкрэтныя iдэi, каб яны гэта рэалiзавалi. I будуць з'яўляцца новыя прадпрыемствы. Чаму не? Тым больш што гэта будуць экалагiчныя вытворчасцi, якiя не трэба выносiць за мяжу горада. За 75 гадоў iснавання раён змянiўся да непазнавальнасцi. I ён не будзе прыпыняцца ў сваiм развiццi. Нягледзячы на вельмi шчыльную забудову, на яго тэрыторыi працягваюць з'яўляцца сучасныя гандлёвыя i дзелавыя цэнтры, актыўна развiваецца прамысловасць i сфера паслуг.
— Як працуе эканомiка раёна? Якiя прадпрыемствы i арганiзацыi вы можаце адзначыць?
— Эканамiчнай асаблiвасцю раёна з'яўляецца лiдзiруючае месца ў горадзе па ўзроўнi развiцця рознiчнай гандлёвай сеткi i значнае перавыкананне дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартаў у галiне гандлю i бытавога абслугоўвання. Асаблiвую значнасць гэта атрымлiвае напярэдаднi чэмпiянату свету па хакеi, калi горад чакае вялiкага наплыву турыстаў. Лiдзiруючыя пазiцыi па аб'ёме выручкi раёна маюць арганiзацыi рознiчнага i аптовага гандлю. У агульным аб'ёме выручкi горада раён займае 15%, у той час як у аб'ёмах вытворчасцi толькi 3,5%.
Рознiчная гандлёвая сетка Савецкага раёна прадстаўлена 475 крамамi агульнай гандлёвай плошчай больш за 100 тысяч квадратных метраў (з iх 115 харчовых, 360 нехарчовых), 1 рынак, больш за 200 аб'ектаў грамадскага харчавання на 10 тысяч пасадачных месцаў i амаль паўтысячы аб'ектаў бытавога абслугоўвання. Савецкi раён — гэта яшчэ i шмат гандлёвых цэнтраў. Iх у раёне 16. I гэта не мяжа. Сёлета за 9 месяцаў у раёне адкрылася 49 крам гандлёвай плошчай 2,8 тысячы квадратных метраў i 12 аб'ектаў грамадскага харчавання на 988 пасадачных месцаў. З iх 20 магазiнаў i 2 рэстараны — за кошт новага будаўнiцтва. Дарэчы, у чэрвенi адкрыўся рэстаран хуткага абслугоўвання «Лiдо» на вулiцы Кульман на 650 пасадачных месцаў. Рэстаран даў 420 працоўных месцаў. Удзельная вага тавараў айчыннай вытворчасцi ў рэстаране па вынiках II квартала 2013 года склала больш за 70%. У вераснi адкрыўся рэстаран кiтайскай кухнi «Хан» на вулiцы Сурганава на 100 пасадачных месцаў.
— Цi такiм жа бурным з'яўляецца развiццё прамысловасцi?
— Прамысловая вытворчасць раёна прадстаўлена прадпрыемствамi машынабудавання, палiграфiчнай, лёгкай i харчовай прамысловасцi i прадпрыемствамi, што вырабляюць розную апаратуру, — ад высокадакладных дазiметрычных прыбораў да абсталявання сувязi i спецтэхнiкi для аснашчэння ўзброеных сiл. Кожнае трэцяе прадпрыемства раёна выпускае iнавацыйную прадукцыю. I лакаматывам у раёне, вядома, з'яўляецца холдынг «Амкадор». Гэта прадпрыемства, якое мае на мэце глабальную мадэрнiзацыю i пастаяннае пашырэнне сваёй прысутнасцi на знешнiх рынках. Сёння «Амкадор» — гэта вядучае прадпрыемства машынабудаўнiчага комплексу краiны, а 85 гадоў таму пачыналася яно з працоўнага калектыву для вытворчасцi цацак i вырабаў з лазы. Тэхнiка прадпрыемства экспартуецца больш чым у 30 краiн свету. Больш за 50 дыстрыб'ютараў i дылераў у краiнах СНД i далёкага замежжа займаюцца яе рэалiзацыяй. Машыны «Амкадор» унiкальныя тым, што больш за 65% дэталяў выпускаюцца прадпрыемствамi холдынга. Далёка не кожны холдынг сёння можа прадэманстраваць такi ўзровень кааперацыi, адзiную збытавую сiстэму i галоўнае — фармiраванне высокапрафесiйнага калектыву. Такое прадпрыемства — гонар раёна i прыклад развiцця для iншых.
— Цi хапае ў раёне працоўных месцаў? Можа быць, ёсць недахоп у нейкiх кадрах?
— Як я ўжо казаў, у нас шмат тэхналагiчных вытворчасцяў, якiя патрабуюць высокаквалiфiкаваных кадраў. Таму токары, слесары высокага разраду i iнжынерныя работнiкi — гэта самыя запатрабаваныя спецыяльнасцi на прамысловых прадпрыемствах раёна. Акрамя таго, сур'ёзны дэфiцыт кадраў адчуваюць i нашы медыцынскiя ўстановы, таму ў раёне, як i ў цэлым па горадзе, застаецца праблемай выкананне сацыяльных стандартаў па забяспечанасцi ўчастковымi ўрачамi i педыятрамi на тысячу жыхароў (у нас 1 урач на 1990 жыхароў, пры нарматыве 1 урач на 1300 жыхароў).
— А як з сацыяльным бокам? У чым заключаецца клопат раёна ў дачыненнi да жыхароў?
— Прынцып любога кiраўнiка павiнен быць просты: неабходна стварыць чалавеку такiя ўмовы, каб яму ранiцай хацелася iсцi на працу, а пасля працы вяртацца дадому. Па-першае, на працоўным месцы павiнен быць заключаны максiмальна эфектыўны для работнiка калектыўны дагавор — дадатковыя днi да адпачынку, матэрыяльная дапамога, магчымасць наведвання культурных мерапрыемстваў. Вось праходзяць у нас канцэрты i выступленнi — важна, каб чалавек мог iх наведаць. Трэба, каб кожны адчуваў сябе не «працоўным конiкам», а годным чалавекам. Па-другое, патрэбна, каб гарадская тэрыторыя была зручнай i ўтульнай. Чалавек павiнен iсцi па вулiцы i не баяцца прамачыць ногi цi выпацкацца ў гразь. Гэта таксама наш клопат. Як i тое, каб чалавек меў свой дом. Гэта дрэнна, што ёсць дамы са звышнарматыўнай здачай. Мы сiтуацыю кантралюем, i праблема будзе вырашана ў найблiжэйшыя месяцы. Першы дом будзе здадзены ў лiстападзе — на Лагойскiм тракце, 21.
— У якiм стане ўвогуле сiтуацыя з жыллёвым будаўнiцтвам? Цi шмат людзей мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў?
— Тэрыторыя нашага раёна адрознiваецца высокай шчыльнасцю забудовы i адсутнасцю свабодных пляцовак (дзе не трэба знасiць iндывiдуальныя жылыя дамы) для будаўнiцтва новых аб'ектаў. Аднак у раёне вядзецца будаўнiцтва больш за сотню розных аб'ектаў, у тым лiку 25 жылых дамоў. Усяго сёлета ўведзена ў эксплуатацыю 37,5 тысячы квадратных метраў жылля (сярод iх як шматкватэрныя, так i iндывiдуальныя дамы). У гэты час на ўлiку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў знаходзiцца 21740 сямей (грамадзян). З iх 1869 маюць права на будаўнiцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай у выглядзе льготнага крэдыту цi аднаразовай субсiдыi, а 64 — на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду.
— Як развiваецца iнфраструктура раёна (новыя школы, гандлёвыя i забаўляльныя аб'екты i гэтак далей)?
— Сёлета iдзе рэканструкцыя гандлёвых радоў пад шматфункцыянальны цэнтр на Лагойскiм тракце, будаўнiцтва магазiна па продажы харчовых i прамысловых тавараў па вулiцы Куйбышава, рэканструкцыя басейна ў вучэбным корпусе БНТУ на вулiцы Б. Хмяльнiцкага, будаўнiцтва шматузроўневай аўтастаянкi па вулiцы Гамарнiка i гэтак далей. Згодна з Генеральным планам забудовы Мiнска i карэкцiроўкай дэталёвага плана тэрыторыi вулiц Шырокай — Лагойскага тракта, вулiц Лук'яновiча — Гала — Алешава — Багдановiча, на працягу пяцi—дзесяцi гадоў будзе пабудавана палiклiнiка ў раёне вулiцы Гала i Мелiяратыўнага завулка. Разлiчана яна будзе на прыём 850 наведвальнiкаў у змену. А ў межах вулiц Усходняй — Алешава — Палiграфiчнай плануецца пабудаваць школу i дзiцячы садок.
— Тыя, хто жыве недалёка ад Лагойскага тракта, часта скардзяцца на адсутнасць добрай дарожнай развязкi на перакрыжаваннi Лагойскага тракта i вулiцы Карбышава: там пастаянна бываюць вялiкiя заторы. А нядаўна, наколькi я ведаю, там сталi будаваць яшчэ i раздзяляльную паласу, якая забярэ кавалак дарогi. Калi сiтуацыя будзе выпраўлена i навошта будуецца гэтая паласа?
— Гэтая раздзяляльная паласа будуецца з мэтай змяншэння затораў па вулiцы Гамарнiка (цотная) на перакрыжаваннi з Лагойскiм трактам, якiя ўзнiкаюць з-за транспарту, што выязджае налева з мясцовага праезду вулiцы Мiрашнiчэнка ў бок Лагойскага тракта. Раздзяляльная паласа будуецца i з мэтай павелiчэння бяспекi дарожнага руху пешаходаў, якiя пераходзяць вулiцу Гамарнiка, бо яны вымушаны пераадольваць шэсць палос руху транспартных сродкаў.
— Якая дэмаграфiчная сiтуацыя? Ваш раён «маладзее» цi «старэе»?
— Па вынiках 9 месяцаў 2013 года паказчык смяротнасцi насельнiцтва раёна застаўся на ранейшым узроўнi i склаў 10,5 на 1000 чалавек. У сваю чаргу, паказчык нараджальнасцi склаў 9,6 на 1000 чалавек (нарадзiлася 1149 дзяцей), што нiжэй за ўзровень аналагiчнага перыяду 2012 года на 0,1. У раёне за 9 месяцаў 2013 года зарэгiстравана 947 шлюбаў (на 8,7% больш за адпаведны перыяд 2012 года). Гэтак жа адзначана знiжэнне на 18,8% колькасцi разводаў (за 9 месяцаў 2013 — 420, за 9 месяцаў 2012 — 517). А ў будучынi мы чакаем «нараджальны бум». Бо стараемся стварыць для людзей такiя ўмовы, каб яны адчувалi ўпэўненасць у заўтрашнiм днi. Тады нашым жыхарам не страшна будзе нарадзiць дзiця. Я ўвогуле лiчу, што канчатковая мэта нашай працы — павелiчэнне колькасцi дзiцячых калясак у раёне. Ад гэтага тут стане яшчэ прыемней жыць.
— Цi ёсць у планах раёна рэалiзацыя якiх-небудзь амбiцыйных праектаў (эканамiчных, будаўнiчых цi яшчэ якiх)?
— У планах раёна — рэалiзацыя значнага для горада праекта па рэканструкцыi на плошчы Якуба Коласа будынка былога Палiграфкамбiната, якi прадугледжвае будаўнiцтва гасцiнiчнага комплексу. Плануецца, што праект будзе рэалiзоўваць замежнае прадпрыемства «Мiнск Прынцэс Атэль», якое пабудавала атэль «Краўн Плаза». Гэта будзе пяцiзоркавы атэль у будынку (апошнi, дарэчы, з'яўляецца помнiкам архiтэктуры), якi будзе прапаноўваць шырокi спектр паслуг высокай якасцi i камфорту гасцям сталiцы. У нас мала гасцiнiц i няма аб'ектаў такога высокага ўзроўню. Гэта дасць i штуршок для новага этапу развiцця турызму ў раёне. А яшчэ вельмi хацелася б аднавiць парк Дружбы народаў. Лiчу, што гэтае месца можа стаць прывабным не толькi для жыхароў раёна, але i для мiнчан у цэлым.
Матэрыялы паласы падрыхтаваў Уладзiслаў КУЛЕЦКI.
Эканамічная аснова
Жыццё Савецкага раёна пачалося 17 сакавіка 1938 года, калі Пастановай ЦВК БССР у сталіцы быў утвораны Варашылаўскі гарадскі раён, у 1961-м ён быў перайменаваны ў Савецкі. У ім дзіўным чынам спалучаюцца спакойная мудрасць старога горада і сучасная планіроўка новабудоўляў, моц прамысловых прадпрыемстваў і маладая энергія навучальных устаноў, сівыя легенды мінулага і заўтрашні дзень.
Прамысловасць
Савецкі раён быццам валодае эліксірам маладосці. Нягледзячы на свой узрост і шчыльнасць забудовы, ён актыўна расце і абнаўляецца. Камароўскае балота (а цяпер плошча Якуба Коласа) калісьці было ўскраінай Мінска. Зараз гэтае месца трапляе ў топ-ліст самых папулярных куткоў сталіцы. Асновай развіцця дзяржавы, гарантыяй яго незалежнасці, умовай стабільнасці з'яўляецца рэальны сектар эканомікі. Ён забяспечвае матэрыяльную жыццяздольнасць грамадства, стварае ўмовы для развіцця чалавека і соцыуму ў цэлым. Сёння прамысловы комплекс раёна — гэта больш за тры дзясяткі асноўных прадпрыемстваў. Найбольш буйнымі па-ранейшаму застаюцца ААТ «Амкадор» — кіруючая кампанія холдынга», ААТ «Мінскае вытворчае аб'яднанне вылічальнай тэхнікі», РУП «Выдавецтва «Беларускі Дом друку» і іншыя. Прадукцыя шматлікіх прамысловых прадпрыемстваў Савецкага раёна вядомая далёка за межамі краіны. Прыярытэтным кірункам развіцця прамысловасці застаецца мадэрнізацыя дзейных вытворчасцяў. Гэта дазваляе выпускаць канкурэнтаздольныя на сусветных рынках тавары, ствараць новыя віды прадукцыі, якія забяспечваюць імпартазамяшчэнне і нарошчванне экспарту, прыцягненне інвестыцый у асноўны капітал.
Навука
Для Савецкага раёна характэрны высокі навукова-вытворчы патэнцыял і статус аднаго з высокаадукаваных раёнаў. Тут функцыянуе 9 навукова-даследчых і праектных інстытутаў. У тым ліку рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Навукова-даследчы інстытут электронных вылічальных машын», якое з'яўляецца адным з вядучых прадпрыемстваў радыёэлектроннай галіны рэспублікі, ААТ «Мінскі навукова-даследчы прыборабудаўнічы інстытут», які распрацоўвае вырабы, прызначаныя для шырокага прымянення пры вымярэннях розных фізічных велічынь у галінах прамысловасці, энергетыкі, на транспарце і ў іншых.
Гандаль
У апошні час значна змяніўся спажывецкі попыт, павысіліся патрабаванні да культуры абслугоўвання, якасці тавараў і паслуг. Адпаведна, павялічыўся прыток пакупнікоў у арганізаваныя гандлёвыя сеткі. Сёння ў Савецкім раёне функцыянуе 16 гандлёвых цэнтраў і больш за 400 магазінаў. Адпачыць ад будняў, смачна паесці жыхары і госці сталіцы могуць ва ўтульных сучасных рэстаранах, кавярнях, барах, якіх налічваецца больш за 200. Сярод іх асаблівай папулярнасцю карыстаецца рэстаран хуткага харчавання «Лідо».
Візітная картка Савецкага раёна — ААТ «ЦУМ-Мінск». 5 лістапада 1964 года будаўнікі ўручылі сімвалічны залаты ключ першаму дырэктару ЦУМа Івану Іванавічу Каленніку. Сёння ЦУМ — гэта найбуйнейшае гандлёвае прадпрыемства Беларусі, дзе можна набыць тавары як для асабістага карыстання, так і для дома і сям'і.
«Мінскі Камароўскі рынак» даўно і заслужана называюць галоўным харчовым рынкам краіны. Унікальны крыты павільён, своеасаблівы па сваёй архітэктуры, пабудаваны ў 1980 годзе, займае плошчу каля 5 гектараў. Толькі агульная гандлёвая плошча рынку складае больш за 30 тысяч кв.м. Будынак такога кшталту (прычым адзіны ў Еўропе) з'яўляецца помнікам архітэктуры і горадабудаўніцтва, ахоўваецца дзяржавай. Абноўленая побач з рынкам плошча, з фантанам і скульптурамі вядомага мінскага майстра Уладзіміра Жбанава, стала неад'емнай часткай аблічча сталіцы. Мінчане і госці горада вельмі любяць гэтае месца побач з рынкам, дзе можна адпачыць на лаўцы каля фантана і пафатаграфаваць усю сваю сям'ю.
«Студэнцкі» раён
У Савецкім раёне знаходзяцца тры вышэйшыя навучальныя ўстановы, сярод якіх найбуйнейшы ў рэспубліцы Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Створаны ў 1920 годзе на базе політэхнічнага вучылішча, ён стаў з часам цэнтрам падрыхтоўкі інжынерных кадраў і архітэктараў. ВНУ мае статус базавай арганізацыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў па вышэйшай тэхнічнай адукацыі.
Вядучай ВНУ ў галіне сучасных інфармацыйных тэхналогій з'яўляецца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навуковыя школы БДУІР з'яўляюцца прызнанымі лідарамі айчыннай і сусветнай навукі ў галіне інфарматыкі і радыёэлектронікі, што дазваляе ажыццяўляць падрыхтоўку кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, паспяхова развіваць фундаментальныя і прыкладныя даследаванні.
Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь — адна з самых прэстыжных ВНУ ўніверсітэцкага тыпу нашай краіны. За больш чым паўвекавую гісторыю ў сценах Акадэміі МУС падрыхтаваны тысячы афіцэраў-юрыстаў.
Культура і спорт
Культурным цэнтрам горада з'яўляецца Беларуская дзяржаўная філармонія, у якой працуюць заслужаныя калектывы, вядомыя далёка за межамі Беларусі: дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, харэаграфічны ансамбль «Харошкі», дзяржаўны камерны хор, акадэмічная харавая капэла імя Р.Р. Шырмы, ансамблі «Купалінка» і «Песняры», акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча і іншыя.
А кінатэатр «Кастрычнік» — адзін з самых наведвальных у сталіцы, які падчас правядзення фестывалю «Лістапад» становіцца своеасаблівым цэнтрам кінамастацтва.
Сучасная спартыўна-аздараўленчая база і наяўнасць прафесійных кадраў дае магчымасць праводзіць спартыўныя святы для жыхароў і прадстаўнікоў усіх прадпрыемстваў раёна. Гэта больш за 272 спартыўныя збудаванні, сярод якіх фізкультурна-аздараўленчы цэнтр «Алімп», шматфункцыянальны стадыён па вуліцы Гамарніка, спартыўныя цэнтры «Атлет», «Татэм», лепшыя ў рэспубліцы спартыўныя комплексы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Сістэма аховы здароўя Савецкага раёна прадстаўлена:
- адзінаццаццю дзяржаўнымі ўстановамі аховы здароўя — «Гарадская клінічная інфекцыйная бальніца», «1-ы гарадскі супрацьтуберкулёзны дыспансер», «34-я цэнтральная раённая клінічная паліклініка Савецкага раёна г. Мінска», «13-я гарадская паліклініка», «30-я гарадская паліклініка», «33-я гарадская студэнцкая паліклініка», «1-я гарадская дзіцячая паліклініка», «17-я гарадская дзіцячая клінічная паліклініка», «11-я гарадская клінічная стаматалагічная паліклініка», ААТ «Медыцынская ініцыятыва», КУП «Клінічны цэнтр пластычнай хірургіі і медыцынскай касметалогіі г. Мінска»;
- дзвюма ведамаснымі ўстановамі — ДУ «432 ордэна Чырвонай Зоркі Галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь», ДУ «Рэспубліканскі шпіталь МУС Рэспублікі Беларусь»;
- трыма буйнымі камерцыйнымі медыцынскімі цэнтрамі — УП «Медыцынскі цэнтр «Нардзін», ТАА «ЛАДЭ», «Цэнтр рэпрадуктыўнай медыцыны»;
- сямнаццаццю дзяржаўнымі аптэкамі і больш чым чатырма дзясяткамі камерцыйных;
- Цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі Савецкага раёна г. Мінска.
Дарэчы
34-я цэнтральная раённая клінічная паліклініка — адна з першых устаноў амбулаторна-паліклінічнага тыпу, якая практычна цалкам інфарматызавана: ахоп лакальнай сеткай складае 95%, а таксама гэта першая ўстанова аховы здароўя не толькі ў Мінску, але і ў рэспубліцы, дзе ўпершыню быў усталяваны інфакіёск з медыцынскім праграмным забеспячэннем. У 2011 годзе паліклініка выступіла ініцыятарам ідэі заказу талонаў у паліклініку праз інтэрнэт. Сістэма была запушчана ў тым жа годзе і адразу стала карыстацца папулярнасцю сярод пацыентаў. Сведчаннем таму служыць масавая ўстаноўка гэтай сістэмы сярод усіх астатніх устаноў аховы здароўя сталіцы, а таксама ўсёй краіны. Як працяг развіцця ў гэтым кірунку, у 2012 годзе запрацавала сістэма выкліку ўрача на дом праз інтэрнэт.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[2] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[3] https://zviazda.by/be/tags/ploshcha-yakuba-kolasa
[4] https://zviazda.by/be/tags/spadchyna-radzivilau-i-vankovichau
[5] https://zviazda.by/be/my-razam-belarus