Цукровы дыябет развіваецца не ад салодкага. Дакладней, не толькі ад салодкага. Тут асаблівае значэнне мае каларыйнасць нашай ежы і, адпаведна, прыбаўка ў вазе. Што да салодзенькага, то як жа наогул без яго? Гэта, што называецца, «гармоны радасці». З іншага боку, рафінаваныя вугляводы — цукеркі, булачкі, пячэнне — ніколі не адносіліся да здаровага харчавання.
Цукровы дыябет — гэта група метабалічных захворванняў (цукровы дыябет 1 тыпу, цукровы дыябет 2 тыпу, іншыя спецыфічныя тыпы, гестацыйны цукровы дыябет), для якіх характэрна гіперглікемія (пастаянна павышаны ўзровень глюкозы ў крыві) як вынік дэфекту выпрацоўкі інсуліну. Хранічная гіперглікемія суправаджаецца пашкоджаннем розных органаў і сістэм. У пацыентаў з цукровым дыябетам павышаецца рызыка развіцця ішэмічнай хваробы сэрца, інфаркту міякарда, артэрыяльнай гіпертэнзіі, хранічнай ныркавай недастатковасці, гангрэны ніжніх канечнасцяў, страты зроку.
Як ставіцца дыягназ?
1. У выніку двухразовага значэння ўзроўню глюкозы ў капілярнай крыві раніцай нашча звыш 6,1 ммоль/л (у плазме — звыш 7 ммоль/л).
2. У выніку двухразовага значэння ўзроўню глюкозы ў капілярнай крыві (плазме) на працягу сутак — звыш 11,1 ммоль/л.
3. У спрэчных выпадках мэтазгодна правядзенне пераральнага тэста талерантнасці да глюкозы.
4. Для выяўлення цукровага дыябету 2 тыпу вызначаецца паказчык глікіраванага гемаглабіну, значэнні якога пры двухразовым даследаванні звыш 6,5 працэнта сведчаць аб наяўнасці захворвання.
— Выкарыстоўваецца ў нас і сутачнае манітарыраванне, — кажа галоўны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Ала ШАПЯЛЬКЕВІЧ. — Спецыяльны датчык на працягу 72 гадзін і нават шасці дзён фіксуе кожныя 5 хвілін, у тым ліку і ў начны час, узровень глікеміі. Пры гэтым важна пазначаць, якія прадукты ўжываюцца, якой была фізічная актыўнасць. Сучасныя віды інсулінаў і аналагі інсулінаў прызначаюцца на льготнай аснове толькі пасля менавіта такога пацвярджэння глікемічных рэакцый...
Цукровы дыябет 1 тыпу развіваецца пераважна ў дзіцячым і юнацкім узросце. Пры гэтым тыпе дыябету спыняецца выпрацоўка інсуліну — жыццёва важнага гармону, і ў хворага з'яўляюцца выражаная смага, сухасць у роце, пачашчанае мочаспусканне, страта вагі. Адсутнасць неабходнай меддапамогі пагражае дыябетычнай гіперглікемічнай кетаацыдатычнай комай.
Не верце інтэрнэту, які можа прапанаваць тысячу і адзін спосаб лячэння. Лячэнне дыябету 1 тыпу — гэта толькі замяшчальная інсулінатэрапія!
Цукровы дыябет 2 тыпу развіваецца, як правіла, у дарослых, але можа выяўляцца нават у дзяцей. Пры гэтым тыпе ўласны інсулін выпрацоўваецца, але за кошт неадчувальнасці клетак да яго дзеяння фарміруецца павышаны ўзровень глікеміі. Паколькі цукровы дыябет 2 тыпу не мае яркіх сімптомаў, распрацавана методыка скрынінгу. Асноўнымі групамі правядзення скрынінгу ў гэтым выпадку з'яўляюцца:
-мужчыны і жанчыны пасля 45 гадоў;
-пацыенты з метабалічным сіндромам, нарастаннем масы цела (+3-5 кг за апошні месяц);
-жанчыны з атлусценнем і сіндромам полікістозных яечнікаў;
-жанчыны з гестацыйным цукровым дыябетам;
-пацыенты з сасудзістымі катастрофамі (інфаркт міякарда, інсульт).
Даказаныя фактары рызыкі развіцця
цукровага дыябету 2 тыпу:
— генетычная схільнасць (дыябет у блізкіх сваякоў),
— парушэнні ў харчаванні (недахоп агародніны і садавіны),
— лішняя вага (аб'ём таліі ў мужчын — звыш 94 см, у жанчын — 80 см),
— гіпадынамія (менш за 30 хвілін фізічнай актыўнасці ў дзень),
— хранічны стрэс,
— курэнне, злоўжыванне алкаголем.
Факты сведчаць аб больш высокай распаўсюджанасці парушэння талерантнасці да глюкозы і цукровага дыябету 2 тыпу сярод людзей з атлусценнем, а таксама аб спрыяльным уплыве зніжэння вагі на паказчыкі вугляводнага абмену ў хворых. Рацыянальнае харчаванне і павышэнне фізічнай актыўнасці папярэджваюць цукровы дыябет 2 тыпу ў асоб з высокай рызыкай развіцця захворвання.
Усе пацыенты атрымліваюць лячэнне таблетаванымі цукразніжальнымі прэпаратамі і генна-інжынернымі інсулінамі чалавека. У краіне дзейнічае 227 школ цукровага дыябету, 13 кабінетаў «Дыябетычная ступня».
Святлана БАРЫСЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/zdaroue
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/glikemiya