Бываюць такія вершы: іх чытаеш, і адчуванне поўнай сугучнасці з тваім настроем альбо думкамі. Бываюць такія зборнікі вершаў, што час толькі адцяняе гармонію слоў, звернутых у вечнасць. У беларускай культуры адзін з такіх зборнікаў належыць паэту Максіму Багдановічу. Невялічкая кніга, чытаючы якую можна лепш зразумець сябе, жыццё, пачуцці, якія яно дорыць, і наогул свет, дзе ёсць месца кожнаму народу.
Сёлета роўна сто гадоў, як выйшла «кніга з друкарні пана Марціна Кухты». 100 гадоў з таго часу, калі «Вянок» нібыта каранаваў вялікую справу: сведчыў пра народ, у якім ствараюцца высокія ўзоры прыгожага пісьменства.
У музеі Максіма Багдановіча 100 годдзе выхаду зборніка «Вянок» было адзначана сведчаннямі навукоўцаў і даследчыкаў пра яго важнасць і нават актуальнасць — да гэтага часу.
— Сапраўды, можна здзіўляцца: адкуль у маладога чалавека такія глыбокія думкі? Дзе ён браў тую энергію, якая выходзіла з яго вершаў, якія сёння хвалююць? — гаворыць Таццяна ШЭЛЯГОВІЧ, дырэктар музея. — Максім Багдановіч, магчыма, варты таго, каб пра яго напісалі асобную кнігу «Код Багдановіча», якая б нам усім дапамагла разгадаць таямніцу яго таленту і неверагоднай паэтычнай шчырасці. І калі б кожны прыняў бы гэты код да кіраўніцтва, я думаю, што мы, беларусы, шмат у чым бы дасягнулі вышынь і нават перасягнулі іншыя народы ў сваім нацыянальным будаўніцтве. Але мы захоўваем памяць пра паэта, папулярызуем яго творчасць дзеля таго, каб больш людзей зразумела, адчула, палюбіла яго паэзію і тым самым ганарылася гэтым чалавекам як сынам Беларусі. Нам шмат у чым дапамагаюць архіўныя зборы. Усё-такі музей ствараўся зусім нядаўна: 30 гадоў — невялікі ўзрост для такой установы. Але ён стварыўся дзякуючы таму, што ў свой час парупіліся супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры (у 30 я гады мінулага стагоддзя), калі стваралі архівы матэрыялаў пра Максіма Багдановіча, калі рыхтавалі 3 томнае выданне поўнага збору твораў паэта (на жаль, выйшлі толькі 2 тамы). Але ў архівах і цяпер ёсць матэрыялы, рукапісы Багдановіча, якія б хацелася мець нашаму музею.
Але нават адна кніга, адзін зборнік можа стаць крыніцай натхнення, пачуцця, думак. І глебай для сур'ёзных навуковых даследаванняў, якія праводзіліся ў музеі Максіма Багдановіча. Нездарма канферэнцыя, прысвечаная 100 годдзю выдання зборніка «Вянок», атрымала назву «Кніга новага жыцця». Інфармацыйным партнёрам яе правядзення стаў Выдавецкі дом «Звязда». Намеснік дырэктара вышэйназванай установы, галоўны рэдактар часопіса «Нёман» Алесь БАДАК нагадаў:
— У 2012 годзе ў рэдакцыйна-выдавецкай установе «Літаратура і мастацтва» выйшла кніга, якая называлася «Максім Багдановіч вядомы і невядомы». Мне здаецца, што гэтая назва сімвалічная. Таму што Багдановіча мы ведаем і любім з дзяцінства, любім яго «Слуцкія ткачыхі», лірычныя вершы. Але ён і невядомы, таму што Багдановіч — гэта планета, на якой нам і нашым нашчадкам яшчэ шмат адкрываць і адкрываць, знаходзіць на гэтай планеце нешта новае і вельмі каштоўнае. І кожнае новае пакаленне будзе адкрываць для сябе новага Багдановіча, сучаснага яго думкам, настрою. Невядомы і таму, што насамрэч цяжка ўявіць: вершы, якія склалі «Вянок», напісаны чалавекам, якому было 17, 18, 19 ці 20 гадоў! Калі беларуская літаратура, паэзія ў той час звярталася да беларускага селяніна, Багдановіч паглядзеў на Еўропу: ён хацеў, каб Беларусь займала годнае месца, была такой, як іншыя краіны свету… Чым больш часу аддаляе нас ад Багдановіча, тым большую каштоўнасць набывае ўсё тое, што звязана з ім.
Пра ролю паэта Максіма Багдановіча гаварыў Аляксандр ЛУКАШАНЕЦ, першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, прафесар:
— Узгадаем вядомыя словы з санета Багдановіча: «Паміж пяскоў егіпецкай зямлі…» У радках паэта — вялікая любоў і пашана да беларускай культуры і гісторыі, вера ў яго здольнасці і надзея на будучае. Гэтыя радкі былі надзвычай актуальныя ў пачатку ХХ стагоддзя, калі ішло актыўнае фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Пафас гэтых радкоў захоўвае сваю актуальнасць і сёння, на пачатку ХХІ стагоддзя, калі наша краіна будуе сваю незалежнасць, імкнецца дастойна ўвайсці ў сусветную супольнасць, з нацыянальна адметным тварам. Божы дар паэтычнага слова запаліў у душы паэта вялікую любоў да роднага краю, да беларускага слова, да беларускага народа… Плён яго творчай спадчыны зрабіў вялікі ўплыў на беларускі літаратурны працэс ХХ стагоддзя і прыцягвае ўвагу даследчыкаў на пачатку ХХІ стагоддзя. Бог даў Максіму Багдановічу незвычайны паэтычны талент, але адмераў яму вельмі кароткае зямное жыццё. Як горкаўскі Данка аддаў сваё палаючае сэрца, Максім Багдановіч ўсе сілы свайго паэтычнага дару аддаў беларускаму народу. Ён пашырыў дыяпазон беларускай паэзіі ад «сахі і касы» да самай глыбокай і высокай грамадзянскай і інтымнай лірыкі, вывеў беларускую літаратуру на сусветны ўзровень. Сёння яго «Слуцкія ткачыхі», «Пагоня», «Зорка Венера», «Вераніка» і іншыя вершы не толькі застаюцца хрэстаматыйнымі творамі беларускай літаратуры, але па праве лічацца шэдэўрамі сусветнага значэння. Разам з Янкам Купалам і Якубам Коласам Максім Багдановіч выступіў стваральнікам беларускай літаратуры і беларускай мовы новага часу, пачаў распрацоўку складаных вершаваных формаў, шырока распрацоўваў практыку мастацкага перакладу замежных твораў на беларускую мову, узнаўляў на нацыянальнай глебе творы антычных, рускіх і заходнееўрапейскіх аўтараў… Шчаслівы і вялікі народ, які мае сусветна вядомых майстроў прыгожага пісьменства. Вялікім з'яўляецца і назаўсёды застанецца беларускі народ, таму што ў яго былі, ёсць і будуць такія волаты мастацкага слова, як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч. Вялікім ён застанецца і таму, што былі, ёсць і будуць людзі, якія даследуюць і зберагаюць творчую спадчыну.
Аднак на канферэнцыі прагучалі словы і пра значэнне творчасці Багдановіча для іншых народаў. У прыватнасці, прафесар Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя І. Франко Раман Лубкіўскі даслаў цёплае прывітанне ўдзельнікам канферэнцыі, у якім параўнаў «Вянок» са зборнікамі такога маштабу, як «Кабзар» Тараса Шаўчэнкі», «З вершин и низин» Івана Франко. Паводле слоў прафесара: «Паэтычны маніфест юнага Максіма быў пачуты не толькі ў родным народзе, але яго танальнасць была пачута Украінай. Пачута і агучана, высока адзначана і інтэрпрэтавана. І сёння краса і сіла ўваскрэслага з мёртвых беларускага слова дапамагае майму народу годна выстаяць у барацьбе за месца ў сям'і еўрапейскіх народаў. Мы не самотныя, бо кнігу маем з рук ікара беларускай паэзіі».
«Вянок» Максіма Багдановіча прыйшоў да ўкраінскага народа і быў перакладзены на ўкраінскую мову. Пра гэта распавядаў прафесар Вячаслаў РАГОЙША:
— Украінскі «Вянок» — гэта не калька беларускага «Вянка», а зусім іншы зборнік, хоць і называўся так. У прадмове да «Вянка» перакладчык Міхайла Драй-Хмара задае пытанне: чаму мы Багдановіча, а не кагосьці іншага перасадзілі ў першую чаргу на ўкраінскі грунт? І падрабязна адказвае на гэтае пытанне, дзе гаворыць і пра месца Багдановіча ў беларускай літаратуры як пісьменніка-класіка, і пра тое, што выдатны майстра слова чуйна адгукаўся на ўсе праявы нацыянальнага і сацыяльнага вызначэння беларускага народа, і што беларускі паэт «з надзвычайнай любоўю ставіўся да ўкраінскай культуры».
Не толькі да ўкраінскай. Ён наогул існаваў як чалавек і як творца ў тагачасным еўрапейскім кантэксце. І нават Купалу, бывала, крытыкаваў, як адзначыў прафесар Рагойша. На думку Багдановіча, беларуская літаратура не павінна была абмяжоўвацца толькі сялянскай тэмай.
Пра еўрапейскі дух у паэзіі Багдановіча гаварыла Галіна СІНІЛА, загадчык кафедры культуралогіі гуманітарнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук:
— Паэзія Багдановіча адкрываецца ва ўсёй сваёй глыбіні і наватарскіх пошуках, калі мы яе разглядаем у кантэксце агульнаеўрапейскай культуры, эпохі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, якая атрымала ўмоўную назву «эпоха дэкадансу». Менавіта тады становіцца зразумела, наколькі выразна паэзія Багдановіча выяўляе дух складанай эпохі: і крызіс свядомасці, і настрой песімізму, і заняпад, і адначасова — ёсць палкая прага жыцця, прыгажосці, пошук ідэалу… Багдановіч свядома цікавіўся творчасцю сваіх заходнееўрапейскіх сучаснікаў, асабліва значную ролю ў фарміраванні творчага стылю беларускага паэта адыгралі франкамоўныя імпрэсіяністы і сімвалісты, найперш Поль Верлен. Нездарма для перакладу Багдановіч абірае менавіта вершы Верлена. 22 дасканалыя аўтарскія пераклады з Верлена склалі цэлы цыкл «Вянка». Тое, што ён іх уключыў у першы і апошні прыжыццёвы зборнік, сведчыць, наколькі гэта для яго было важна, наколькі праз гэтыя вершы выявілася яго душа, яго светапогляд.
Галіна АДАМОВІЧ, прафесар кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, звярнула ўвагу на тое, што «Вянок» — гэта кніга, якая, тым не менш, знаходзіцца ў падмурку нашай Бацькаўшчыны:
— Гэта кніга пра вечнае, хоць і звернутая ў мінулае. Мінулае — гэта міфалагічныя, фальклорныя сюжэты і вобразы, гістарычнае мінулае Беларусі… Што можа быць хуткаплынным, але трапляе ў разрад вечнасці. …Духоўнасць, прыгажосць, высокая культура — гэта і ёсць той сапраўдны падмурак Бацькаўшчыны, які «не разбіць, не спыніць, не стрымаць».
Ларыса ЦІМОШЫК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/larysa-cimoshyk
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[4] https://zviazda.by/be/tags/maksim-bagdanovich
[5] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-lukashanec
[6] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-shelyagovich
[7] https://zviazda.by/be/tags/galina-adamovich