Мінск, Гомель, Брэст... Гэта не толькі сталіца і абласныя цэнтры Рэспублікі Беларусь. Гэтыя гарады маюць непасрэднае дачыненне да ваенна-марскога флоту Расійскай Федэрацыі.
У Беларусі беражліва захоўваюць традыцыі ваенных маракоў, ганарацца іх подзвігамі. Вось чаму па распараджэнні Мінгарвыканкама № 354 ад 19 красавіка 2001 года ўстаноўлены шэфскія сувязі з экіпажамі караблёў Расіі. За Заводскім раёнам беларускай сталіцы замацаваны памежны вартавы карабель «Мінск» Калінінградскага пагранічнага рэгіянальнага кіравання, а вялікі дэсантны карабель «Мінск» Балтыйскага флоту — за Маскоўскім раёнам.
Нашы абласныя цэнтры таксама не застаюцца ў баку ад флоцкіх спраў: на Паўночным флоце ёсць малы супрацьлодачны карабель — МПК «Брэст», былы «Брэсцкі камсамолец», а ў складзе Каспійскай флатыліі — малы артылерыйскі карабель МАК-160 «Гомель».
У хуткім часе ваенна-марскі флот Расіі папоўніцца яшчэ адным караблём, назва якога таксама звязана з Рэспублікай Беларусь: ён будзе насіць імя нашага земляка, віцэ-адмірала Івана Кузьміча Хурса...
На суднабудаўнічым заводзе «Паўночная верф» Санкт-Пецярбурга ў лістападзе 2013 года адбылася закладка першага серыйнага судна сувязі. І загадам Галоўнакамандуючага ВМФ Расіі яму прысвоена імя «Іван Хурс».
Іван Кузьміч Хурс нарадзіўся 29 верасня 1922 года ў вёсцы Клетнае Дуброўскага сельсавета Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Пасля школы паступіў у педагагічнае вучылішча. Аднак, скончыўшы два курсы, вырашыў звязаць сваё жыццё з морам. У 1939 годзе паступае і ў 1942 годзе заканчвае вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя М.В. Фрунзэ.
Пасля выпуску накіроўваецца на Чарнаморскі флот, дзе выконвае абавязкі камандзіра катара, а затым — дывізіённага артылерыста.
Удзельнічаў у вайне з Японіяй. У прадстаўленні аб узнагароджанні старшага лейтэнанта Хурса ордэнам Айчыннай вайны І ступені, якое падпісаў камандзір 17-га асобнага дывізіёна тральшчыкаў, капітан-лейтэнант Іваноў, гаворыцца: «Камандзір 602-га тральшчыка старшы лейтэнант Хурс Іван Кузьміч за час знаходжання ў дывізіёне тральшчыкаў паказаў сябе выключна дысцыплінаваным і патрабавальным афіцэрам. Клапатлівы, ветлівы, камунікатыўны з таварышамі і карэктны з падначаленымі, у выніку чаго сярод асабовага складу карабля і дывізіёна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай.
Дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву і арганізацыі службы на караблі таварыш Хурс у кароткі тэрмін (8 дзён) здолеў прыняць ад ВМФ ЗША тральшчык № 100, цяпер 602-і ў склад ВМФ СССР. У выключна складаных метэаралагічных умовах дзякуючы яго ўмеламу кіраўніцтву і ўмелай працы асабовага складу карабель быў прыведзены на асобную ваенна-марскую базу без аварый і паломак.
З прыходам на базу судна было накіравана на баявое траленне праліва Лаперуза ад варожых мін. І тут дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву камандзіра карабля экіпаж тральшчыка да 15 лістапада 1945 года вытраліў і расстраляў 43 міны праціўніка і правёў 32 караблі з найкаштоўнейшымі грузамі...».
У 1946 годзе Іван Кузьміч Хурс быў прызначаны начальнікам штаба дывізіёна, а затым камандзірам дывізіёна тральшчыкаў Ціхаакіянскага флоту. У 1951 годзе ён скончыў аддзяленне разведкі Вышэйшых акадэмічных курсаў, і з 1952 года Іван Кузьміч — афіцэр, старшы афіцэр, начальнік разведкі ВМФ СССР.
У 1959 годзе ён скончыў Ваенна-марскую акадэмію. У 1963—1971 гг. і ў 1973—1978 гг. — намеснік начальніка разведкі ВМФ, а ў 1971—1973 гг. — начальнік разведкі Чарнаморскага флоту. У 1978 — 1987 гадах — начальнік Разведупраўлення Галоўнага штаба ВМФ — намеснік начальніка Галоўнага штаба ВМФ па разведцы.
У 1987 годзе віцэ-адмірал Іван Кузьміч Хурс сышоў у адстаўку. Ён унёс вялікі ўклад у развіццё пастаянна дзеючай сістэмы разведкі ВМФ, стварэнне разведвальных караблёў новага пакалення, спецыяльных сістэм... За што быў удастоены Дзяржаўнай прэміі, узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І і ІІ ступені, чатырма ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам «За службу ва Узброеных сілах СССР» ІІІ ст., медалямі.
Віцэ-адмірал Іван Кузьміч Хурс памёр 28 снежня 2002 года ў Маскве. І цяпер яго імя будзе насіць судна сувязі ваенна-марскога флоту Расіі.
Варта адзначыць, што галаўное судна сувязі гэтай серыі, спуск на ваду якога адбыўся 30 верасня на суднабудаўнічым заводзе «Паўночная верф», названа ў гонар віцэ-адмірала Юрыя Васільевіча Іванова, які таксама ўнёс значны ўклад у стварэнне і развіццё пастаянна дзеючай разведкі ВМФ.
Мікалай Бойка.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/placdarm
[3] https://zviazda.by/be/tags/vaennyya-maraki
[4] https://zviazda.by/be/tags/karabel-minsk
[5] https://zviazda.by/be/tags/ivan-hurs
[6] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-boyka