Непасрэдна са Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы, помніка праваслаўнага дойлідства ХІІ стагоддзя, цяпер можна адаслаць паштоўку ў любы пункт свету. Такую ініцыятыву святароў храма падтрымалі ў гродзенскім філіяле «Белпошты».
— Гэтая ідэя нарадзілася ў настаяцеля нашай царквы айца Аляксандра дзякуючы падарожжам, у якіх ён удзельнічаў. За мяжой ёсць такая паслуга: калі ты наведваеш вядомае гістарычнае месца, то можаш напісаць паштоўку і адправіць яе адтуль сваім бацькам, сваякам, знаёмым. Кіраўнік Гродзенскай абласной пошты Іван Пратасевіч з энтузіязмам успрыняў гэтую ідэю, і вось яна ажыццявілася, — кажа протаіерэй Георгій Рой.
Паштавікі вырабілі спецыяльную, стылізаваную пад даўніну скрыню, прадаставілі немаркіраваныя канверты, паштоўкі і штамп з выявай Каложскай царквы, якім пазначаецца дата паштовага адпраўлення. Паштоўку кідаюць у скрыню — і яна накіроўваецца на любы адрас, у рэгіёны Беларусі ці ў замежжа. Што тычыцца марак з выявай менавіта Каложскай царквы, то будзе зроблены дадатковы тыраж тых, якія выпускаліся раней, а таксама, верагодна, і новага ўзору. На гэты конт у святароў ужо ёсць паразуменне з «Белпоштай».
Новая паслуга святароў Каложскай царквы і паштавікоў «працуе» ўсяго каля тыдня, але ўжо відавочна, што будзе запатрабаванай.
— Гэтая навіна хутка разышлася, і я ўжо неаднойчы заўважаў, што людзі пытаюцца, як можна адправіць паштоўку, — кажа протаіерэй Георгій Рой.
Паштавікі правялі інструктаж для дзяжурных па храме: як дапамагчы людзям усё правільна аформіць. Усё проста, але з вялікім сэнсам. Паштоўка — гэта жывая памяць на доўгія гады, што не падуладна мабільнай сувязі і электроннай пошце.
Вось такі добры прыклад, варты пераймання і іншымі гістарычнымі, прывабнымі для турыстаў аб'ектамі Беларусі. Можна не сумнявацца, што паштавікі такія ініцыятывы падтрымаюць.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/barys-prakopchyk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kultura-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/belposhta
[6] https://zviazda.by/be/tags/yaraslau-vanyukevich
[7] https://zviazda.by/be/tags/kalozha
[8] https://zviazda.by/be/tags/svyata-barysa-glebskaya-kalozhskaya-carkva