Лёс Людмілы Ваўчок нагадвае паласу перашкод. Спачатку прыроджаная хвароба сэрца, затым — пералом пазваночніка і інвалідная каляска... Але ніводнае з гэтых выпрабаванняў не здолела стрымаць валявую дзяўчыну, якая насуперак лёсу стала не толькі трохразовай паралімпійскай чэмпіёнкай, але і... мамай.
Пра беднага фізрука, злашчасную антэну і надзейныя рукі
У дзяцінстве ў Люды выявілі праблемы з сэрцам. Доктар параіў яе маці не спяшацца з аперацыяй, але максімальна абмежаваць фізічныя нагрузкі. Але ж, вядома, дзіця ёсць дзіця: энергія біла цераз край...
—
Я заўсёды была няўрымслівай, — усміхаецца Людміла і віртуозна пракручваецца на задніх колах сваёй каляскі, быццам ваўчок. — Таму, хоць і забаранялі, адціскалася ад падлогі і падцягвалася больш за ўсіх. Бедны настаўнік фізкультуры пасля кожнага ўрока мераў мне пульс... Але больш за ўсё я любіла бегаць на доўгія дыстанцыі, таму цішком запісалася ў секцыю па лёгкай атлетыцы. Дзякуй маме — падтрымала, бачыла, што без руху я гіну.
...І што б вы думалі? Здарыўся сапраўдны цуд — Люда перарасла хваробу. І ўпэўненымі крокамі пачала заваёўваць свае першыя спартыўныя ўзнагароды. Пасля таго, як 14 гадоў таму стала бронзавым прызёрам Кубка Еўропы ў бегу на 5 кіламетраў, пачала рыхтавацца да выступлення на Алімпіядзе ў Афінах. Але мара аб алімпійскіх Афінах абарвалася ў адно імгненне...
—
11 верасня адбылася страшная трагедыя: у НьюЁрку рухнулі вежы гандлёвага цэнтра, — узгадвае Людміла. — А на наступны дзень я палезла на дах інтэрната, каб паправіць тэлевізійную антэну. Спатыкнулася і паляцела ўніз...
Пазней ад урачоў 20-гадовая дзяўчына пачула страшны прысуд: «Больш хадзіць не зможаш». Для спартсменкі, якая ўваходзіла ў склад алімпійскай зборнай, гэта была катастрофа...
—
Калі б не падтрымка мамы з братам, якія па чарзе дзяжурылі ля майго ложка ў бальніцы, не ведаю, ці справілася б я... — кажа Люда і паказвае фотаздымкі сваёй сям'і. — Раней у нас з братам былі адносіны на ўзроўні «прывітанне — пакуль». А пасля трагедыі ён не адыходзіў ад мяне ні на крок: мыў, пераадзяваў, пераварочваў, каб не ўтварыліся пролежні... «Ведаеш, я толькі цяпер зразумеў, як я цябе люблю...», — сказаў ён мне тады. Мы з братам і сёння не разлі вада. Ён — галоўны мужчына ў маім жыцці. Ва ўсім мяне падтрымлівае, заўсёды гатовы падставіць плячо. Калі трэба было выбраць для дачкі хроснага тату, я нават не задумвалася, бо ведаю: калі што, Настачка будзе ў надзейных руках.
—
Ведаеш, калі шчыра, мне нельга крыўдзіцца на свой лёс, — чую ад Люды зусім нечаканае прызнанне. — Бо сама яго пастаянна выпрабоўвала. Я ж без тармазоў расла. Глядзі (паказвае фота), залазіла вось на гэта дрэва і скакала з вышыні трохпавярховага дома ў плыткую рэчку... А колькі разоў пад лёд на каньках правальвалася... Магла ж зламаць сабе шыю яшчэ ў дзяцінстве... Мне заўсёды бракавала адрэналіну!.. Напэўна, у нейкі момант майму анёлу проста надакучыла выратоўваць... І ён вырашыў праверыць мяне на трываласць.
Пра тэлефонны званок, «цяжарны» заплыў і камячок шчасця
З часам Люда навучылася жыць па-новаму. Калі выпісалася з бальніцы, пачала ездзіць у рэабілітацыйны комплекс для інвалідаў-калясачнікаў у Калодзішчы, каб займацца з дзеткамі. Вырашыла быць там, дзе магла камусьці дапамагчы. Дапамагала і паралельна трэніравалася.
— Я практычна спала ў спартзале, — усміхаецца Людміла. — Хацела, каб мяне заўважылі, узялі ў спорт. Спрабавала сябе і ў штурханні ядра, і ў паўэрліфтынгу, і ў армрэслінгу. Я нават нарматывы майстра спорту выканала па штанзе ў вагавой катэгорыі 44 кілаграмы, а ў парных танцах на інвалідных калясках стала чэмпіёнкай Беларусі. Але ніхто не хацеў са мной важдацца, бо я на калясцы... А аднойчы мне патэлефанавала трэнер Тамара Мікалаеўна Шыманская... Гэты званок перавярнуў усё маё жыццё. Яна пачала ўгаворваць мяне паспрабаваць сябе ў лыжных гонках. Я спачатку супраціўлялася, бо са школы недалюблівала лыжы.
Але зноў адбыўся цуд: ужо праз пяць гадоў пасля траўмы Людміла Ваўчок заваявала залаты і тры сярэбраныя медалі Паралімпійскіх гульняў па лыжных гонках на санках. Тое, што не любіла, прынесла не толькі славу, але і даход. Пасля Алімпіяды спартсменцы сталі плаціць рэгулярную зарплату і выдзелілі ўтульную трохпакаёвую кватэру ў алімпійскім гарадку ў сталічным раёне Вяснянка. Апошняя не так даўно напоўнілася дзіцячым смехам...
— У Славенію — заваёўваць пуцёўку на Паралімпійскія гульні па веславанні ў Лондане — я паехала на чацвёртым месяцы цяжарнасці, — распавядае Людміла. — Трэба было праплыць усяго тысячу метраў. Падумала: я ж не хворая, а проста цяжарная. Еду!..
Праз месяц пасля родаў спартсменка ўжо рыхтуецца да Паралімпійскіх гульняў у Лондане. Як вынік — чарговы медаль. Яго маладая мама прысвяціла дачцэ. Але падчас шчырай размовы прызналася, што менавіта нараджэнне дзіцяці — яе самая галоўная перамога.
—
Адкуль у вас столькі энергіі? — спрабую высветліць у Людмілы, якая паспявае не толькі даваць інтэрв'ю, але і ўцякаць ад Насты, якая даганяе маці на дзіцячым веліку.
—
Ды вось ад гэтага камячка шчасця... — Люда пяшчотна прытуляе да сябе дачушку, імя якой перакладаецца з грэчаскай, як «тая, якая вяртае да жыцця». — Настачка — самы галоўны цуд у маім жыцці. Разам з дачушкай у маё жыццё прыйшоў новы глыбокі сэнс. Цяпер ведаю, што ў адказе не толькі за сябе, але і за вось гэты любімы камячок. Хочацца зрабіць для яе як мага больш.
Пра моцнага мужчыну, яблыкі ў цесце і скачок з парашутам
[6]Пакуль Люда на трэніроўцы, за Настай прыглядае бабуля.
—
Часам і іх бяру з сабой, — кажа спартсменка. — Сама іду ў трэнажорную залу, а мама з Настачкай плаваюць у басейне. Пакуль я тут, мне хочацца, каб дачка была ўвесь час побач са мной. Вось цяпер пачалі актыўна рыхтавацца да Алімпіяды ў Сочы. Нядаўна вярнулася з Эстоніі. Калі я з'язджаю на зборы, Наста застаецца з бабуляй. Вельмі сумую без дачкі. Толькі скайп нас выратоўвае.
З бацькам малой Люда ў добрых адносінах, але замуж за яго не спяшаецца. Проста, прызналася, хочацца, каб побач быў моцны мужчына, здольны абараніць, паклапаціцца...
—
Нас траіх мама адна выгадавала, і нічога, усе ў людзі выйшлі! — усміхаецца энергічная Людміла. — Так што справімся. Ёсць галава, рукі і вера ў свае сілы. А гэта ж галоўнае! Нам няма калі раскісаць!
У пацвярджэнне сваіх слоў Люда пачынае збірацца на трэніроўку. Якраз у гэты час, каб прыгледзець за ўнучкай, прыехала Галіна Пятроўна са Смілавіч.
—
Дзяўчаткі, вы ж галодныя, пэўна? — пачынае завіхацца ля пліты мама спартсменкі, якая, як высветлілася, усё жыццё працуе фельчарам на «хуткай». — А давайце я вам юшку пагрэю. Ці мо тваражку з павідлам хочаце? Павідла з чорных парэчак я сама варыла, за горадам агародзік невялічкі маю. А вось яблычкі, запечаныя ў цесце, частуйцеся! Люда іх гатуе так, што пальчыкі абліжаш.
—
Ведаеш, я люблю гатаваць што-небудзь новае, — даносіцца голас Людмілы з суседняга пакоя. — Але па магчымасці стараюся не замыкацца ў чатырох сценах. Проста жыць хочацца паўнавартасна. Нядаўна ў Турцыю адна лятала. Адпачыла па поўнай праграме. Спускалася па горнай рацэ на плытах разам з немцамі (паказвае фота, з якога праз пырскі шчасцем свеціцца твар Люды). Было так весела! Мы там нават перакуліліся адзін раз, упалі ў ледзяную ваду. Таксама ездзіла на матацыкле з хуткасцю 250 кіламетраў за гадзіну. У Егіпце таксама не абышлося без прыгод: каталася на квадрацыклах. Яшчэ я вельмі люблю турзлёты з начоўкай у палатках і гутаркамі ля агню. Імкнуся часцей сустракацца з сябрамі. Вось сёння ўвечары нас з Насцяй запрасілі на хакей.
У вольны час Люда гуляе ў тэніс, плавае ў басейне і нават... скокнула з парашутам.
—
Думаеш, пасля траўмы я стала баяцца вышыні? — яна ўлоўлівае здзіўленне ў маіх вачах.—Зусім не! Наадварот, зразумела, што наогул нічога не баюся і магу справіцца з любой сітуацыяй. Калі абставіны складаюцца супраць мяне—гэта толькі дадае адрэналіну і ўпартасці. Я ў блін распляскаюся, але зраблю тое, што намеціла. Гэтаму мяне навучылі жыццё і спорт. І яшчэ я ніколі не бываю ў роспачы. Лічу, што нават з самай цяжкай сітуацыі заўсёды ёсць выйсце.
—
А дэпрэсія?..
— Ды яна часцей ад гультайства! А лепш спытай у маёй мамы, што такое дэпрэсія! Яна табе і пра дэпрэсію, і пра мігрэнь раскажа — пра ўсе гэтыя прыгожыя словы. Яна ўсіх вылечыць! На калгаснае поле пустазелле палоць паставіць — тады ўсе нягоды ў момант пройдуць (смяюцца)!
Калі Галіна Пятроўна паказала мне прыгожыя карціны, якія Люда вышывае сваімі рукамі, я, шчыра прызнацца, вельмі здзівілася. Ну ніяк не сумяшчалася ў маёй свядомасці непаседлівая спартсменка, якая нават падчас інтэрв'ю умудралася пераключацца на нейкія іншыя справы, і гэтая карпатлівая праца!..
— Перад спаборніцтвамі трэба адпачываць, канцэнтраваць энергію, а не растрачваць. Таму на зборах у мяне заўсёды з сабой вышыўка. Так я навучылася сябе стрымліваць.
Разам спускаемся ўніз на ліфце. Люда энергічна вітаецца з дворнікам Міхаілам, дачкой трэнера, які жыве па суседстве, цікавіцца, як у іх жыццё... І я лаўлю сябе на думцы, што ўжо нават і не заўважаю яе інваліднай каляскі. Згадваю пра яе толькі тады, калі Люда, якая паспела перасесці за руль свайго «Фольксвагена Пасата» з ручным кіраваннем, папрасіла закінуць каляску ў багажнік.
—
А «зорнай» хваробы не баіцеся? — пытаюся ў спартсменкі на развітанне.
—
Што ты! Ад яе ёсць эфектыўныя лекі: пастаянныя фізічныя трэніроўкі. І потым, я па-філасофску стаўлюся да рэчаіснасці. Так, цяпер я чэмпіёнка, купаюся ў славе, мяне ў прамым сэнсе гатовы на руках насіць... А заўтра ўсё можа скончыцца. Жыццё ж непрадказальнае. Хто б мне сказаў у школе, што я скончу магістратуру? (смяецца) Але ж скончыла летась. Атрымала спецыяльнасць «турызм і гасціннасць». Такі вось зачын на будучыню. Бо, самі разумееце, спорт не вечны, гады бяруць сваё... Таму, калі што, змагу працаваць у турызме, падымаць пытанні пра безбар'ернае асяроддзе. Без працы не застануся, і не марце!
Надзея ДРЫЛА
Фота Надзеі БУЖАН і з архіва Людмілы ВАЎЧОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-buzhan
[2] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-dryla
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/sport-0
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2013/12/Волчок-1.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2013/12/Волчок-2.jpg
[7] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2013/12/Волчок-3.jpg
[8] https://zviazda.by/be/tags/lyudmila-vauchok