Спявак з Магілёўшчыны Сяргей Ваўчкоў перамог у тэлевізійным шоу «Голас-2»
Галоўная інтрыга шоу на Першым канале Расіі, якое доўжылася 4 месяцы і ўдзел у якім прымала не адна тысяча спевакоў, раскрытая. Яго пераможца — наш зямляк з Быхава. Адной з трох кампазіцый, якія прагучалі ў яго выкананні, стала тая самая арыя містара Ікс, што так кранула Аляксандра Градскага падчас «сляпога праслухоўвання» і заахвоціла забраць Сяргея ў сваю каманду. У фінальным паядынку сапернікамі спявака былі самыя моцныя выканаўцы — Ціна Кузняцова, Гела Гуралія, Наргіз Закірава. Але за Сяргея свае галасы аддалі 75% (!) слухачоў. Такога нават спявак не чакаў.
— Мы атрымалі аж 600 SMS-паведамленняў, — адзначыў яго брат Уладзімір Ваўчкоў. Падчас выступлення Сяргея ён быў яго прамоўтарам у Быхаве, ствараў масоўку для падтрымкі брата ў Маскве — Аўт.) — Пісалі нават з Францыі і Кітая. Калі б у беларусаў была магчымасць прымаць удзел, галасоў, думаю, было б нашмат больш. Калі чытаў словы прызнанняў у сацсетках, душа радавалася. Гэта не першы поспех брата. Ён быў лаўрэатам 1-ай прэміі міжнароднага конкурсу «Рамансіяда», займаў прызавыя месцы ў міжнародных конкурсах у Польшчы і Германіі. Але менавіта гэты праект зрабіў яго вядомым. Усім вялікі дзякуй за падтрымку. На праекце Сяргея назвалі галоўным голасам краіны. Сваім выкананнем ён заваяваў сэрцы расіян.
У якасці прыза Сяргей Ваўчкоў атрымаў кантракт з самай славутай у Еўропе гуказапісвальнай кампаніяй Unіversal Musіc. Дарэчы, калісьці бацькі прадказвалі свайму таленавітаму сыну кар'еру юрыста. Яны казалі: музыка — гэта не прафесія, не трэба аддаваць сябе на жабрацкае існаванне. Але мара перамагла. Некалькі гадоў назад Сяргей кінуў усё і пераехаў у Маскву. Цяпер ён студэнт інстытута тэатральнага мастацтва. А на праекце, акрамя іншых сваякоў, яго падтрымлівала каханая жонка Наталля. Для яе перамога Сяргея таксама стала вялікім падарункам.
Пасля таго, як бацькі спевака вярнуліся з Масквы, дзе яны разам з Сяргеем прымалі ўдзел у здымках праграмы Андрэя Малахава, іх запрасілі на навагодні прыём да старшыні Быхаўскага райвыканкама Дзмітрыя Калеева. Ён выказаў удзячнасць за выхаванне таленавітага сына і разам з падарункамі ўручыў кветкі і падзячны ліст.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kultura-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/9-91.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[6] https://zviazda.by/be/tags/byhau
[7] https://zviazda.by/be/tags/magilyoushchyna
[8] https://zviazda.by/be/tags/syargey-vauchkou
[9] https://zviazda.by/be/tags/shou-golas-2