Дэлегата ад Беларусі на міжнародны песенны конкурс зноў абралі са скандалам
У ноч з пятніцы на суботу ў сценах Белтэлерадыёкампаніі адбыўся канцэрт фіналістаў нацыянальнага адборачнага тура конкурсу «Еўрабачанне-2014». Пераможцу тэлегледачы і журы выбіралі ў прамым эфіры. Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на генеральнай рэпетыцыі і ўласна на шоу, каб параўнаць уражанні.
Бясконцы мюзікл «Людзі ў чорным»
Першае, што ўразіла на папярэднім прагоне: практычна ўсе фіналісты выйшлі на сцэну ў чорных уборах! Хіба толькі Тэа радаваў вока тэракотавым пінжаком, ды гурт «Swіtter boys» і блізняты сёстры Кароль фарсілі ў бялюткіх касцюмах ды блакітных сукенках. Няўжо гала-канцэрт нацыянальнага адбору — настолькі сумная падзея? «Гэта ж толькі рэпетыцыя, можа, пераапрануцца», — выказала здагадку калега. Але і на шоу карцінка мала змянілася: 8 з 14 удзельнікаў дэманстравалі ўсе адценні чорнага...
На агульным фоне прыемна ўразіла Жанет. Пышная чорная сукенка падчас нумара «сцякала» са спявачкі, пакінуўшы тую ў белай туніцы, і ператварылася ў трох ці то ластавак, ці то кажаноў. «Мы прыдумалі гэты ўбор, на які пайшло амаль 30 метраў тканіны, і сам нумар літаральна за 5 дзён да новага года, — прызналася Жанет пасля выступлення. — Ідэя ў тым, што ўсе чорныя сілы саступаюць перад сілай кахання і дабрыні». І хоць сукенкі-трансформеры на «Еўрабачанні» дэманстраваліся неаднаразова, менш відовішчным нумар ад гэтага не стаў, а беларускі дызайнер Таццяна Давыдзенка спрацавала не горш за Юдашкіна.
У студыі, нягледзячы на строгія папярэджанні рэжысёра «не перашкаджаць, інакш выдалю ўсіх лішніх», было вельмі шматлюдна. У натоўпе зацікаўленых мы заўважылі тэлевядучую Алену Спірыдовіч, якая, да слова, назірала за працэсам і ў абодва дні праслухоўвання. «Гэта прафесійны інтарэс, — на хвіліну адарвалася ад займальнага відовішча Алена, — я ж таксама пачынала працу на тэлебачанні з конкурсаў. Таму большасць артыстаў мне добра знаёмыя: і Макс Сапацькоў, і Валерый ДзіДзюЛя, і Юра Вашчук — яны ўсе ў свой час прайшлі праз нашу «Зорную ростань». Наогул, на маю думку, на конкурсах вельмі цікава працаваць: тут усё шчыра і па-сапраўднаму, не мае значэння, якім ты быў учора, важна тое, як ты спяеш тут і цяпер. Я не хварэю за кагосьці канкрэтнага, шчыра сімпатызую ўсім і спадзяюся яшчэ, што ў сукупнасці будзе прыгожа — вечарам спецыяльна пагляджу фінал па тэлевізары».
Мы вырашылі зрабіць гэтаксама: па-першае, сам конкурс не толькі музычны, але і тэлевізійны, а па-другое, пасля генеральных рэпетыцый відавочнага фаварыта і разумення таго, што вось яна, «тая самая» песня, у нас так і не з'явілася.
Хто галасуе апошнім
Найпершым сюрпрызам у шоу для многіх чамусьці стала… адсутнасць сярод фіналістаў Аляксандра Саладухі. Так-так, у апошнім прома-роліку артысту ўдалося так заінтрыгаваць і заблытаць гледачоў абяцаннем: «Я буду ў фінале», што за яго ўжо гатовы былі галасаваць!
Другой неспадзяванкі тэлегледачы не ўбачылі, але на артыстаў яна магла паўплываць: у студыі чамусьці было вельмі мала балельшчыкаў. Затое дзівосы, якія рабіліся з гукам, напрыклад, падчас выступлення гурта «Nutekі» ці Макса Лорэнса і ДзіДзюЛі, здаецца, адзначылі ўсе. І здзівіліся: не можа ж быць, каб вопытныя артысты настолькі не траплялі ў ноты? Ці можа — калі перахваляваліся і «перагарэлі»?
…Галоўныя эмоцыі выклікала ўсё ж галасаванне. У першай яго частцы, калі былі падлічаны сімпатыі гледачоў, у лідары выйшлі Лорэнс, ДзіДзюЛя і кампанія з 8746 баламі, другі радок занялі «Nutekі» з 5651 голасам, трэцяе месца і 5088 галасоў гледачы аддалі Тэа (Юрыю Вашчуку). Рашэння журы давялося чакаць значна даўжэй, пакуль выступаў добры дзясятак спецыяльных гасцей. І хоць пастаноўшчыкам шоу асобны «дзякуй» за ўключэнне ў канцэрт беларускамоўных гуртоў «Aura» і «Joanna», усё ж выпрабаванне для нерваў публікі і артыстаў можна было зрабіць крыху меншым.
А 8 суддзяў, якія па чарзе агучвалі, каму аддалі найвышэйшыя балы (12, 10 і 8), стварылі прэцэдэнт. Паводле галасавання журы, на першым месцы апынуўся Тэа з 90 баламі, на другім — Жанет з 80 і толькі на трэцім Макс Лорэнс і ДзіДзюЛя з 52. Пры пераводзе гэтых вынікаў у 12‑бальную сістэму і падсумоўванні балаў аказалася, што першае месца занялі адразу двое — Тэа і Макс Лорэнс з ДзіДзюЛем. Такое адбылося, бадай, упершыню за ўсе беларускія адборы. Але вядучыя шоу Вольга Рыжыкава і Дзяніс Дудзінскі, не разгубіўшыся ні на секунду, запрасілі журы… «дагаласаваць» наўпрост на сцэне, аддаючы кардонныя сэрцы таму ці другому канкурсанту. З лікам 8:0 перамогу атрымаў Юрый Вашчук, ён жа Тэа.
Уся працэдура выклікала буру абурэння ў інтэрнэце (нагадаем, прамая трансляцыя шоу ішла ў тым ліку на сайце eurovіsіon.tv). Маўляў, чаму і як журы прагаласавала двойчы?! «Усё прапісана ў палажэнні аб нацыянальным адборачным туры», — паведамілі ў Белтэлерадыёкампаніі. Сапраўды, у арт. 6 палажэння пазначана: «У выпадку калі 2 і больш удзельнікаў фіналу праекта набіраюць роўную колькасць балаў, пераможца праекта вызначаецца дадатковым адкрытым галасаваннем прафесійнага журы». Дзеля справядлівасці адзначым: па-першае, гэтае ўдакладненне з'явілася ў правілах беларускага адбору толькі летась, пасля скандалу з падтасоўкай галасоў у 2012‑м і двух гадоў закрытага адбору ў 2011‑м і 2010 годзе. А па-другое, абсалютная большасць гледачоў з новымі нюансамі ў падліку галасоў не знаёмая. Няўжо яшчэ да пачатку шоу вядучым нельга было выдаткаваць 2–3 хвіліны, каб расказаць аб іх? Нарэшце, навошта было даводзіць публічную «раздачу сланоў» (прабачце, сэрцаў) да канца, прыніжаючы прайграўшых артыстаў, калі для перамогі дастаткова было набраць 5 галасоў журы? Існуе ж у спорце падобнае правіла мінімальнай перавагі: у хакеі авертайм доўжыцца да 1 забітай шайбы, у тэнісе дастаткова выйграць 3 з 5 сэтаў…
Словам, вынікамі галасавання засталіся незадаволены многія — прычым як гледачы, так і самі артысты. І гэта ўжо не першы год запар. Тэндэнцыя, аднак.
Хто такі Тэа і з чым яго есці
Усё вышэйсказанае ні ў якім выпадку не адмяняе поспеху Юрыя Вашчука як кампазітара і выканаўцы. І можна доўга спрачацца, прынёс яму перамогу тэлевізійны вопыт (Юрый працуе ў праекце «Наперад у мінулае») альбо 13‑гадовая праца ў Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, і наўмысна ці выпадкова яго нумар падобны да кліпа Robіn Tіcke на песню «Blured Lіnes». А можа, ролю добрага анёла сыграў бэк-вакаліст Дзяніс Ліс, не без удзелу якога ў 2007‑м на «Еўрабачанне» быў абраны Дзмітрый Калдун?.. Тым не менш пагадзіцеся: выканаўца абаяльны і на сцэне трымаецца ўпэўнена, а песня «Cheesecake» жывая і пазітыўная, прычым распавядае яна зусім не пра сырна-тварожны дэсерт, а пра тое, што бывае, калі дзяўчына доўгі час называе свайго каханага «салодкім піражком».
А яшчэ — так, да ведама аматараў грэбліва крывіць вусны: «А хто гэта такі наогул?» — Юрый Вашчук кампазітар, аранжыроўшчык, аўтар песень многіх беларускіх артыстаў і музыкі да кінафільмаў. І тройчы лаўрэат Нацыянальнай музычнай прэміі: сёлета разам з Леанідам Шырыным названы лепшым аўтарам музыкі за кампазіцыю «Беларусь вялікая», пад якую грымеў салют у Дзень Незалежнасці, у 2012 годзе быў названы «Лепшым аранжыроўшчыкам», а ў 2011 годзе менавіта пад творчым псеўданімам Тэа стаў «Адкрыццём года».
«Не чакаў. Але, вядома, спадзяваўся, — зазначыў Юрый Вашчук, калі нервовае напружанне выступлення крыху адпусціла. — Інакш навошта было б выходзіць на сцэну, калі не імкнешся перамагчы?». Выступіўшы аранжыроўшчыкам у песнях яшчэ дзвюх фіналістак адбору, уласную кампазіцыю, як сцвярджае спявак, напісаў за 2 дні і адправіў у апошні дзень прыёму заявак. Затое цяпер небеспадстаўна запэўнівае, што «беларускі чызкейк — самы смачны ў свеце».
Якім будзе яго нумар на «Еўрабачанні», Вашчук пакуль што не загадвае. Здаецца, ён і сам яшчэ не да канца ўсвядоміў, які падарунак (ці які галаўны боль, гэта як паглядзець) зрабіў сабе напярэдадні 31‑га дня нараджэння. Затое калегі па сцэне ў сацсетках ужо даюць рэкамендацыі і прапановы. Ніна Багданава зычыць сябру поспеху і раіць разняволіцца, каб перажыць непазбежны ўсплёск негатыву. Георгій Калдун разважае, ці не варта звярнуцца па кансультацыйную дапамогу да тых, хто ўжо дасягаў поспеху ў «Еўрабачанні», — скажам, каманды Украіны ці Азербайджана. А былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Уладзімір Максімкаў наогул склаў дастаткова падрабязны і паслядоўны прадзюсарскі план дзеянняў. І вось што дзіўна: кожны раз пасля адбору знаходзіцца мноства людзей, якія ведаюць, як трэба. А прадстаўнікі Беларусі, як памятаем, вышэй за 6‑е месца на «Еўрабачанні» так і не ўзняліся. Як кажуць, каментарыі залішнія.
Усе вынікі галасавання, у тым ліку балы ад гледачоў і пратаколы членаў журы, можна знайсці на сайце Белтэлерадыёкампаніі tvr.by ў раздзеле «Праекты. Еўрабачанне 2014».
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.
Тым часам
Паўторнага галасавання журы можна было пазбегчы, калі б адразу правільна былі падлічаны балы, мяркуюць фіналісты адбору, удзельнікі гурта «Swіtter boys». І прыводзяць у якасці доказу змешчаную на сайце Белтэлерадыёкампаніі табліцу балаў ад гледачоў і журы. Паводле яе, першае месца, набраўшы аднолькавую колькасць балаў, дзеляць паміж сабой Тэа і Макс Лорэнс з ДзіДзюЛем, другое — Жанет і «Swіtter boys», а на трэцім — адразу і Анастасія Малашкевіч, і «Nutekі», і Таша Odі. «Нам у галасаванні журы камп'ютар даў 7 балаў, а Лорэнсу з ДзіДзюЛем 8. Але чаму — у нас жа больш высокія ацэнкі ад журы?» — здзіўляюцца артысты.
Тлумачэнне гэтаму факту, здавалася б, ёсць у правілах адбору: пры аднолькавай суме балаў больш высокае месца займае той канкурсант, хто атрымаў больш высокую ацэнку ад старшыні журы. Але старшыня БТРК Генадзь Давыдзька з аб'ектыўных прычын з ліку суддзяў выбыў. Тады, можа, камп'ютар спрацаваў «у алфавітным парадку»? Афіцыйнага тлумачэння на гэты конт на момант падрыхтоўкі публікацыі мы не атрымалі. А вось колькасць арфаграфічных памылак у афіцыйным, заўважым, дакуменце прапануем вызначыць чытачам самастойна.
Ходзяць чуткі, што Макс Лорэнс і Валерый ДзіДзюЛя заявілі афіцыйны пратэст супраць вынікаў галасавання ў адборачным туры «Еўрабачання».
— Пацвярджаю, — пракаментаваў сітуацыю прадзюсар Валерый Шоман, які даўно супрацоўнічае з выканаўцам і ўжо другі год запар дапамагае таму ў падрыхтоўцы да конкурсу. — Адкрыты ліст размешчаны на сайце ДзіДзюЛі, з ім можа азнаёміцца кожны ахвотны, а вось афіцыйны ляжыць на стале ў кіраўніка дзяржавы. Я рыхтаваў многіх артыстаў да розных конкурсаў. Паверце, мы ўмеем і прайграваць, і выйграваць, але павінны выконвацца пэўныя правілы, аднолькавыя для ўсіх! Мы гатовыя прадэманстраваць на ўласным прыкладзе, як гэта павінна быць, збіраемся правесці канцэрт пад лозунгам «За сумленнае галасаванне».
— Валерый, а як гэта павінна быць, на ваш погляд? Правілы штогод змяняюцца, а яснасці няма: усё ж апошняе слова павінна быць за гледачамі ці за журы?
— Я лічу так: калі журы бярэ на сябе адказнасць за выбар прадстаўніка краіны на «Еўрабачанні» — няхай цалкам і нясе гэтую адказнасць, не вымушаючы гледачоў марнаваць час і грошы на тэлефонныя званкі і СМС. А калі рашэнне прымаецца сумесна, то прыярытэт павінен быць за тэлегледачамі, бо гэта не прафесійны, а тэлевізійны конкурс. У нас была перавага ў 42% галасоў у параўнанні з 2‑м месцам, прычым гэта быў нават не Тэа. Чаму ўсё гэта нівеліруецца? Да слова, у мяне ляжаць тысячы лістоў ад еўрапейцаў у падтрымку нашай песні, а песня Макса Лорэнса і Валерыя ДзіДзюЛі на словы Джо Лін Цёрнэра — адзіная з беларускага адбору, якую ўзялі ў ратацыю на «еўравізійнае» радыё. Так што мы гатовы паваяваць.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/kultura-0
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/14-21.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/14-10.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/14-12.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/14-14.jpg
[7] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[8] https://zviazda.by/be/tags/eurabachanne-2014
[9] https://zviazda.by/be/tags/skandal
[10] https://zviazda.by/be/tags/maks-lorens-i-valeryy-dzidzyulya
[11] https://zviazda.by/be/tags/tea
[12] https://zviazda.by/be/tags/yuryy-vashchuk-0