Без халестэрыну няма трывалай клеткі. А без клеткі, зразумела, няма арганізма. Тлушчападобнае рэчыва — халестэрын — змяшчаецца ў вонкавых мембранах клетак і ўдзельнічае ў шэрагу розных працэсаў. Утварэнні жоўцевых кіслот, сінтэзе гармонаў палавых залоз, кары наднырачнікаў, вітаміну Д. Аднак лішак халестэрыну наносіць арганізму вялікую шкоду, паколькі спрыяе ўзнікненню атэрасклерозу, ішэміі, інфаркту міякарда, інсульту і іншых захворванняў.
Норма халестэрыну ў крыві
5,2 ммоль/л — ідэальная колькасць, да якой варта імкнуцца.
5,3—6,5 ммоль/л — зона рызыкі.
Звыш 6,5—8 ммоль/л — гіперхалестэрынемія.
Лішак халестэрыну адкладваецца на сценках аорты, сасудаў сэрца, галаўнога мозга, ніжніх канечнасцяў, а значыць, прыводзіць да звужэння іх прасвету і пагаршэння кровазвароту ў гэтых органах, нагадвае валеолаг 23-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Алена ГАРНІЦКАЯ.
У нашым арганізме пастаянна ўтвараецца халестэрын (з тлушчаў, вугляводаў і некаторых амінакіслот). Лічыцца, што каля 80 працэнтаў яго сінтэзуецца самім арганізмам і толькі 20 трапляе з прадуктамі жывёльнага паходжання. Самая вялікая колькасць халестэрыну знаходзіцца ў мазгах, яечным жаўтку, тлустым мясе, печані, нырках, ікры, цвёрдых сырах і інш. У малацэ, кефіры, марской рыбе, нятлустых гатунках ялавічыны, бараніны, сасісках змяшчаецца няшмат халестэрыну.
У сталым узросце і пры маларухомым ладзе жыцця, калі абмен рэчываў паніжаны, ёсць атэрасклероз і шэраг іншых захворванняў, рэкамендуецца абмежаваць колькасць халестэрыну ў ежы, але не выключаць яго поўнасцю.
Як панізіць колькасць халестэрыну?
1. Не пераядаць. Калі ваша вага перавышае норму на 10 кг і больш, неабходна тэрмінова перагледзець структуру харчавання. Выдаліць з рацыёну тлустае мяса, печань, ныркі, мазгі, вэнджаныя каўбасы, паштэт, карэйку, масла, марожанае, пірожныя, торты, бісквіты, здобу, шакалад.
2. Дадаць: алеі (не толькі сланечнікавы), індычку, курыцу, цяляціну, марскую рыбу і морапрадукты, свежую гародніну і фрукты, аўсяныя крупы, вотруб'е, хлеб з мукі грубага памолу, арэхі.
3. Фізкультура. Ранішняя гімнастыка, пешыя прагулкі, плаванне, танцы — усё што заўгодна, толькі не гіпадынамія.
4. Не курыць, не злоўжываць алкаголем, вучыцца перамагаць стрэсавыя сітуацыі.
Трэба таксама мець на ўвазе, што канцэнтрацыя агульнага халестэрыну ў плазме змяншаецца падчас галадання, злаякасных новаўтварэнняў, хвароб лёгкіх (туберкулёз, неспецыфічная пнеўманія, інш.), павышанай функцыі шчытападобнай залозы, паражэннях цэнтральнай нервовай сістэмы і інш.
Пасля 40 гадоў аналіз на агульны халестэрын рэкамендуецца рабіць не радзей за 1 раз у год.
Рэкамендуецца для зніжэння халестэрыну:
* траска, камбала, пікша, селядзец, скумбрыя, сардзіны, тунец, ласось;
* абястлушчаныя малочныя прадукты;
* яечны бялок;
* празрыстыя, вегетарыянскія супы;
* авёс, кукуруза, рыс, хлябцы, аўсянае пячэнне;
* свежая, замарожаная гародніна, гарох, бабы, вараная бульба, фрукты, сухафрукты, арэхі;
* травы, спецыі, гарчыца, перац, воцат, абястлушчаныя падлівы, празрыстыя марынады;
* абястлушчаныя пудынгі, жэле, мусы;
* чай, нямоцная кава, мінеральная вада, сокі без цукру, безалкагольнае піва.
Святлана БАРЫСЕНКА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/zdaroue
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/alena-garnickaya
[5] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[6] https://zviazda.by/be/tags/halesteryn