У Гродне — даўнія традыцыі ў спартыўнай гімнастыцы, але апошнім часам «набірае абароты» і гімнастыка мастацкая. У Гродзенскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву № 3 цяпер займаюцца 120 дзяцей ва ўзросце ад 4 да 16 гадоў. На рахунку выхаванцаў школы ўжо ёсць поспехі на моладзевых першынствах Еўропы, а Ганна Дудзянкова ў складзе дарослай нацыянальнай каманды ўзяла «золата» на леташнім чэмпіянаце свету.
Зрэшты, трэнер-выкладчык школы Марына Пратасава бачыць сваю задачу не толькі ў падрыхтоўцы спартсменак высокага ўзроўню. У чым яшчэ? Аб гэтым яна расказала карэспандэнту «Звязды» па вяртанні са сталіцы, дзе была ўдастоена спецыяльнай прэміі «Беларускі спартыўны Алімп».
— Марына Анатольеўна, як пачынаўся шлях у прафесію трэнера па мастацкай гімнастыцы?
— Спачатку я займалася спартыўнай гімнастыкай у Рэнальда Кныша, была нават у групе алімпійскага рэзерву, але ў сувязі з траўмамі прыйшлося закончыць. Сямікласніцай перайшла ў мастацкую гімнастыку да Таццяны Уладзіміраўны Прадкінай і ў 10-м класе стала майстрам спорту — першым сярод «мастачак» на Гродзеншчыне. Пасля школы паступіла ў Ленінградскі інстытут фізкультуры імя Лесгафта, дзе была вельмі добрая школа мастацкай гімнастыкі. Там і атрымала «штуршок», базу для трэнерскай працы — па сёння карыстаюся вучэбнымі канспектамі, увесь час падсілкоўваюся ведамі.
Пасля заканчэння ВНУ мяне не ўзялі працаваць у Гродна і стаяў выбар: куды паехаць па размеркаванні? Можна было застацца ў Піцеры, але не трэнерам, а кіраўніком гуртка, падлеткавага клуба. І другі варыянт — Далёкі Усход, Камсамольск-на-Амуры. Абрала апошняе, паехала. І разам з яшчэ адным трэнерам, Людмілай Кузьмічовай, якая родам з Украіны, пачалі ствараць у Камсамольску-на-Амуры школу мастацкай гімнастыкі. Адпрацавала там 8 гадоў.
— Школа гімнастыкі ў Камсамольску-на-Амуры пасля вашага ад'езду не развалілася?
— Вельмі прыемна, што, нягледзячы на ўсе пастперабудовачныя цяжкасці, яна захавалася, і я ганаруся, што некаторыя мае дзяўчаты яшчэ з першага набору таксама сталі трэнерамі. Летась яны прыязджалі з дзецьмі на турнір у Гродна. А потым разам з харэографам Яўгеніяй Цян, з якой я пачынала працаваць на Далёкім Усходзе, паехалі на чэмпіянат свету ў Кіеў. Там нарэшце і сустрэліся ўсе тры родапачынальніцы мастацкай гімнастыкі ў Камсамольску-на-Амуры.
— А ў Гродне як пачыналі трэнерскую працу?
— Практычна, так бы мовіць, з нуля. Якой мяне тады ў Гродне ведалі? Хіба што прыгадвалі дзяўчынку, якая калісьці займалася мастацкай гімнастыкай. І ўсё, ніхто не ведаў майго ўзроўню як трэнера. Нават адпраўлялі проста настаўнікам фізкультуры ў школу. А я ж адчувала, дакладна ведала, што ўжо ёсць за плячамі нейкая база, магу быць трэнерам. Аднак даводзілася чуць: «Ну, навошта вам вялікая зала? Пакойчык выдзелілі — патанцуйце сабе...». Так і бадзяліся доўгі час па залах у самых розных установах, пакуль у горадзе не пабудавалі спартыўны комплекс вучылішча алімпійскага рэзерву, дзе «мастачкам» ужо былі створаны даволі прыстойныя ўмовы для заняткаў. Тады і пайшлі пэўныя поспехі на ўзроўні рэспублікі. У гэты набор, дарэчы, і трапіла ў 1999 годзе Аня Дудзянкова да трэнера Людмілы Камісаравай, а потым да мяне.
— Але ж цяпер грэх скардзіцца на ўмовы для трэніровак...
— Праектам спартыўнага комплексу «Нёман», дзе мы цяпер займаемся, зала для мастацкай гімнастыкі не прадугледжвалася. Але аказалася, што ў зале, якая прызначалася для гульнявых відаў спорту, спаборніцтвы праводзіць нельга, і дзякуючы былому начальніку ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама Віктару Шніпко яе перадалі ў распараджэнне «мастачак». А міністэрства, дзяржаўны трэнер па мастацкай гімнастыцы Вікторыя Кушнір паклапаціліся аб забеспячэнні залы сучасным дывановым пакрыццём і ўсім іншым, што патрэбна для трэніровачнага працэсу.
— Прыгадайце свае ўражанні ад чэмпіянату свету ў Кіеве.
— Аня Дудзянкова цяпер трэніруецца ў Мінску ў Таццяны Нянашавай, а я прыехала ў Кіеў балельшчыцай. Беларусаў на трыбуне было няшмат, чалавек 10-15. Я сваім суседзям параздавала беларускія сцягі, а падчас выступленняў нашай каманды быццам сама была на пляцоўцы. Крычала: «Дзяўчаты, спакойна! Трымай! Лаві! Круці!». І калі бачыш, што яны чыста зрабілі адно практыкаванне, другое, а ў сапернікаў ёсць памылкі, то разумееш: мы — першыя! А потым балельшчыкі на трыбуне і нашы дзяўчаты на п'едэстале спявалі разам беларускі гімн. Першы куплет, другі, трэці... На трыбуне яшчэ можна прапусціць нейкае слова, а на дзяўчат скіравана камера і яны павінны спяваць бездакорна. Я пасля ўзнагароджання падышла да Ані: «Вы словы гімна добра ведалі, каб не сорамна было, калі пакажуць у інтэрнэце?» «Марына Анатольеўна, мы ведалі», — кажа.
Прыехала я ў Гродна пасля гэтага чэмпіянату і кажу сваім выхаванцам: «Дзеці, вучыце словы гімна. Гэта ж такі гонар — спяваць яго не п'едэстале!»
— Вы вельмі строгі трэнер?
— Я патрабавальны трэнер. Наколькі цяпер разумею, так мяне выхаваў Рэнальд Кныш. Так і ў мяне: вось мы зараз гутарым у трэнерскім пакоі, а дзяўчаты ў зале нешта самастойна робяць.
Гэтая патрабавальнасць, строгасць павінна быць, на мой погляд, не толькі на трэніроўках. Я так, у прынцыпе, і сына выхоўвала. Ён займаўся ў музычнай школе, але ў сёмым класе раптам вырашыў «завязаць». Я кажу: «Ведаеш, дарагі, калі твой настаўнік музыкі (такі ж патрабавальны, як я) палічыць, што ты ўжо дасягнуў свайго максімуму — тады заканчвай. А інакш даводзь распачатую справу да канца». Не без праблем, але пагадзіўся. Прыносіць дыплом: «Вось табе!» А потым, ужо 20-гадовым, купіў скрыпку і іграе. Цяпер ён, праграміст па адукацыі, кажа, што будзе лепшым у сваёй прафесіі і яго дзеці будуць ганарыцца ім так, як ён ганарыцца мной. І я пачынаю разумець, што, напэўна, не дарэмнай была мая строгасць.
— Хаця, вядома, не кожнаму наканавана дабіцца поспеху у той ці іншай сферы, у тым жа спорце...
— Бацькам маіх выхаванцаў я заўсёды кажу, што ў кожнага свой максімум. І не заўсёды нават вельмі здольнае дзіця можа нечага дасягнуць: павінна быць вялізнае жаданне і ўменне працаваць. Але кожнае дзіця я стараюся давесці да яго вышыні, рэалізаваць якасці, якія яму дадзены. І зусім неабавязкова, каб вынікам нашых заняткаў сталі спартыўныя поспехі. Мастацкая гімнастыка выхоўвае эстэтычны густ, а спорт увогуле — гэта пэўная мадэль жыцця, якая фарміруе асобу: у прыватнасці, вучыць цярпець боль, праходзіць выпрабаванне поспехам, нейкім негатывам і рабіць свае высновы на будучыню.
— Што гэта для вас — «Беларускі спартыўны Алімп»?
— Для мяне гэта перш за ўсё прызнанне нейкіх заслуг у працы з дзецьмі, прычым, паўтаруся, не толькі таго, што датычыцца спартыўных дасягненняў. Трэнер — гэта, напэўна, прызванне. Ім трэба нарадзіцца. І калі ты сваіх выхаванцаў не адчуваеш, не любіш, не разумееш, калі яны для цябе папросту нейкі «матэрыял» у трэнерскай кар'еры (за аднымі — іншыя), то нічога не атрымаецца. Лепш да дзяцей не падыходзь.
Мару пра тое, каб мае вучаніцы прыйшлі трэнерамі ў нашу школу, а я тады буду працаваць толькі з маленькімі дзеткамі. Мне больш за ўсё падабаецца ўзрост 6-8 гадоў, калі яны глядзяць на цябе ўдзячнымі вочкамі. І ты бачыш, як з нязграбных, гарбаценькіх, пузаценькіх «качанят» паступова фарміруюцца «парасткі». А потым глядзіш: якія ж прыгажуні!
Барыс ПРАКОПЧЫК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/barys-prakopchyk
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/28-24.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport
[5] https://zviazda.by/be/tags/grodna
[6] https://zviazda.by/be/tags/maryna-pratasava
[7] https://zviazda.by/be/tags/spartyunaya-gimnastyka