З кастрычніка мінулага года «Звязда» ўключылася ў акцыю па зборы сродкаў для мемарыяла «Урочышча Пяскі» ў Полацку. Так называецца вялікая пустка на левым беразе ракі Палата за Свята-Еўфрасіннеўскім манастыром, дзе з часоў Вялікай Айчыннай вайны ляжаць астанкі больш за 40 тысяч савецкіх ваеннапалонных (пераважна з перасыльнага лагера ДУЛАГ-125), падпольшчыкаў, партызан і мірных грамадзян. За амаль сем дзесяцігоддзяў гэтае месца так і не было прыведзена ў належны стан: дагэтуль чалавечыя косці размывае дажджавая вада і агаляюць вятры.
[caption id="attachment_30492" align="alignnone" width="600"] [4] Міхаіл Скрабін ля Сцяны памяці ва ўрочышчы Пяскі. Полацк, май 2013 года.[/caption]
Вясной 2013 года ўрочышча Пяскі разам са здымачнай групай расійскага федэральнага тэлеканала «Звезда» наведаў былы вязень двух полацкіх лагераў для ваеннапалонных Міхаіл Якаўлевіч Скрабін. У 1943-м яму пашчасціла ўцячы з нямецкага палону разам з 17 таварышамі. На працягу 50 пасляваенных гадоў ён кожны год у дзень вызвалення Полацка прыязджаў у гэты горад на сустрэчу з былымі партызанамі — сваімі баявымі таварышамі. Цяпер ён — апошні з партызанскай брыгады «Няў-
лоўныя», якая дзейнічала ў гэтых мясцінах у гады акупацыі. Журналіст беларускай газеты «Звязда» сустрэлася з гэтым незвычайным чалавекам, кавалерам ордэнаў Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны, «Знак пашаны», каб распытаць яго пра перажытае на беларускай зямлі.
Лічаныя імгненні ўраганнага агню...
Міхаіл Якаўлевіч дзеля нашай сустрэчы самастойна прыехаў з сяла Звягіна ў Падмаскоўі, дзе жыве, у Маскву. Гэты чалавек, нягледзячы свае 97 гадоў, выглядае маладжавым і бадзёрым. Ён кажа, што яшчэ тры гады таму рэгулярна наведваў басейн і да апошняга часу актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю ў Савеце ветэранаў. «Вядома, зрок ужо не той, ды сэрца ў мяне працуе на батарэйках, — кажа ён пра кардыястымулятар і дзеліцца ўласным рэцэптам даўгалецця: «Галоўнае — не кіснуць!»
Міхаіл Якаўлевіч падрыхтаваў да нашай сустрэчы вялікі альбом з фатаграфіямі ваенных гадоў. Такіх альбомаў ён, прафесійны фатограф, калісьці зрабіў шмат, каб раздаць сваім сябрам-партызанам. Дарэчы, падчас свайго аповеду ён ні разу не выкарыстаў словазлучэнне «былы партызан».
Ветэран з любоўю паказвае мне дарагіх яму людзей, расказвае пра спыненыя на фотаплёнцы імгненні незабыўнага перыяду свайго жыцця.
«На гэтай фатаграфіі наша брыгада ідзе на злучэнне з часцямі Чырвонай арміі. Аперацыя «Баграціён» скончылася. Я злез з каня, бо прыкмеціў высокае месца, з якога відаць усю брыгаду, якая расцягнулася ўздоўж дарогі».
«Гэта наш другі камандзір».
«Гэта я — камандзір разведвальна-дыверсійнай групы».
«Пераправа брыгады цераз раку, хлопцы вяртаюцца з задання, ідуць у ніжняй бялізне, штаны нясуць у руках»...
«Пахаванне Сашы Аганесяна. Так крыўдна, разведчык, армянін, загінуў за некалькі хвілін да злучэння з часцямі Чырвонай арміі... Да нас нашы войскі яшчэ не дайшлі, і раптам з'явілася інфармацыя, што сустрэлі савецкую конную разведку. Партызаны адразу сабралі коней і паляцелі туды. Саша Аганесян хварэў, яго адгаворвалі ехаць, але ён настаяў. Яны ўляцелі на конях у вёску, якая, мы ведалі, была амаль наша, а там аказаліся немцы, якія адыходзілі. З кулямётаў яны забілі каня, а Сашу куля прама ў лоб трапіла. Так недарэчна мы яго згубілі...»
У гэтым жа альбоме і кадры нямецкай хронікі, і пасляваенныя здымкі — са штогадовых сустрэч з ветэранамі ў Беларусі. У тым ліку — каля мемарыяльнага комплексу «Прарыў» пад Ушачамі.
— Калі немцы акупіравалі Беларусь, яны сталі агітаваць палонных савецкіх афіцэраў, і ім удалося перацягнуць на свой бок падпалкоўніка Уладзіміра Гіль-Радыёнава, — расказвае Міхаіл Скрабін. — Ён набраў з ваеннапалонных цэлы полк, увайшоў у давер да немцаў, але калі сабраўся з сіламі, разам з усім палком перайшоў на бок партызан. Вядома, усе партызаны ўздыхнулі з палёгкай, бо баяліся «радыёнаўцаў», сярод якіх было шмат кадравых ваенных. Немцы ж, калі прыступілі да буйнамаштабнай аперацыі «Вясновае свята» па знішчэнні Полацка-Лепельскай партызанскай зоны ў красавіку 1944 года, ведалі, дзе «радыёнаўцы» трымаюць абарону, і абрушылі на іх усю сваю моц. З паўтары тысячы байцоў 1-й антыфашысцкай партызанскай брыгады, якую ўзначальваў Гіль-Радыёнаў, загінулі больш за тысячу. У тым ліку сам камандзір.
Брыгада Міхаіла Якаўлевіча ў той кацёл не патрапіла, бо была, па яго словах, адной з самых мабільных у Беларусі, вельмі добра ўзброеная, з выдатна пастаўленай разведвальнай работай. Яна падпарадкоўвалася непасрэдна разведвальнаму ўпраўленню ў Маскве, якое ўзначальваў легендарны Павел Судаплатаў. Але ветэран добра ўяўляе, што давялося перажыць тым, хто аказаўся вясной 1944-га пад Ушачамі ў акружэнні ўтрая большых сіл праціўніка.
— Я чытаў успаміны дзяўчыны-кінааператара, якой удалося вырвацца з акружэння разам з партызанамі. Яна расказвала, што Уладзімір Лабанок, які кіраваў прарывам, загадаў ёй моцна трымацца за яго рэмень і так бегчы за ім, не адпускаючы руку, заплюшчыўшы вочы і высока падымаючы ногі, каб, не дай Божа, не ўпасці, — расказвае Міхаіл Якаўлевіч.
«Што такое начны прарыў?
— згадвала беларускі ваенны кінааператар Атылія Рэйзман. — Лічаныя імгненні ўраганнага агню. І бегу, што ёсць сілы. Аўтаматчыкі разарвалі акружэнне, і праз гарлавіну метраў у дзвесце вырвалася большая частка партызан...»
[caption id="attachment_30493" align="alignnone" width="600"] [5] Міхаіл Скрабін (у ніжнім радзе першы злева) на кінастудыі «Масфільм», 1938 год.[/caption]
«Сёння, а 4 гадзіне раніцы...»
У нядзелю 22 чэрвеня 1941 года, апоўдні па радыё было аб'яўлена аб нападзе немцаў на Савецкі Саюз. Увечары таго ж дня — абвешчаны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета аб мабілізацыі ваеннаабавязаных, якія нарадзіліся з 1905 па 1918 год. За год да гэтага Генеральны штаб правёў мабілізацыйную акцыю: выклікалі ўсіх, хто здольны трымаць зброю, і ўручылі мабілізацыйныя прадпісанні, у якіх напісана, з чым, куды і ў які час трэба з'явіцца ў выпадку абвяшчэння ўсеагульнай мабілізацыі. Міхаіл Скрабін, мастак-фатограф «Масфільма», у тыя дні знаходзіўся разам са здымачнай групай у камадзіроўцы і мабілізацыйнага прадпісання не атрымаў. Ён проста пайшоў разам з суседам-аднакашнікам, і яго забралі. Увечары 24 чэрвеня іх адправілі з Ленінградскага вакзала на поўнач, але потым эшалон накіраваўся ў бок Беларусі.
Яны ехалі больш за суткі. Двойчы на цягнік наляталі нямецкія самалёты, кожны раз састаў спыняўся, вайскоўцы разбягаліся ў розныя бакі, потым зноў збіраліся і рушылі далей. Канчатковым пунктам аказаўся Полацк.
— Нас апранулі, пастроілі і накіравалі ў полацкі ўмацаваны раён «Лініі Сталіна», — расказвае Міхаіл Якаўлевіч. — Увечары мы ўжо былі ў гарнізоне доўгачасовай агнявой кропкі (ДАК) №50 на ўскраіне вёскі Беламацейкава. Перад намі лес, дарога... Усе
ДАКі былі аснашчаны перыскопамі. Мяне прызначылі наводчыкам, назіральнікам. Увесь час сядзеў каля перыскопа, паварочваў ручкі і глядзеў, якія людзі ідуць па дарозе. Увечары мы ўжо ўбачылі зарава на захадзе, потым пачулі глухія гукі выбухаў. Пазней — перастрэлку. Немцы прарвалі фронт...
Па дарозе, на якую глядзеў Скрабін, бясконцым патокам рухаліся бежанцы. Перад яго вачыма дагэтуль стаіць тыповая карціна тых дзён: коніка вядзе пад аброць стары, на драбіны пагружаны ўвесь сялянскі скарб, наверсе маладуха корміць немаўля, побач у мяшку вішчыць на ўсю акругу свіння, а за прывязанай да драбін каровай крочыць маленькае дзяўчо з пруцікам.
— Глядзеў на гэтую трагедыю, а потым трошкі паварочваў ручку, і ў аб'ектыў перыскопа трапляў беласнежны ствол бярозы, блакітнае неба, птушкі, якія нічога не ведалі пра вайну... — Міхаіла Скрабіна ўражваў гэты кантраст, неспалучальнасць убачанага.
Іх ДАК быў аснашчаны трыма станковымі кулямётамі і адным ручным, для аховы з тылу ў выпадку акружэння. Кулямётных стужак, кажа ветэран, было столькі, што можна было страляць без спынення некалькі месяцаў — толькі паспявай ахалоджваць ствол. Але яны не зрабілі ніводнага стрэлу. Раптам паступіў загад зняць з ДАКаў узбраенне, забраць кулямётныя стужкі і пакінуць агнявыя кропкі.
— На апорным пункце ў лесе хутка фарміравалі новыя часткі, а немец ужо быў далёка: быў узяты Невель, баі ішлі пад Вялікімі Лукамі, — расказвае Міхаіл Якаўлевіч. — Камандзіры амаль усе былі прыпісныя, знакаў адрознення на абмундзіраванні не было. Чырвоным алоўкам малявалі на адкладным каўнерыку палачкі, ромбікі, квадраты, каб было відаць, што ідзе, напрыклад, камандзір роты.
Іх пастроілі. Камандзір палка аб'явіў, што полк называецца «50-ы зводны» і іх задача — вызваліць Невель, дэвіз: «Невель — наш! У гэтым наш паратунак». А да Невеля — 100 кіламетраў. Яны гэтыя 100 кіламетраў прайшлі так хутка, што дзень у іх свядомасці змяшаўся з ноччу. Спалі на хаду, утыкаючыся тварамі ў вінтоўкі тых, хто ішоў наперадзе.
«Гэта была самая вялікая праўда жыцця...»
Сцэны бою ў кіно заўсёды напоўнены спецэфектамі і чалавечымі эмоцыямі. Летам 1941-га 24-гадовы супрацоўнік кінастудыі «Масфільм» Міхаіл Скрабін упершыню ўбачыў месца, дзе сапраўдны бой толькі што скончыўся. На дарозе ляжаў распасцёрты немец. На яго жываце, на рэмені, — «парабелум», асабістая зброя малодшых афіцэраў. А далей, у кювеце, стаяў ручны кулямёт і сядзелі два кулямётчыкі. Хутка, без адзінага слова, яны набівалі патроны ў дыскавыя магазіны, бо ўжо ўсе дыскі былі расстраляны.
— Я больш за 70 гадоў памятаю гэтых двух хлопцаў у пілотках побач з забітым імі немцам, — з хваляваннем кажа ветэран. — Гэта была самая вялікая праўда жыцця, якую не ўбачыш ні ў адным фільме.
Іх роту кінулі пад Невелем у бой, каб адцягнуць увагу немцаў ад месца асноўнага прарыву.
— Мы ішлі вялікай калонай, магчыма, у тысячу чалавек, канца яе не было відаць. Спыніліся. Чуем ціхі загад: «Рота, тры крокі ўбок, разгарнуцца ў ланцуг і ісці ў іншы бок ад калоны». Ідзём. Цішыня такая, што чутно, як сэрца грукае. Уваходзім у жыта, і адтуль агонь — разрыўнымі. Мы пра разрыўныя тады ўпершыню даведаліся. Лажымся, нічога не бачым, чуем толькі свіст куль. Тады яшчэ не ведалі, што тая, якая прасвістала, — ужо не твая куля. Было адно жаданне — зарыцца ў зямлю, — калі Міхаіл Якаўлевіч апавядае, час, які аддзяляе яго сённяшняга, 97-гадовага, ад таго, маладога, што ляжаў у жыце пад кулямі, перастае існаваць.
— І раптам аднекуль справа даносіцца: «Ура-а-а!» Бліжэй, бліжэй... І ты разумееш, што не адзін, і падымаешся, і бяжыш разам з усімі наперад так хутка, як толькі можаш, нібы смерць не наперадзе, а ззаду...
Яны выбеглі да кінутых нямецкіх матацыклаў. Потым да дамоў, да агародаў, да дарогі... Тады ім удалося выйсці з акружэння. Але да асноўных савецкіх ваенных часцей яшчэ было далёка. Немцы рухаліся па дарогах на танках, матацыклах, грузавіках, а яны, у тым жа напрамку, — паміж дарогамі, ноччу, пешшу, губляючы апошнія сілы. Днём чакалі, пакуль сцямнее, потым адразу падымаліся і праходзілі на ўсход кіламетраў 10-15, бо летнія ночы кароткія. Спыняліся, капалі акопы. З-за недахопу рыдлёвак капалі сухую зямлю каскамі, фінкамі, збіваючы рукі ў кроў.
Міхаіл Якаўлевіч успамінае, як яны прыйшлі ў кінуты саўгас з закрытай фермай, дзе ляжалі здохлыя свінні. Як закопвалі гэтых жывёл, зноў ішлі. Пасля лёгкага ранення Скрабін патрапіў у медыка-санітарную роту, а потым ён і іншыя лёгка параненыя замянілі асабовы склад медсанбата, які адправілі на перадавую. І зноў бясконца доўгае адступленне.
— Не памятаю, што мы елі. У нас ужо не было коней, каб цягнуць павозкі, скончыліся патроны. Памятаю бульбяныя палі і загад: бульбу не капаць, а падкопваць, каб яна магла яшчэ падрасці. А мы ж адступаем, пакідаем гэтую зямлю немцам... Той, хто даў гэтую каманду, аднёсся да поля па-гаспадарску, але не па-ваеннаму, — з горыччу згадвае пажылы чалавек.
У пачатку кастрычніка пад Вялікімі Лукамі яго зноў параніла і яны зноў трапілі ў акружэнне. Тады камандзір роты сказаў: «Акружэнне не суцэльнае, невялікімі групамі выйсці з яго можна. Ідзіце на ўсход, арыентуйцеся па гуках». Кожнаму ўзводу даў камандзіра.
І яны пайшлі групамі. Групы то павялічваліся, то памяншаліся. Так яны ішлі дзён шэсць. Пачаліся дажджы. У нейкую сырую ноч на досвітку група, у якой быў Міхаіл Скрабін, знайшла старую зямлянку, камандзір прызначыў вартавога, усе астатнія паваліліся на земляную падлогу і паснулі мёртвым сном. Камандзір іх быў лёгка паранены ў галаву. Куля закранула толькі мяккія тканкі, але з-за гразі рана запалілася, пачаўся жар. Ён папрасіў вартавога прынесці вады з якой-небудзь лужыны, а сам задрамаў. У гэты час на зямлянку наткнуліся немцы. А ў нашых і вінтовак не было, бо ўсе яны былі з санітарнай роты. Так Міхаіл Скрабін трапіў у палон.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Працяг будзе.
Грошы на стварэнне мемарыяла «Урочышча Пяскі» можна пералічваць у Віцебскае абласное аддзяленне ГА «Беларускі фонд міру» на рахунак
№3135411066036 (у беларускіх рублях),
№3135411066502 (у доларах),
№3135411066805 (у расійскіх рублях)
у дырэкцыі ААТ «Белінвестбанк» па Віцебскай вобласці, код 153001739, УНП 300126736
______________________________________________________________________________________
«Мой бацька ляжыць у Пясках» [11]
Абавязак сыноў [12]
______________________________________________________________________________________
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/pamyac
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/1-31.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/1-32.jpg
[6] http://zviazda.by/2013/10/17747.html
[7] http://zviazda.by/2013/10/18404.html
[8] http://zviazda.by/2013/11/21717.html
[9] http://zviazda.by/2013/11/23468.html
[10] http://zviazda.by/2014/02/31564.html
[11] http://zviazda.by/2014/03/36978.html
[12] http://zviazda.by/2014/05/40409.html
[13] https://zviazda.by/be/tags/vyazen-dulaga
[14] https://zviazda.by/be/tags/dulag
[15] https://zviazda.by/be/tags/memaryyalurochyshcha-pyaski