У Магілёве адзначылі юбілей вядомага беларускага жывапісца, імя якога носіць абласны мастацкі музей вобласці.
Для Магілёва імя гэтага майстра вельмі шмат чаго значыць. Менавіта ён зрабіў гораду самы вялікі падарунак, перадаў яшчэ пры жыцці сваю ўнікальную калекцыю карцін. Яна стала першай у рэспубліцы прыжыццёвай аўтарскай галерэяй і размясцілася ў 4 залах абласнога мастацкага музея. Тут захоўваецца і апошняя з яго работ, якая так і засталася няскончанай: сярод рознакаляровых аблокаў нябеснай плыні імкліва ляціць увысь лёгкая постаць анёла. Глядзіш на яго і, здаецца, пачынаеш разумець, аб чым думаў мастак, калі дакранаўся пэндзлем да палатна.
Аб тым, што Павел Масленікаў заўсёды быў рамантыкам і вельмі любіў маляваць аблокі, казалі і падчас святкавання яго юбілею ў абласным мастацкім музеі. Як адзначыла яго дачка Вера Пракапцова (яна прыехала ў Магілёў разам са сваім мужам, дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімірам Пракапцовым), бацька заўсёды лірычна казаў пра аблокі: гэта тая істота, што звязвае нас і нябёсы. «І мне здаецца, што ён і зараз нас бачыць і чуе», — прызналася яна. Вера Пракапцова заўсёды жаданы госць у музеі. На гэты раз яна прэзентавала сваю чарговую кнігу «Павел Масленікаў» з серыі «Вядомыя мастакі Беларусі».
— Я вельмі ўдзячна музею, што тут захоўваецца тая аўра, у якой ён жыў, — звярнулася яна да кіраўніцтва ўстановы. Тут я адчуваю сябе як дома.
Пра мастака шмат добрых слоў казалі кіраўнікі музея, мастацтвазнаўцы, прадстаўнікі мясцовай улады.
— Павел Масленікаў здзейсніў грамадзянскі подзвіг, назаўсёды пасяліўшыся тут, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка
. — Ён пражыў нялёгкае жыццё, ваяваў, працаваў у вядучых установах культуры краіны, але ніколі не забываў аб сваёй малой радзіме, аб сваіх невялічкіх Княжыцах, дзе ён нарадзіўся.
Ад імя аблвыканкама Валерый Малашка перадаў музею сертыфікат на 200 мільёнаў рублёў на мастацкае афармленне залаў.
Падчас святкавання адбыліся ўрачыстае гашэнне канверта з выявай Паўла Масленікава, які супрацоўнікі «Белпошты» прымеркавалі да юбілею мастака, а таксама прэм'ера дакументальнага фільма «Сёмае неба Паўла Масленікава», створанага супрацоўнікамі тэлерадыёкампаніі Магілёў — рэжысёрам Андрэем Пачалавым і рэдактарам Ганнай Лапо. На жаль, не існуе кінематаграфічных стужак з удзелам народнага мастака. Аб ім вядуць гаворку яго дачка, сын, вучні. Але фільм атрымаўся настолькі душэўны і эмацыянальны, што Вера Пракапцова нават не ўтойвала слёз, калі глядзела яго.
Павел Масленікаў стаяў ля вытокаў міжнароднага праекта «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве», які зараз кожны год праходзіць на Магілёўшчыне. Гэтай вясной пленэр будзе прысвечаны 100-гадоваму юбілею майстра. Мастакі з розных краін з'едуцца ў вёску Княжыцы Магілёўскага раёна, дзе прайшло дзяцінства мастака. На будынку школы, дзе ён вучыўся, плануецца адкрыць мемарыяльную дошку ў яго гонар.
Дарэчы, юбілей жывапісца адзначаць таксама ў Вялікім тэатры оперы і балета і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе ён у свой час працаваў. А 7 лютага адкрыецца рэтраспектыўная выстава «Павел Масленікаў і яго вучні» ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kultura-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/4-38.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[6] https://zviazda.by/be/tags/valeryy-malashka-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/pavel-maslenikau-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/magilyou-0
[9] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-zhyvapisec