«У суботу ў школе адбудзецца праверка занятасці дзяцей і бацькоў у шосты школьны дзень. Але, на жаль, бацькі апошнім часам у суботу ў школу рэдка заглядваюць. Што рабіць настаўніку, які перажывае за вынікі праверкі? Як яму зацікавіць у школьных мерапрыемствах і дзяцей, і іх бацькоў?» Усяго дзве хвіліны на складанне палымянай прамовы, якая дазволіць пераканаць і першых, і другіх у карыснасці шостага школьнага дня, былі ва ўдзельнікаў ІІІ Рэспубліканскага фестывалю педагагічнага майстэрства «Педагог-майстар — маладому настаўніку».
6-11
Знайсці патрэбныя аргументы — няпростая задача нават для вопытнага настаўніка. Між іншым, удзельнікамі бліц-турніру на сцэне былі маладыя педагогі, якія яшчэ толькі пачынаюць спасцігаць азы педагагічнай прафесіі. А задачкі сыпаліся на іх адна складанейшая за другую. Як правесці агітацыйную работу з бацькамі так, каб выканаць «спушчанае» зверху распараджэнне і не сарваць запланаваную «добраахвотную акцыю»? Як пераканаць старшакласніцу адмовіцца ад выкарыстання дарагой касметыкі, калі яе бацькі не маюць нічога супраць «бяскрыўднага захаплення» сваёй дачкі? Як супакоіць агрэсіўна настроеную маці вучня, што абураецца «несправядліва нізкімі» адзнакамі сына? А як «заманіць» у школу бацьку вучня, калі той катэгарычна адмаўляецца ад удзелу ў бацькоўскіх сходах па прычыне сваёй пастаяннай занятасці? З нейкімі заданнямі маладыя педагогі справіліся паспяхова, з нейкімі — толькі часткова, а «ключ» да некаторых так і не знайшлі. Таму парады эксперта, у ролі якога выступаў доктар псіхалагічных навук, прафесар Уладзімір Янчук, былі для іх вельмі карыснымі. Дэкан факультэта прафесійнага развіцця спецыялістаў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі тлумачыў маладым настаўнікам, як годна выйсці са складанага становішча, як не пакрыўдзіць ні вучня, ні бацькоў, як пераканаць іх, зрабіўшы сваімі саюзнікамі.
Выміраючы від?
Што адразу кідалася на фестывалі ў вочы, дык гэта вялікая колькасць сярод яго ўдзельнікаў педагогаў-мужчын, што шчыра кажучы, не зусім характэрна для нашых школ. Можна сказаць, што мужчына ў педагогіцы — гэта від, які вымірае. Калі ў Мінскай вобласці склалі партрэт маладога педагога, высветлілася, што сярод маладых школьных настаўнікаў усяго 12% мужчын. А колькі іх застанецца на «прышкольнай арбіце» праз год—два, калі адпрацоўка па размеркаванні завершыцца ці калі мужчыну давядзецца ўтрымліваць сваю сям'ю?
Але фестываль — гэта найперш свята, дзе пра будні школьных настаўнікаў можна весела і трапна жартаваць і зрываць апладысменты залы, якая разумее цябе літаральна з паўслова. «Праблемы ў асабістым жыцці? Ідзі працаваць у школу. Ніякага асабістага жыцця — ніякіх праблем». «Веды ў нас даюць бясплатна. А ці многа даюць?»
Зборная каманда маладых педагогаў Гомельскай вобласці іранічна абыграла на сцэне ўсе амплуа сучаснага настаўніка, якому даводзіцца быць адначасова і мастаком-афарміцелем, і сацыяльным работнікам, і псіхолагам, і арганізатарам, і медработнікам, і экскурсаводам, і спартсменам, і бардам, і паэтам, і выканаўцам, і акцёрам, і рэжысёрам, і пажарным, і кухарам... «Што ні скажуць, здзейсніць змог усёмагутны педагог!»
Маладыя педагогі сталіцы зладзілі на сцэне сапраўднае шоу: «племя педагогаў» перадавала нашчадкам 10 законаў педагагічнай прафесіі.
«Няхай дзеці твае чакаюць настаўніка свайго, як птушаняты ў халодным гняздзе. Прыходзь да іх на ўрок з ежай для розуму. Не ляці на ўрок з пустым ротам. Каб вучыць, трэба самому быць вучоным».
«Няхай сіла льва, сябар мой, авалодае розумам і сэрцам тваім, толькі самага смелага і ўпэўненага звяра прызнаюць царом сваім. Царствуй, але не пануй, каб самы слабы мог прыйсці да цябе і звярнуцца па дапамогу»,
«Стань усім апорай, будзь самым хітрым і імклівым у зграі сваёй».
Ну, а песня «О, божа, які настаўнік!», пакладзеная на мелодыю леташняга хіта, і ўвогуле мае ўсе шанцы стань гімнам маладых педагогаў.
6-7
Працаголік і альтруіст
Прадстаўнікі Мінскай вобласці прэзентавалі на фестывалі калектыўны партрэт маладога педагога. Сярэдні ўзрост — 23,095 года. Сярэдні памер нагі — 38,047. Сярэдні заробак — 2,89 млн рублёў. Сярэдняя вучэбная нагрузка — 25,476 гадзін на тыдзень. Захапленні — чытанне кніг, ёга, дрэсіроўка сабакі, пілатэс, вандроўкі, тапіярый з сурвэтак, спевы ў душы і не толькі... Усе маладыя настаўнікі Міншчыны з'яўляюцца прасунутымі карыстальнікамі персанальных камп'ютараў. 24% умеюць працаваць з інтэрактыўнай дошкай. Хто-ніхто «заблытаўся ў сацыяльных сетках».
Цікавымі здаюцца адказы маладых настаўнікаў наконт бачання сябе ў педагогіцы. На іх думку, настаўнік — гэта выхавальнік, таварыш, вечны вучань, акцёр, адкрывальнік, місіянер, мудрэц, працаголік, інтэлігент, нянька, альтруіст, філантроп, скульптар, абслуга, бацька, камандзір і эталон цярплівасці.
На работу настаўнікам маладых спецыялістаў натхніла: мара дзяцінства (8%), любімыя настаўнікі (24%), любоў да дзяцей (20%), выпадковасць (12%), профільнае навучанне (16%). Але 8% прызналіся, што ўвогуле не збіраліся станавіцца настаўнікамі.
«Ці плануеце вы застацца ў адукацыі?» — пацікавіліся ў моладзі. «Не планую» — адказалі 5% апытаных. «Яшчэ не вырашыў» — 30%. «Некалькі гадоў, а далей па абставінах» — 30%. «Калі ў адукацыі штосьці зменіцца ў лепшы бок, то доўга» — 25%. «Да пенсіі» — 10%.
Ад кіраўніцтва маладыя педагогі чакаюць: чалавечага стаўлення, цярплівасці і павагі, разумення і лаяльнасці, матэрыяльнай падтрымкі, «адкрытасці да маіх ідэй», «каб дырэктар не нагружаў мяне». Але ёсць і такія, якія ні на што не спадзяюцца.
«Калі б была магчымасць, што б вы сказалі міністру адукацыі?» — «Папяровая работа забірае час ад зносін з дзецьмі», «Што мне рабіць, калі нават некаторыя калегі прапануюць адпрацаваць і знайсці больш высокааплатную работу?», «Падтрымайце прэстыж прафесіі педагога, у тым ліку і матэрыяльна».
Каб не збеглі
Аб прэстыжы прафесіі педагога і місіі настаўніка разважала і заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, педагог з больш чым паўвекавым стажам, кіраўнік рэспубліканскіх інавацыйных праектаў Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ:
— Наша з вамі прафесія — унікальная: яна самая галоўная, самая творчая, самая цяжкая, самая нервовая і бязлітасная, самая небяспечная, самая высакародная і ўдзячная, самая інтэлектуальная і рамантычная. Па напружанасці работу настаўніка можна параўнаць з работай авіядыспетчара моцна загружанага міжнароднага аэрапорта ў цяжкіх метэаўмовах: то ўзлёт, то пасадка; то дажджы, то туман.
Ад настаўніка вельмі многага чакаюць. Яшчэ філосаф Платон казаў: калі шавец будзе дрэнным майстрам, то дзяржава ад гэтага не пацерпіць, а вось калі грамадзян будуць выхоўваць дрэнныя, недасведчаныя настаўнікі, то мы пацерпім ад гэтага ўсе. Дык ці можа быць непрэстыжнай прафесія настаўніка? Хто і што робіць яе прэстыжнай? Прэстыжнай яе робяць перш за ўсё людзі, якія выконваюць самую важную місію на Зямлі. Ад нас з вамі залежыць вельмі шмат. І памыляцца мы права не маем. Напоўніць жыццё сэнсам — місія настаўніка. І толькі калі мы даб'ёмся, каб у педагагічныя ВНУ пайшлі самыя таленавітыя, самыя адораныя, самыя добрыя людзі з высокім духоўным і асобасным патэнцыялам, тады і зможам сказаць, што сваю місію выканалі цалкам. Задача настаўніка — вырасціць другога настаўніка. Самае галоўнае, каб вы не збаяліся і не ўцяклі. Толькі адданасць прафесіі і жаданне ёй адпавядаць дапаможа вам стаць шчаслівымі і паспяховымі настаўнікамі.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Фота аўтара
Даведка «Звязды»
Фестываль педагагічнага майстэрства «Педагог-майстар — маладому настаўніку» прайшоў ужо ў трэці раз. На працягу двух дзён сваім досведам з маладымі педагогамі дзяліліся члены клуба «Хрустальны журавель», які аб'ядноўвае ўдзельнікаў рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў «Настаўнік года». Для маладых педагогаў былі арганізаваныя майстар-класы па кожным прадмеце, па выкарыстанні на ўроках інтэрактыўных тэхналогій, арганізацыі шостага школьнага дня, правядзенні класных гадзін і іншыя.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/6-11.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/6-7.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/praverka-zanyatasci-dzyacey-i-backou
[6] https://zviazda.by/be/tags/shkola
[7] https://zviazda.by/be/tags/ganna-dabryneuskaya