Размова пойдзе аб гарадской паліклініцы № 2, якая з'яўляеца структурным падраздзяленнем дзяржаўнай установы аховы здароўя «Мазырская цэнтральная гарадская паліклініка» і якую мы наведалі, каб даведацца, што апошнім часам з'явілася новага ў дзейнасці яго персаналу. На гэтае пытанне кіраўнік установы Вольга Адаменка адказала так: «Атрымалі новы сучасны ўльтрагукавы апарат ALOCA (Альфа 5), устанавілі яго і асвоілі. Апарат гэты з'явіўся дзякуючы спонсарскай дапамозе мясцовага нафтаперапрацоўчага завода».
— А што, раней паліклініка не мела такога неабходнага абсталявання?
— Было яно ў нас, дзейнічала, але магчымасці яго былі куды меншыя, чым у апарата ALOCA, — адказала Вольга Валянцінаўна, — бо не дазваляла ўрачам выяўляць тыя паталогіі, якія ўстанаўлівае новае абсталяванне. І для нас гэта значны крок наперад.
Мы паназіралі за работай апарата, і Вольга Валянцінаўна пашырыла нашы веды аб яго магчымасцях. Напрыклад, ён паляпшае дыягностыку кардыялагічнай паталогіі і паталогіі сасудаў, выяўляе наяўнасць паталогіі сэрца, удакладняючы ступень цяжкасці яго паражэння. Палепшылася таксама якасць агляду шчытападобнай залозы і даследаванні сасудаў ног і брахіяцэфальных артэрый і г.д.
Адным словам, «японец» усё робіць якасна і надзейна, пашырыўшы, апроч названага, колькасць ультрагукавых даследаванняў. У паліклініцы функцыянуюць два тэрапеўтычныя аддзяленні, аддзяленні медыцынскай рэабілітацыі з 25 ложкамі дзённага знаходжання з двухзменным рэжымам работы, аддзяленне прафілактыкі. Летась у ёй з'явіўся новы аўтамабіль для транспартнага абслугоўвання пацыентаў, якія пражываюць у аддаленай мясцовасці і без дапамогі ўрачоў абысціся не могуць.
Дарэчы, на тэрыторыі абслугоўвання паліклінікі жыве 39035 чалавек, а «магутнасць» яе складае 610 наведванняў у змену. Персанал стараецца выконваць сваю работу добрасумленна, пра што сведчаць шматлікія падзякі ўрачам і медыцынскім сёстрам.
Фота Любові Бяляевай.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/узи.jpg
[3] https://zviazda.by/be/tags/lyubou-byalyaeva
[4] https://zviazda.by/be/tags/mazyrskaya-centralnaya-garadskaya-paliklinika
[5] https://zviazda.by/be/tags/volga-adamenka
[6] https://zviazda.by/be/my-razam-belarus