Такую прыгажосць прыроды, як у наваколлях кукурузакалібровачнага завода, рэдка дзе пабачыць можна. Лясы ды пералескі, куды летам дзікі заглядваюць, і якія кагосьці з завадчан у час абедзенных перапынкаў грыбамі-ягадамі адорваюць, здаецца нам, быццам навыперадкі бягуць: то шпарка з пагоркаў уніз, то, наадварот, павольна знізу ўгору.
А якая прастора ды прыволле ўзімку! Калі па зеляніне дрэў снежныя шапкі — карункі развешаны, нібы шкляная, ціш стаіць, а паўсюдна пульхнымі коўдрамі бялюткі-бялюткі снег разлёгся, працяты бадзёрым марозцам. Адным словам — любата: ёсць на што паглядзець, ёсць чым захапляцца. Так падалося нам, творчай брыгадзе газеты, калі па службовых справах наведаліся нядаўна на завод, і напачатку былі ў недаўменні, калі ад двух работнікаў яго пачулі такую фразу: «Хаця б гэта хутчэй скончылася». На пытанне «чаму?» адказ быў наступны: «Працы няма на поўную катушку». Што праўда, то праўда. Але аб усім па парадку.
Кукурузакалібровачны завод з'яўляецца структурным падраздзяленнем рэспубліканскага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Эксперыментальная база «Крынічная». Ён быў пабудаваны згодна з адпаведным указам кіраўніка дзяржавы ў 2004 годзе і з'яўляецца другім па ліку ў Рэспубліцы Беларусь па сваім профілі (яшчэ адна такая гаспадарка ёсць на Брэстчыне). Прадпрыемства закупляе насенне кукурузы так званай «бацькоўскай лініі» ў Францыі, ва Украіне, у Малдове, разводзіць яе з усімі неабходнымі «атрыбутамі» і прадае іншым гаспадаркам краіны. Яго сыравіннай зонай з'яўляюцца некалькі гаспадарак Мазырскага, Лоеўскага, Калінкавіцкага, Хойніцкага, Рэчыцкага і Ельскага раёнаў, якія вырошчваюць кукурузу ў пачатках на насенне, пастаўляюць іх на завод, дзе яна дапрацоўваецца (высушваецца, абмалочваецца), атрыманае зерне пратраўліваецца і затым рэалізуецца. Набываюць гэтае насенне ўсе вобласці рэспублікі, акрамя хіба што Брэсцкай.
Як расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце эксперыментальнай базы «Крынічная» Васіль Кохан, пад «каралеву палёў» гаспадарка адводзіць да 60 працэнтаў ворыва, засяваючы больш тысячы гектараў зямлі кукурузай, прызначанай на атрыманне насеннага матэрыялу.
Да гутаркі далучыўся начальнік вытворчасці завода Уладзімір Гаранскі, які паведаміў, што першая чарга новабудоўлі (а гэта адміністрацыйны будынак, аддзяленні сушыльнае, прыёмнае, абмалоту і лініі каліброўкі і пратручвання) уступіла ў строй у вышэйназваным годзе, і прадпрыемства атрымала тады кукурузных пачаткаў усяго 400 тон. У наступныя гады завод пашырыў свае вытворчыя магутнасці, і сёння яны разлічаны на выпуск дзесяці тысяч тон насення, а з пускам апошняй чаргі гэтая лічба павялічыцца яшчэ на дзве тысячы.
Колькі насення выдавала «на-гара» прадпрыемства ў мінулыя гады? Было па-рознаму: і па 11,5 тысячы тон і па 6 тысяч. Бо ў многім усё залежала ад «нябеснай канцылярыі». Ад ураджаю мінулага года будзе рэалізавана 10 тысяч тон насення кукурузы, частка якога будзе засеяна для атрымання насення, а частка — для атрымання зялёнай масы на корм жывёле.
— Па сваіх якасцях наша насенне, якое з'яўляецца элітным, — працягвае свой аповед Уладзімір Пятровіч, — саступае хіба што толькі французскаму. Бо і тэхнічная аснашчанасць прадпрыемства нядрэнная (апошняя чарга яго задзейнічана ў вытворчасці па нямецкай тэхналогіі), і калектыву завода прафесіяналізму не пазычаць. Усё робіцца згодна з нарматыўнымі актамі, своечасова і якасна.
Перш за ўсё — тэхналогія
Калі гэта так, дык чаму тады пэўная незадаволенасць на тое, што, маўляў, прырода не дае працы «на поўную катушку»? А справа вось у чым. Як паведаміў нам намеснік дырэктара эксперыментальнай базы Мікалай Дапіра, некаторыя памяшканні першай чаргі завода былі пабудаваны па так званым летнім варыянце, без належнага ацяплення. На той час на прадпрыемстве кукуруза дапрацоўвалася да насеннай гатоўнасці і захоўвалася ў колькасці 2,5 тысячы тон. З гэтай работай праблем не было, бо ў мінімальна адведзеныя тэрміны з работай спраўляліся да наступлення моцных маразоў. Іншая справа цяпер. Вось ударылі яны так, што тэмпература перасягнула дзесяціградусную мінусавую адзнаку, і калібраваць кукурузу ў тых памяшканнях, якія добра не ўцеплены, катэгарычна забаронена згодна з тэхналогіяй. Бо зерне астывае і пры каліброўцы трэскаецца, што прывядзе потым да акіслення і гібелі зародка. Пратручваць яго таксама забаронена ў такіх умовах.
— Вытворчыя працэсы, — гаворыць Мікалай Іванавіч, — у нас ішлі як належыць, згодна з графікам і ўсімі тэхналагічнымі патрабаваннямі, пакуль сярэдняя тэмпература ў сіласах часовага захоўвання насення адпавядала норме: плюс-мінус два градусы. Калі ж слупок тэрмометра апусціўся да адзнакі мінус тры градусы, мы спынілі пэўныя віды работ. У тым ліку і каліброўку насення. Бо якая ж усходжасць яго будзе на палях?
— Значыць, самыя строгія адносіны да захавання тэхналогіі?
— А як жа! Яна — перш за ўсё, ад чаго залежыць астатняе. У нас кантроль і парадак павінны быць усюды.
Не на поўную «катушку»?
Што гэта так, мы ўпэўніліся, калі пабывалі на некаторых участках завода. Адзін з самых важных — лабараторыя, дзе яе работнікі Валянціна Панамарэнка, Любоў Барысенка, Ірына Лямешка, Таццяна Майстрэвіч, Вераніка Якуш займаліся праверкай насення на глыбіню пратручвання і ўсходжасць. Лабараторыя акрэдытавана, добра аснашчана неабходным абсталяваннем і прыборамі, і вынікі яе работы правяраюцца пасля па многіх адпаведных пазіцыях у насенных інспекцыях і лабараторыях Гомеля, Горак і філіяла Палескага інстытута раслінаводства, куды паступаюць доследныя ўзоры адкалібраванага насення з кожнай партыі адпраўкі іх спажыўцам.
Дзе ішла праца яшчэ? Там, дзе можна было яе выконваць. Тэрыторыя ачышчалася ад снегу, які выпаў за дзве апошнія ночы, перавозілася гатовая прадукцыя на склады, сартаваліся партыі насення, у вышэйзгаданыя лабараторыі адпраўляліся ўзоры насення для праверкі на гібрыднасць, чысціню і ўсходжасць, выконваліся складскія работы. Зазірнулі на ўчастак пратручвання насення: і там завіхаліся рабочыя. А вось і цэх каліброўкі, дзе насенне фарміруецца на фракцыі дыяметрам 4х6, 6х8, 8х10 міліметраў — і круглыя, і плоскія. Аператар пульта кіравання Эльвіра Дашкевіч патлумачыла, што тут працуюць усяго тры чалавекі (разам з ёй) і працэс цалкам аўтаматызаваны. Шкада толькі, што цэх (па названых прычынах) не можа разгарнуцца ў поўную сілу. Каліброўка ідзе толькі таго зерня, якое захоўвалася ва ўцепленым памяшканні.
— З пускам другой і трэцяй чаргі прадпрыемства, — праясніў сітуацыю начальнік вытворчасці завода Уладзімір Гаранскі, — некаторыя ўчасткі ўжо былі забяспечаны цяплом. Мы захоўваем тэмпературу ўнутры іх таксама з дапамогай каларыфераў.
Пасля адбылася наша сустрэча з намеснікам дырэктара па раслінаводстве Уладзімірам Сухоцкім, і ён прадоўжыў кукурузную тэму, сказаўшы, што летась у гаспадарцы пад кукурузу на зялёную масу і насенне было адведзена тры тысячы гектараў, што пачаткаў было сабрана па 90 цэнтнераў з гектара, а ў пераводзе на насенне гэтая лічба ператварылася ў 45 цэнтнераў, што з'яўляецца для прадпрыемства добрым паказчыкам.
А на палях ды фермах...
— Наша прадпрыемства, якое ўзначальвае Мікалай Рубаха (які падчас гутаркі знаходзіўся ў водпуску), — падагульняе гутарку яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Васіль Кохан, — з'яўляецца шматгаліновым. Асноўны кірунак — мяса-малочны. Дзейнічаюць тры малочныя комплексы, у двух з якіх утрымліваюцца дойныя статкі чорна-пярэстай і ў адным — сіментальскай пароды. Агульная колькасць кароў — 1750. Дарэчы, мы — адзіная ў краіне гаспадарка, дзе вырошчваюцца «сіменталкі», і нам было прыемна, што летась Міністэрства заахвоціла нас прэміяй у 600 мільёнаў рублёў за захаванне гэтага генафонду.
Ёсць і ферма, дзе жывёла знаходзіцца на адкорме. Валавыя прывагі яе за мінулы год склалі 960 тон, што на 9 працэнтаў вышэй за паказчык года папярэдняга, сярэднясутачныя прывагі адной жывёліны — 808 грамаў (тэмп росту — 104,7 працэнта). Валавая вытворчасць малака за ўказаны перыяд — 8540 тон, а сярэднія надоі на адну карову — 5027 кілаграмаў (тэмп росту і там і там — 109,3 працэнта).
Кожны дзень прадпрыемства здае дзяржаве 20 тон малака і кожны месяц — на адзін мільярд рублёў мяса. У цэлым з улікам продажу кукурузы гаспадарка за мінулы год атрымала выручку ў суме 160 мільярдаў рублёў. Прычым яна на аднаго працаўніка склала амаль 347 мільёнаў рублёў супраць 217 мільёнаў у 2012 годзе.
Эксперыментальная база па праве лічыцца насенняводчай гаспадаркай, таму ў ёй ажно пяць аграномаў. Яна культывуе элітнае насенне бульбы, збожжавых і зернебабовых культур (пра кукурузу мы ўжо гаварылі), тэхналогія вырошчвання якіх адпрацавана. Поспехі ёсць і ў галіне раслінаводства.
Цяпер калектыў гаспадаркі заняты падрыхтоўкай да веснавой сяўбы. Ужо цалкам завершана апрацоўка насенных матэрыялаў яравых культур, ідзе накапленне мінеральных угнаенняў, на палі ўжо вывезена 35 тысяч тон арганікі пры плане 59 тысяч. Ідзе актыўная работа па падрыхтоўцы тэхнікі: набываюцца запчасткі да яе, адрамантаваны пасяўныя агрэгаты і машыны для ўнясення мінеральных угнаенняў. Калектыў мае намер дасягнуць і сёлета ў сваёй рабоце новых вышынь.
Матэрыялы спецвыпуску падрыхтавалі Віктар БОЙКА, Алена ДАЎЖАНОК.
Фота Любові БЯЛЯЕВАЙ, Аляксандра ЗАЗУЛІ і з архіваў арганізацый.
РСУП «Эксперыментальная база «Крынічная»
247781, Мазырскі раён Гомельскай вобласці, п. Крынічны
Тэл./факс: (8 0236) 39 84 24, 39 84 10
e-maіl: krіnіchnaya@tut.by [11]
УНП 400064760
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/IMG_3703.jpg
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/IMG_3732.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/IMG_3783a.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/IMG_3799.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/IMG_3830.jpg
[7] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/IMG_3776.jpg
[8] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/IMG_3741a.jpg
[9] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/IMG_3862.jpg
[10] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/IMG_3697.jpg
[11] mailto:kr%D1%96n%D1%96chnaya@tut.by
[12] https://zviazda.by/be/tags/lyubou-byalyaeva
[13] https://zviazda.by/be/tags/alena-dauzhanok
[14] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-zazulya
[15] https://zviazda.by/be/tags/viktar-boyka
[16] https://zviazda.by/be/tags/eksperymentalnaya-baza-krynichnaya-0
[17] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-garanski
[18] https://zviazda.by/be/tags/vasil-kohan
[19] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-dapira
[20] https://zviazda.by/be/tags/rsup-eksperymentalnaya-baza-krynichnaya
[21] https://zviazda.by/be/my-razam-belarus