Цягам трох дзён у Нацыянальнай школе прыгажосці было цесна і шматлюдна. Ахвотнікі на іншых паглядзець і сябе паказаць ішлі бясконцым патокам, спрабуючы пераканаць адборачную камісію, што менавіта яны найбольш вартыя тытулаў першых прыгажунь і прыгажуноў. Атрымлівалася, зразумела, далёка не ва ўсіх.
Спартсменка, камсамолка... Далей — як пашанцуе
[4]Нагадаем, нацыянальны конкурс «Міс Беларусь» праводзіцца ў нашай краіне раз у 2 гады, пачынаючы з
1998-га. Магчыма, таму празмернага ажыятажу ён ужо не выклікае. А можа, справа ў леташнім скандале вакол конкурсу «Міс Мінск», пасля якога тыя, хто меў неасцярожнасць выкласці ў інтэрнэт сумніўныя па змесце фота, за кіламетр абыходзяць усякія кастынгі. Так ці інакш, але натоўпу каля дзвярэй мы не заўважылі.
— Сёлета няма такога наплыву, як у мінулыя гады, калі ішлі тысячы дзяўчат, — пацвердзілі гэтае ўражанне ў службе рэгістрацыі.
У кіраўніка дырэкцыі спецпраектаў АНТ Анжэліны Мікульскай іншае назіранне: «Я не сачу за колькасцю, але заў-
важаю пэўныя тэндэнцыі. Кожны конкурс у чымсьці адметны, і загадзя ніколі не скажаш, якім ён будзе. Напрыклад, адзін год ішлі вельмі высокія дзяўчаты — ад 180 і вышэй. Іншым разам было вельмі шмат брунетак — літаральна кожная другая. А сёлетні трэнд — спартсменкі. Прычым гэта не проста захапленне актыўным ладам жыцця. Многія дзяўчаты маюць сур'ёзныя дасягненні: яны майстры па розных відах спорту — баскетболе, плаванні, лёгкай атлетыцы, біятлоне, гімнастыцы. Ёсць нават чэмпіёнкі. І гэта, па шчырасці, вельмі прыемна». У астатнім адбор праходзіў па адпрацаванай схеме: гутарка і дэманстрацыя талентаў, дэфіле ў купальніках, фотасесія. Хто паспяхова прайшоў усе тры этапы, неўзабаве пачуе званок з тэлеканала АНТ і ўключыцца ў падрыхтоўку да конкурсу.
Але галоўную ўвагу сёлета ўсё ж прыцягваюць конкурсы-дэбютанты — пошук ідэальнага мужчыны і найпершай прыгажуні сярод замужніх беларусак.
З
дэкрэта — на подыум. Паходкай «ад сцягна»
Прызнацца, я гатова была пабіцца аб заклад, што на кастынг «Місіс Беларусь» прыйдуць выключна маладыя жанчыны да 25 гадоў, якіх адрознівае ад «міс» толькі наяўнасць штампа ў пашпарце і дзіцяці. Спачатку сапраўды так і было: ці не кожная другая кандыдатка адзначала, што знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску з дзіцем ад 6 месяцаў да 2,5 года і прыйшла ў многім дзеля таго, каб вырвацца з кола штодзённых спраў. Дый вонкава кандыдаткі былі падобныя: стройныя, нават хударлявыя, даўганогія і спрэс на «шпільках». «Дзе жанчыны з формамі?» — разгублена абмяркоўвала журы. Аказваецца, варта было толькі пачакаць. Пасля працоўнай пятніцы, у выхадныя, падцягнуліся самыя розныя кандыдаткі: і студэнткі, і выкладчыцы, і эканамісты, і ўрачы, і спартсменкі, і рэжысёры, і псіхолагі, і музыканты, і балерыны, і хатнія гаспадыні, і шматдзетныя мамы і нават... бабулі.
[5]Вырашылі паспытаць шчасця жонкі тэлевядучага Дзяніса Кур'яна і спевака Паўла Клышэўскага, якім, праўда, суддзі ніякіх патуранняў не рабілі. Давялося вытрымаць строгі экзамен і жонцы Дзмітрыя Молаша (футбаліст «Дынама-Мінск»), Кацярыне. Нават тое, што яна сама майстар спорту па фігурным катанні і мама дваіх дзяцей, не ўразіла суддзяў настолькі, каб прапусціць жанчыну ў наступны тур. «Давайце, можа, народзім яшчэ адно дзіця, паднабяром форму і праз год-другі паспрабуем зноў?» — прапанаваў удзельнік судзейскай калегіі, стыліст Аляксандр Кірынюк. Некаторых кандыдатак прапускалі «авансам», з абавязковай умовай крыху пахудзець альбо прывесці мышцы ў тонус, іншых, наадварот, хвалілі за тое, што здолелі захаваць выдатную форму незалежна ад колькасці пражытых у шлюбе гадоў і народжаных дзяцей. Камусьці дапамагалі заявіць аб сабе мастацкія таленты (столькі песень і танцаў не на ўсякім творчым адборы ўбачыш), хтосьці скарыў журы дасціпнасцю і абаяннем. А маці 2 дзяцей Аксана Паўлючэнка ўразіла суддзяў прафесійным майстэрствам (яна тройчы перамагала ў конкурсах урачоў-афтальмолагаў) і расповедам пра тое, што на кастынг яе адправіў муж, які ўпэўнены, што Аксана самая прыгожая. «Ну, калі муж разам з дзецьмі ўжо і купальнік прывезлі, трэба ж яго прадэманстраваць», — заўсміхаліся суддзі і далі пропуск у наступны тур. Расхваляваўшыся, удзельніца, як сапраўдная Папялушка, ледзь не згубіла туфельку на прыступках...
— Прывітанне, мяне завуць Наташа, мне 58 гадоў, сыну — 28, — увайшла ў залу чарговая прэтэндэнтка, і ў нас ледзьве не адняло мову, калі мы пазналі вядомага фітнес-трэнера Наталлю Наважылаву. Але тая не стала рабіць упор на сваіх спартыўных дасягненнях, затое падрабязна распавяла пра шматлікія дабрачынныя праекты, якія яна падтрымлівае, і пра тое, што хоча ўласным прыкладам паказаць усім жанчынам, што не трэба саромецца, трэба «любіць жыццё і любіць сябе».
Ці трапіць Наталля ў лік удзельніц конкурсу «Місіс Беларусь», дазнаемся ўжо зусім хутка. Пакуль жа застаецца толькі дадаць, што прыгожых, разумных і ўсебакова развітых жанчын у нас сапраўды хапае — хаця б сярод тых, хто паспрабаваў свае сілы на кастынгу.
Прыгожым быць не забароніш,разумным — не прымусіш
Прэтэндэнты на званне «Містар Беларусь» уражвалі разнастайнасцю прафесій — ад тэхніка-сантэхніка да кіраўніка прадпрыемства, ад кандытара да інжынера, ад выратавальніка МНС да майстра па эпіляцыі... Зрэшты, хапала сярод хлопцаў і яшчэ бесклапотных студэнтаў, і ўжо падкаваных у індустрыі прыгажосці мадэляў. У натоўпе кандыдатаў мы заўважылі і некалькіх медыйных асоб — спевака Mіsha і шоўмена, вядучага «МУЗ-ТБ» Ілью Конанава. Але ўсе яны, незалежна ад ступені «зорнасці» або сціпласці, праходзілі дастаткова жорсткі адбор.
З тымі, хто не дацягваў да мінімальнай роставай планкі ў 180 сантыметраў, гэтаксама як і з тымі, хто не займаўся і не цікавіўся ніводным відам спорту, суддзі развітваліся адразу. І нават заўсёднікі трэнажорных залаў, якія відавочна лічылі сябе лепшымі, атрымлівалі шэраг слушных заўваг ад акцёра, спевака і спартсмена Паўла Сыраежкіна: «Тут трэба падсушыцца, згодны? А вы на верным шляху, але на фоне моцных атлетаў будзеце прайграваць — папрацуйце над целам і прыходзьце праз год, будзем вельмі чакаць». Не выклікалі нараканняў па фізпадрыхтоўцы лічаныя адзінкі, у лік якіх трапіў, напрыклад, 30-гадовы інструктар па фітнесе і бодзібілдынгу Сяргей Даўгашэй з Гродна, якога суддзі завочна празвалі «наш містар Алімпія», ды некалькі падцягнутых лёгкаатлетаў.
Дырэктар аднаго з вядучых мадэльных агенцтваў Сяргей Нагорны ацэньваў іншыя параметры: постаць, паходку, уменне сябе падаць, культуру маўлення. І адзначаў, што нават прафесійныя мадэлі не заўжды могуць усім гэтым пахваліцца.
Тэлевядучая АНТ Люцыя Лушчык, якая таксама ўваходзіла ў журы мужчынскага кастынгу, спрабавала ўбачыць у хлопцах не столькі знешнасць, колькі ўнутраны стрыжань і наяўнасць пэўнай мэты ў жыцці. «Як гэта можна — у 24-25 гадоў не ведаць, кім ты хочаш быць праз 5 гадоў?! — уголас здзіўлялася вядучая ў перапынках. — Як можна рвацца на тэлеэкран і не працаваць над сабой — ні над знешнасцю, ні над пашырэннем кругагляду?» Некаторыя сумняваліся нават, які дакладна ў іх рост. Таму менавіта на пытаннях ад Люцыі многія кандыдаты не знаходзілі ў кішэні дасціпных слоў і «сыпаліся», як нядбайныя студэнты на сесіі. Крыху разварушыць хлопцаў, прымусіць іх раскрыцца спрабавала спявачка Іскуі Абалян, якая, не вынесшы мармытання чарговага «містара», правяла імправізаваны майстар-клас па самапрэзентацыі.
Уразіць журы ўдалося жодзінскаму студэнту з туркменскімі каранямі, які ўпэўнена расказаў, што захапляецца постімпрэсіяністамі, разбіраецца ў творчасці Айвазоўскага і сучасным кіно. А 18-гадовы студэнт БДУ Андрэй Пётух абвясціў, што спяваць і танцаваць не ўмее, таму ўсю ноч пісаў верш. Выйшла цэлая паэма на некалькіх аркушах — аб тым, якім у ідэале павінен быць «Містар Беларусь». Суддзі, якія спачатку слухалі верш даволі скептычна, пранікліся настолькі, што даслухалі твор да канца і паапладзіравалі. «Вы распавялі ў адным вершы ўсё тое, што мы хацелі пачуць ад розных удзельнікаў у інтэрв'ю», — патлумачыла журы.
...Тыя, хто прайшоў этапы сумоўя і адсеў па фізічных кандыцыях, праходзілі ў наступны тур — фотасесія. А паколькі пазіраваць даводзілася па суседстве з дзяўчатамі ў купальніках, маладым людзям усё ніяк не ўдавалася засяродзіцца. «Вы кагосьці падтрымліваеце ці выбіраеце сабе спадарожніц?» — пацікавіліся мы. — «І тое, і тое — можа, на адной сцэне стаяць будзем», — аджартаваліся некалькі прыяцеляў-саслужыўцаў МНС.
Усяго ж, па нашых падліках, кастынг «Містар Беларусь» наведалі некалькі соцень кандыдатаў. У апошні дзень, напрыклад, адлік завяршаўся на 200-х нумарах. Спадзяёмся, адносна невялікая колькасць кампенсуецца якасцю, і на фінальным шоу будзе на каго паглядзець — і не толькі падчас «парада ў плаўках».
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Фота Любові Бяляевай
і БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/225.png
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/312.png
[6] https://zviazda.by/be/tags/lyubou-byalyaeva
[7] https://zviazda.by/be/tags/belta
[8] https://zviazda.by/be/tags/mis-belarus-0
[9] https://zviazda.by/be/tags/mistar-belarus
[10] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-shkola-prygazhosci-0
[11] https://zviazda.by/be/tags/anzhelina-mikulskaya-0
[12] https://zviazda.by/be/tags/dzyanis-kuryan-1
[13] https://zviazda.by/be/tags/pavel-klysheuski