Сродкі, заробленыя на рэспубліканскім суботніку, які праводзіцца сёння, пойдуць на стварэнне цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава. Такое рашэнне прыняла рабочая група па падрыхтоўцы суботніка пад кіраўніцтвам намесніка прэм'ер-міністра Анатоля Тозіка.
«Рэалізацыя дарагога праекта ўжо распачата, — патлумачыў віцэ-прэм'ер. — З бюджэту накіравана больш за 100 млрд рублёў. Трэба яшчэ 460 млрд, і сродкі, заробленыя на суботніку, вельмі дапамогуць».
Дарэчы, пазітронна-эмісійная тамаграфія — самы сучасны і дакладны метад, які дазваляе выяўляць ракавыя пухліны памерам каля 1-2 мм. Ніводнае абсталяванне больш не здольна на гэта. Па словах намесніка дырэктара РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Сяргея Чырвонага,
выкарыстанне метаду дазваляе вызначыць ступень распаўсюджання пухліннага працэсу, выявіць драбнюткія метастазы, ацаніць эфектыўнасць праведзенага лячэння і самае галоўнае — своечасова выявіць рэцыдыў захворвання. На першым этапе асноўны цэнтр размесціцца на тэрыторыі РНПЦ анкалогіі, дзе будзе тры сканавальныя тамографы. У далейшым магчыма размяшчэнне такіх жа тамографаў у рэгіёнах і сталіцы.
Варта нагадаць, што сёлета Беларусь святкуе 70-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 100-годдзе з пачатку Першай сусветнай вайны. Анатоль Тозік адзначыў, што ў сувязі з гэтым рэспубліканскім органам дзяржкіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным ураду, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, іншым арганізацыям рэкамендавана на добраахвотнай аснове правесці рэспубліканскі суботнік на працоўных месцах або добраўпарадкаваць і прывесці ў належны стан мемарыяльныя комплексы, помнікі, месцы баявой і вайсковай славы, пахаванні часоў Першай і Другой сусветных войнаў.
Уладзіслаў СОЎПЕЛЬ.
Міністэрства фінансаў растлумачыла парадак пералічэння грашовых сродкаў, заробленых на рэспубліканскім суботніку 12 красавіка. Адпаведная інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце міністэрства.
Фізічныя і юрыдычныя асобы пералічваюць грашовыя сродкі на банкаўскія рахункі райвыканкамаў і гарвыканкамаў, нумары якіх варта ўдакладняць на месцах. Потым райвыканкамы і гарвыканкамы накіроўваюць сродкі, якія паступілі, на банкаўскія рахункі аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама. Далей грошы будуць пералічаны на рахунак Міністэрства фінансаў у Нацыянальным банку. Нумар рахунку ў беларускіх рублях: 3640900000105, код банка 153005042, атрымальнік — Міністэрства фінансаў, УНП 100691903.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] https://zviazda.by/be/infarmbyuro
[5] https://zviazda.by/be/tags/rnpc
[6] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-finansau-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/uladzislau-soupel-0