__________________________________________________________________________
У беларускіх казках, легендах ці паданнях часта можна сустрэць гісторыі пра скарбы, схаваныя ў зямлі і абароненыя моцнымі закляццямі. Такія каштоўнасці пасля знаходкі ніколі не “дадуцца ў рукі”, прынясуць шукальніку нястачу ці хваробы, будуць старацца “вырвацца”, каб зноў вярнуцца на сваё месца. Мы ж павядзём гаворку пра зусім іншыя скарбы. Яны таксама схаваныя далёка ад вачэй беларусаў, ды аберагаюцца не закляццямі, а пільнай увагай і клопатам музейных супрацоўнікаў. Пасля знаёмства з гэтымі багаццямі чалавек не зазнае хваробы ці гора, а наадварот, будзе яшчэ больш ганарыцца мінулым свайго народа, сваёй роднай культурай.
Так, у Беларускім Доме друку пабачыла свет вельмі адказная кніга, кніга-свята — ілюстраваны каталог “Скарбы музеяў Беларусі”. Гэты ўнікальны праект падрыхтаваны Інстытутам культуры Беларусі ў супрацоўніцтве з музеямі краіны. На яго старонках прадстаўлены 250 самых яркіх і знакавых прадметаў з 32 музеяў Беларусі. Аўтар мастацкага рашэння кнігі — вядомы дызайнер Усевалад Свентахоўскі. Першы наклад каталога — усяго 300 асобнікаў, таму кніга нават адразу пасля выхаду можа лічыцца рарытэтам, тым больш калі ўлічваць надзвычай шырокую патэнцыяльную аўдыторыю выдання.
Падчас прэзентацыі каталога, што не так даўно прайшла ў Інстытуце культуры Беларусі, міністр культуры краіны Барыс Святлоў падкрэсліў:
— Калі я пабачыў грунтоўнае выданне “Скарбы музеяў Беларусі”, то адразу зразумеў, што гэта якраз той праект, якога мы чакалі даўно. Ён цалкам адпавядае патрэбам сённяшняга часу. З аднаго боку, перад намі выніковае, грунтоўнае, добра ўпарадкаванае навуковае выданне, якое ахоплівае вялікі перыяд развіцця айчыннай культуры. З іншага боку, гэта і добра выдадзеная кніга, якая заслугоўвае прадстаўлення не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой.
І сапраўды, людзі, далёкія ад музейнай справы, нават і не здагадваюцца, што ў глыбіні запаснікаў розных устаноў хаваецца такое вялікае нацыянальнае багацце, якое часам надта раўніва і эгаістычна аберагаюць супрацоўнікі. Думаецца, нават і не варта падкрэсліваць надзвычай высокі адукацыйны і выхаваўчы патэнцыял выдання: фотаздымкі артэфактаў, прадстаўленыя на яго старонках, могуць прывіць мастацкі густ маладым беларусам, паказаць жывое сведчанне мінулага нашага краю і тым самым садзейнічаць развіццю нацыянальнай самасвядомасці многіх пакаленняў.
Што да рэўнасці і эгаізму музейных супрацоўнікаў, то пры падрыхтоўцы гэтага выдання іх не назіралася. Многія кіраўнікі музеяў былі досыць шчодрымі, прадаставіўшы Інстытуту культуры Беларусі права першай публікацыі фотаздымкаў і звестак пра самыя каштоўныя прадметы са збораў. Ёсць у гэтым і ўласны інтарэс кожнай з устаноў. Як распавёў дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-архелагічнага музея, кандыдат гістарычных навук Юрый Кітурка, нягледзячы на тое, што многія музеі выдаюць уласныя каталогі, часам уласных сіл і намаганняў не хапае для рэалізацыі такіх аўтаномных праектаў. Агульная задумка Мінкульта, рэалізаваная Інстытутам культуры Беларусі, дазволіла прадставіць шырокай публіцы прадметы са збораў розных музеяў і тым самым сцвердзіць юрыдычнае права кожнай з устаноў валодаць імі — праз дакументальную фіксацыю прыналежнасці да пэўнага збору.
Ірына Лапцёнак, куратар праекта па падрыхтоўцы каталога “Скарбы музеяў Беларусі”, кандыдат філалагічных навук, прарэктар Інстытута культуры Беларусі, падчас прэзентацыі распавяла:
— Праект пачынаўся яшчэ напрыканцы мінулага года. Напачатку не заўсёды было зразумела, якія менавіта артэфакты мусілі быць уключанымі ў кнігу, бо кожны музей разумеў задачу па-свойму. Але самай складанай справай было адабраць матэрыял з таго багацця, што мы назбіралі ды наздымалі. Даводзілася выбіраць толькі самае каштоўнае і цікавае. Я лічу, што без дапамогі музейшчыкаў такога выдання не атрымалася б. Бо ў музеях працуюць спецыялісты, якія валодаюць навуковай атрыбуцыяй, збіраюць, зберагаюць нашы каштоўнасці. Прыемна, што падчас стварэння каталога многія з іх усведамлялі ўсю значнасць працы. Аўтары фотаздымкаў з кнігі — таксама музейныя работнікі. Па сутнасці, праект адбыўся дзякуючы нашай музейнай супольнасці, без прыцягнення шырокіх спецыялістаў з іншых сфер. Шмат цікавых прадметаў захоўваецца ў рэгіёнах і гэта не толькі абласныя ўстановы, але і раённыя. Там ёсць экспанаты, прадстаўленыя ў адзіным экзэмпляры! Дзякуючы стварэнню гэтай кнігі мы змаглі дастаць з фондаў і рэпрэзентаваць тое, чаго яшчэ не бачыў наведвальнік. Хацелася б, каб гэтае выданне для музейных спецыялістаў стала пачаткам новага этапу ў вывучэнні і прэзентацыі каштоўнасцей, каб яны звярталі большую ўвагу на афармленне экспазіцый, уключаючы туды толькі самае лепшае, значнае, цікавае нашаму наведвальніку.
— Выданне, што сёння прадстаўляецца публіцы, мае выключна важнае значэнне перш за ўсё для нас саміх, беларусаў, для нашай краіны, — падкрэсліў у сваём прамове доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Лукашанец. — Дзякуючы гэтай кнізе мы можам самі для сябе адкрыць багацце беларускай культуры. Моўнае афармленне праекта абсалютна правільнае і карэктнае: матэрыял падаецца на беларускай, рускай, англійскай мовах. Апошнім часам пачынае актыўна абмяркоўвацца і нават прапагандавацца ідэя адзінай культурнай прасторы. Часта гэты працэс разумеецца як пашырэнне пэўнай культуры на іншы абшар. Але мне падаецца, што такое сцвярджэнне абсалютна няправільнае. Нам варта гаварыць пра агульную культурную прастору, у якой знойдзецца месца кожнай асобнай нацыянальнай культуры. Гэта ўзаемаскіраваны працэс. Выданні такога тыпу, а таксама веданне сваёй гісторыі дазваляюць і нам, беларусам, заняць належнае месца ў агульнай прасторы.
Будзем спадзявацца, што на гэтым выданні праца па адкрыцці музейных фондаў краіны не скончыцца. У каталогу “Скарбы музеяў Беларусі” прадстаўлены адно артэфакты, якія датуюцца раней, чым пачаткам ХІХ ст. А колькі яшчэ значных прадметаў са сваёй гісторыяй ёсць у нашай краіне! Больш за тое, нават гэты праект можа быць рэалізаваны ў крыху больш дэмакратычным выглядзе. Шыкоўнае падарункавае выданне на мелаванай паперы з залачоным абрэзам набудзе далёка не кожны, а вось матэрыял, прадстаўлены на электронным носьбіце ці ў выглядзе базы дадзеных на сайце, безумоўна, зацікавіць надзвычай шырокае кола аматараў беларушчыны.
Марына ВЕСЯЛУХА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/04/СКАРБЫ.jpg
[3] https://zviazda.by/be/tags/instytut-kultury-belarusi
[4] https://zviazda.by/be/tags/barys-svyatlou
[5] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-lukashanec
[6] https://zviazda.by/be/tags/maryna-vesyaluha
[7] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[8] https://zviazda.by/be/tags/iryna-lapcyonak
[9] https://zviazda.by/be/tags/yuryy-kiturka
[10] https://zviazda.by/be/tags/skarby-muzeyau-belarusi