У Беларускім доме друку прадэманстравалі магчымы варыянт беларускага біяметрычнага пашпарта.
[4]Ад звыклага нам такое пасведчанне асобы адрозніваецца наяўнасцю спецыяльнай мікрасхемы, на якой захавана інфармацыя пра ўладальніка пашпарта. Гэта імя, імя па бацьку, прозвішча, дата нараджэння, адсканаваныя адбіткі пальцаў — у асноўным тое, што змяшчае і «звычайны» дакумент. Біяметрычныя пашпарты сёння выдаюць у многіх краінах свету, Беларусь пакуль на шляху да гэтага. З удзелам расійскіх партнёраў, адкрытага акцыянернага таварыства «НДІМЭ і Мікрон» і групы кампаній «Першы друкарскі двор», у Беларускім доме друку было сабрана 20 беларускіх пашпартоў з чыпам — эксперыментальных узораў.
— Кожны чып для пашпарта, нягледзячы на свой невялікі памер, па магутнасці супастаўны з настольным камп'ютарам 90-х гадоў. Сёння чыпу дастаткова мець 72 кілабайты вольнай памяці, а сам ён каштуе каля двух еўра, — распавёў начальнік аддзела прасоўвання сродкаў ідэнтыфікацыі ААТ «НДІМЭ і Мікрон» Анатоль Рэзнік. — У канцы года мы плануем выпусціць мікрасхему з аб'ёмам памяці, большым за цяперашні ўдвая. Магчыма, акрамя адбіткаў пальцаў, у будучыні спатрэбіцца запісваць такія індывідуальныя ідэнтыфікатары, як радужная абалонка вока ці профіль вуха.
Вытворцы мікрасхем запэўніваюць, што ўся інфармацыя на чыпе надзейна зашыфравана і абаронена ад несанкцыянаванага доступу.
Узор беларускага біяметрычнага пашпарта на выгляд не адрозніваецца ад дакумента, які зараз ёсць у беларускіх грамадзян, — згаданая мікрасхема незаўважная. Спецыялісты тлумачаць, што «электронная начынка» будзе «зашытая» ў вокладку. У Расіі, напрыклад, для гэтага маецца спецыяльная пластыкавая старонка.
— Для таго, каб унесці даныя ў біяметрычны пашпарт, з абсталявання нам патрабуецца камп'ютар, спецыяльны прынтар, ламінатар, лічбавая фотакамера і сканер адбіткаў пальцаў, — растлумачыў намеснік дырэктара па тэхналогіях ідэнтыфікацыі групы кампаній «Першы друкарскі двор» Ілья Увараў.
Тут жа ён з памочнікамі прадэманстраваў увесь працэс запісу асабістых даных у дакумент і працэс счытвання інфармацыі з дапамогай спецыяльнага абсталявання і праграмнага забеспячэння. Для пачатку дзяўчыну, што згадзілася «атрымаць пашпарт», папрасілі назваць прозвішча, імя, імя па бацьку і іншыя звесткі, якія пазначаюць у пасведчанні асобы, затым зрабілі фота і адсканавалі адбіткі пальцаў. Праз нейкі час гэтая інфармацыя ўжо была запісана на чып, а прынтар надрукаваў узор нашага пашпарта, які накіравалі ў ламінатар.
Каб паказаць, як «працуе» біяметрычны пашпарт, яго заставалася толькі паднесці да спецыяльнай прылады, што счытвае асабістыя звесткі, а палец зноў прыкласці да сканера, каб сістэма супаставіла адбіткі. Дарэчы, праграма запрошвае спецыяльны код, які ўводзіцца з пашпарта ўручную, толькі пасля гэтага прылада зможа прачытаць чып.
Ці чакаць у хуткім часе ўвядзення ў Беларусі біяметрычных пашпартоў? Прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, якія таксама прысутнічалі на прэзентацыі, пра тэрміны і саму верагоднасць гэтага нічога сказаць не змаглі. Гаварыць пра пераход Беларусі на новы тып пасведчання асобы можна будзе толькі тады, калі на гэты конт будзе прынята палітычнае рашэнне.
— Тэма біяметрычнага пашпарта не першы год абмяркоўваецца ў нашай краіне, у тым ліку і на самым высокім узроўні, за гэты час мы зрабілі нямала ў плане працы з узорамі біяметрычнага пашпарта, які ў будучыні, магчыма, увядуць і ў Беларусі, — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па спецвытворчасці выдавецтва «Беларускі дом друку» Андрэй Лук'янчыкаў.
Ён паведаміў, што за апошнія некалькі гадоў даводзілася вырабляць самыя розныя варыянты ўзораў біяметрычнага пашпарта: з «убудаваным» у вокладку чыпам, з полікарбанатнай старонкай і г.д. Каб у будучыні працэс вытворчасці пасведчання асобы новага тыпу не выклікаў цяжкасцяў, на прадпрыемстве імкнуцца напрацоўваць вопыт у гэтай справе.
Ганна ГАРУСТОВІЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/dakumenty-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/04/336.png
[5] https://zviazda.by/be/tags/ganna-garustovich
[6] https://zviazda.by/be/tags/dom-druku
[7] https://zviazda.by/be/tags/biyametrychny-pashpart
[8] https://zviazda.by/be/tags/andrey-lukyanchykau