Нам даслаў ліст чытач Аляксей Шчарбацэвіч з вёскі Пагонка Баранавіцкага раёна. Ён просіць патлумачыць назву яго роднай вёскі Анісімавічы (калісьці Каўпеніцкага сельсавета, цяпер гэта вуліца Анісімаўская ў Баранавічах), а таксама вёскі Дзераўная (Слонімскі раён Гродзенскай вобласці), у якой ён шмат гадоў настаўнічаў.
Адказвае старшыня Нацыянальнай тапанімічнай камісіі Акадэміі навук Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ:
— Вёска Анісімавічы ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах у канцы XІX стагоддзя: у 1880 годзе ў ёй налічвалася 200 жыхароў. Праз 17 гадоў, пасля чарговага перапісу 1897 года захаваліся запісы, паводле якіх у вёсцы зафіксавана 39 двароў і 449 жыхароў. На той час вёска адносілася да Расійскай імперыі: яна належала да Навамышскай воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні. Пазней, калі ў выніку Рыжскага дагавора да Польшчы адышла 4,5‑мільённая Заходняя Беларусь, Анісімавічы аказаліся ў складзе Польшчы. Паводле тагачаснага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу яна адносілася да Навамышскай гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства.
У аснове назвы ляжыць асабовае хрысціянскае імя Анісім (царкоўнае, з грэчаскай мовы «карысны»). На тэрыторыі Беларусі аднайменная вёска сустракаецца на тэрыторыі Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Назва ўтварылася праз стадыю родавага празвання: Анісім — Анісімаў — Анісімавічы. Мяркуючы па структуры назвы — па тым, што яна заканчваецца на — ічы, можна дапусціць што паселішча ўтварылася намнога раней, чым яно ўпамінаецца ў дакументах. У старажытнасці, у перыяд абшчыннага землеўладання, мадэль на — ічы была адной з самых прадуктыўных пры ўтварэнні назваў населеных пунктаў. Гэтая мадэль, як правіла, выкарыстоўвалася для абазначэння калектыву нашчадкаў пэўнай асобы. Такім чынам, можна меркаваць, што вёску заснаваў калектыў аднаго роду, які паходзіць ад чалавека з імем Анісім.
Вёска Дзераўная адносіцца да ліку старажытных беларускіх паселішчаў: яна ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах з 1499 года (па іншых звестках — з 1505 года). У розныя гістарычныя перыяды вёска мела розныя варыянты назвы: Дзераўно, Дзярэўна, Дэрэўна. «Слоўнік геаграфічны Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх» змяшчае даволі скупыя звесткі пра гэта паселішча. Адзначаецца, што гэта спадчыннае ўладанне Бжазоўскіх; зямельны абшар, які належаў да вёскі, налічваў 1924 моргі (памер морга — ад 0,56 да 0,71 га). У гэтай пісьмовай крыніцы таксама пазначылі, што ў вёсцы добрая глеба, вялікія лугі, але занядбаная гаспадарка.
Паходжанне назвы даследчыкі тлумачаць тым, што так у старажытнасці называлася месца, дзе выкарчавалі дрэвы. Магчыма, што назва паселішча адлюстроўвае ў сваёй аснове адзін з этапаў падсечна-агнявога земляробства. Натуральны прырост насельніцтва ў далёкім мінулым вымагаў пастаяннага пашырэння сельскагаспадарчых угоддзяў за кошт асваення земляў, занятых лесам. Пры адсутнасці дасканалай культуры земляробства распрацоўка новых участкаў праводзілася паэтапна: заімка месца, высечка і церабленне лесу, карчаванне пнёў, спальванне дрэў, хмызнякоў, разворванне ачышчанай дзялянкі і падрыхтоўка для сяўбы. Расчышчаныя лясныя дзялянкі звычайна пераймалі назву пэўнага этапу землераспрацоўкі. У старажытных запісах даволі часта згадваюцца назвы ніў, палёў, урочышчаў, земляў, спосабы іх распрацоўкі. Пазней назва зямельнага ўчастка перайшла і на назву паселішча.
Вёскі з назвай Дзераўная (варыянт Дзераўно) сустракаюцца і на іншых тэрыторыях Беларусі: у Баранавіцкім, Драгічынскім, Столінскім раёнах Брэсцкай вобласці, Лагойскім і Стаўбцоўскім раёнах Мінскай вобласці.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tapanimika
[2] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt
[3] https://zviazda.by/be/tags/akademiya-navuk
[4] https://zviazda.by/be/tags/igar-kapylou
[5] https://zviazda.by/be/tags/slonimski-rayon
[6] https://zviazda.by/be/tags/baranavicki-rayon
[7] https://zviazda.by/be/tags/anisimavichy
[8] https://zviazda.by/be/tags/dzeraunaya