У чым прафесійнае майстэрства паштальёна? Мусіць, не проста ў аказанні пэўных паслуг і дастаўцы па тых ці іншых адрасах газет ды іншай карэспандэнцыі, але і ў жаданні, каб падпісчыкаў у друкаваных выданняў было больш. Тады і ўстойлівы «ланцужок» складзецца: газета — пошта — чытач.
Слонімскі раённы вузел паштовай сувязі па падпісцы на «Звязду» — адзін з лепшых на Гродзеншчыне, за што мы, яе журналісты, удзячны яго работнікам. У прыватнасці, паштальёну Людміле Лысені з вёскі Новадзявяткавічы, яе калегам з райцэнтра Святлане Рэмес, Таццяне Рабілцы і іншым.
Таццяна Канстанцінаўна (на здымку), напрыклад, працуе паштальёнам ужо 18 гадоў. Цяпер яна абслугоўвае каля 700 кватэр у шматпавярховіках, прыватным сектары і не лічыць, што друкаваныя выданні страчваюць сваіх прыхільнікаў. Вядома, рэаліі цяпер такія, што многія, асабліва моладзь, больш схільныя да інтэрнэту. Але нямала і людзей, якія па-ранейшаму любяць заставацца сам-насам не толькі з камп'ютарам, але і з газетай у яе спрадвечным папяровым варыянце. У тым ліку і са «Звяздой», якую, дарэчы, Таццяна Канстанцінаўна ўжо даўно і пастаянна выпісвае сваёй матулі.
—Ёй падабаецца газета, чытае з задавальненнем, — прызнаецца Таццяна. — А ўвогуле, для паштальёна вельмі важна ўмець размаўляць з людзьмі, параіць аформіць падпіску. Многія з тых, хто прыслухаўся да гэтай парады, потым прызвычайваюцца да таго ці іншага выдання і ўжо становяцца пастаяннымі падпісчыкамі.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/barys-prakopchyk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/05/31-1.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/pashtalyon-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-rabilca
[6] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-remes
[7] https://zviazda.by/be/tags/lyudmila-lysenya-0