Канскі кінафестываль ужо адгрымеў. Скончылася і напружаная праца беларускага нацыянальнага павільёна. Час даведацца, як прайшлі канікулы ў Канах у беларускай дэлегацыі. Намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» і ўдзельнік работы нацыянальнага павільёна ў Канах Дзмітрый Шэлег распавёў, якая кінапрадукцыя зацікавіла замежных калег больш за ўсё, якія новыя праекты рэалізуе кінастудыя і якое дачыненне да беларускага кінематографа мае Жэрар Дэпардзье.
— Што беларускі павільён на Канскім кінафестывалі прэзентаваў сёлета?
— План нашай працы па прэзентацыі беларускага кінематографа быў разбіты на некалькі блокаў. Мы анансавалі фільмы кінастудыі «Беларусьфільм» для іх продажу, шукалі партнёраў для сумесных кінапраектаў, распрацоўвалі пытанні ўдзелу беларускіх фільмаў у міжнародных кінафестывалях.
Таксама мы хацелі паказаць прывабнасць ідэі стварэння фільмаў у Беларусі і ўзмоцнена рэкламавалі магчымасці вытворча-тэхнічнай базы кінастудыі «Беларусьфільм». Гэта важна, таму што такім чынам мы можам прыцягнуць замежных заказчыкаў да карыстання нашымі паслугамі...
Эмір Кустурыца плануе фільм звязаны з Беларуссю.
— Гэтыя паслугі прадугледжваюць творчы складнік з боку «Беларусьфільма»?
— Усё залежыць ад канкрэтнага фільма. Напрыклад, да творчага складніка можна аднесці ўдзел беларускіх акцёраў Тэатра-студыі кінаакцёра нашай кінастудыі. Аднак галоўнае — гэта аказанне паслуг вытворча-тэхнічнага характару дзеля атрымання прыбытку, які затым можна накіраваць на стварэнне наступных фільмаў і развіццё вытворча-тэхнічнай базы.
Акрамя гэтага, мы прэзентавалі ўмовы дзяржаўнай падтрымкі пры стварэнні сумесных кінапраектаў. Калі раней мы атрымлівалі стапрацэнтнае бюджэтнае фінансаванне кінавытворчасці, цяпер мы можам прэтэндаваць не больш чым на 70 працэнтаў. Кінастудыя можа альбо вылучыць астатнюю частку з таго самага прыбытку, альбо знайсці партнёра. Стварэнне кінапрадукцыі ў замежным партнёрстве таксама мае важны плюс: фільму негалосна гарантаваны пракат у краіне партнёра, бо гэта ў яго інтарэсах таксама — не проста зняць карціну, але і прадаць, арганізаваць фестывальны лёс.
— Дарэчы, цяпер упор робіцца на стварэнне фестывальнага кіно ці на фінансавую выгаду?
— Сёння эканамічны бок працы кінастудыі самы важны. У той жа час і ўдзел у міжнародных кінафестывалях неабходны, каб заявіць пра сябе на сусветным узроўні, і гэта іншы значны кірунак працы. Напрыклад, карціны «Роля» Канстанціна Лапушанскага і «Я не вярнуся» Ільмара Раага — больш фестывальнае, чым камерцыйнае кіно, што пацвярджаюць узнагароды на міжнародных фестывалях.
— Якія нашы праекты былі анансаваны ў Канах?
— «Беларусьфільм» прадстаўляў работы чатырох творчых студый — усяго каля 60 карцін. Прэзентацыя самай прывабнай студыі ігравых фільмаў анансавала тэлевізійныя фільмы, такія, як «Дзяржаўная мяжа. Фільм дзявяты. «Кур'еры страху» Ігара Чацверыкова і «Ой, Ма-мач-кі!..» Івана Паўлава; фільмы для дзяцей, напрыклад «Кіндэрвілейскі прывід» Алены Туравай, «Цуда-востраў, або Палескія рабінзоны» Сяргея Сычова, і фільмы сумеснай вытворчасці, такія, як «Воўчае сонца» Сяргея Гінзбурга, «Павятовая драма» Алега Базіліва і іншыя. Студыя «Летапіс» была прадстаўлена карцінамі «Андрэй Такінданг. Спынюся ў сярэдзіне» Ігара Чышчэні і «Шамбала» Галіны Адамовіч. Асноўным фільмам ад студыі спецыяльных кінапраектаў «Беларускі відэацэнтр» быў кароткаметражны ігравы фільм «Рускі» Віктара Аслюка. Таксама былі прадстаўлены фільмы «Волга — Гарона» Уладзіміра Казлова і «Уладзімір Цэслер. Чыз!» Генадзя Рабцава. Да анімацыі заўсёды праяўляецца вялікая цікавасць. Студыю анімацыйных фільмаў прадстаўлялі мульцікі «Ронда-капрычыёза» Ігара Волчака, «Гусятніца ў студні» Ірыны Тарасавай, «Мышка» Уладзіміра Пяткевіча, цыклаў «Рыбка па імені «Нельга» Аляксандра Ленкіна, «Пра дзяўчынку Жэню» Таццяны Жыткоўскай і іншыя. Акрамя таго, у працы нацыянальнага павільёна ўдзельнічала кінакампанія «NonstopMEDІA», прадстаўнікі якой прэзентавалі будучы праект «Мы, браты» і раскрылі інтрыгу з галоўнай актрысай.
— Цікава, як адбываецца прэзентацыя кінапрадукцыі ў нацыянальным павільёне?
— Нацыянальныя павільёны падчас Канскага кінафестывалю не ладзяць кінапаказы. Бо для таго, каб паказаць фільм, трэба арандаваць залу і арганізаваць кінапрагляд. Каб паказаць усе нашы фільмы, трэба было б арандаваць залу на два тыдні. Гэта вельмі затратна і немэтазгодна. Практычна любы з тысяч фільмаў, прызначаных для кінарынку, які дэманструецца ў рамках кінафестывалю, прафесійныя людзі глядзяць 5-10 хвілін. Зразумела, гэта не адносіцца да фільмаў конкурснай праграмы. Фільмаў вельмі шмат, а часу мала. Таму мы прадстаўлялі свае фільмы ў нацыянальным павільёне: у першую чаргу знаёмілі наведвальнікаў з апошнімі фільмамі кінастудыі «Беларусьфільм» і распавядалі аб кожнай стужцы індывідуальна, адказвалі на пытанні. Затым мы дэманстравалі фрагменты з фільмаў. Калі гэта прэзентацыя, як было з карцінай «Белыя росы. Вяртанне», мы паказвалі трэйлер.
Кінапаказ быў арганізаваны дзеля фільма сумеснай вытворчасці «Я не вярнуся» Ільмара Раага. Для прасоўвання гэтай карціны была нанята амерыканская кампанія «Vіsіtfіlms», якая займаецца раскруткай і продажам кінапраектаў. Прэзентацыі праводзіліся для фільмаў «Белыя росы. Вяртанне» Аляксандры Бутар і «Мы, браты» рэжысёра Уільяма дэ Віталя ад «NonstopMEDІA». Усё астатняе анансавалася.
— Што выклікала найбольшую цікавасць з боку замежных калег?
— Шмат увагі атрымаў серыял «Сляды апосталаў», хоць мы паказвалі толькі кінаверсію. Прадстаўнікі краін постсавецкай прасторы выказалі вялікую зацікаўленасць да ўзноўленай вытворчасці фільмаў з цыкла «Дзяржаўная мяжа». З боку расіян была цікавасць да ігравой карціны «Рускі» Віктара Аслюка, дакументальных фільмаў «Волга — Гарона» Уладзіміра Казлова, «Уладзімір Цэслер. Чыз!» Генадзя Рабцава; з боку ўкраінцаў — да серыяла «Ой, ма-мач-кі!..» Івана Паўлава. Карціна «Белыя росы. Вяртанне» была заўважана пракатчыкамі з Польшчы. Дзіўна, што большасць наведвальнікаў з постсавецкіх краін не памятае першы савецкі фільм Ігара Дабралюбава, хоць многія купіліся на імя Мікалая Карачанцава.
«Я не выключаю, што ў наступным годзе ў Беларусі выйдзе гістарычны фільм з удзелам Жэрара Дэпардзье».
— А фестывальныя адборшчыкі неяк праявілі зацікаўленасць?
— Дзіцячы фільм «Кіндэрвілейскі прывід» павінен будзе ўдзельнічаць у італьянскім міжнародным кінафестывалі «Festіval Іnternazіonale Cіnema Donne dі Fіrenze». Іншыя запрашэнні могуць з'явіцца праз месяц-два.
Напрыклад, нашым ігравым кіно зацікавіўся Адэскі міжнародны кінафестываль, дакументальнымі карцінамі «Шамбала» Галіны Адамовіч і «Андрэй Такінданг. Спынюся ў сярэдзіне» Ігара Чышчэні — Fіlmets festіval у Барселоне, анімацыйным кіно — французскі фестываль «LES TOUTES PREMІERES FOІS» у Грасе.
— «Беларусьфільм» прадстаўляў у Канах гатовыя праекты для капрадукцыі?
— У нас ёсць ідэі і ўжо напрацаваны папярэднія дамоўленасці, якія вось-вось павінны ўвасобіцца ў жыццё. Цяпер мы працуем над сумесным праектам з Мікі Захар — міжнародным кінапрадзюсарам, якая прадстаўляе Эміра Кустурыцу. Эмір Кустурыца — вельмі арыгінальны чалавек і рэжысёр, ён любіць каларыт. Зараз ён плануе фільм, тэму якога я не магу агучыць, але гэта звязана з Беларуссю. На гэтым этапе распрацоўваецца сцэнарый. Калі ўсё будзе добра, то ў наступным годзе мы пачнём вытворчасць карціны. Папярэднія дамоўленасці ўжо гатовы.
Другой важнай падзеяй стала сустрэча з Арно Фрыле, прадзюсарам фільмаў з вядомым акцёрам Жэрарам Дэпардзье, такіх, як «Распуцін. Дар або праклён» (Францыя-Расія), «Падарожжа па Каўказе» (Францыя-Азербайджан) і некаторых іншых. Я не выключаю, што ў наступным годзе ў Беларусі выйдзе гістарычны фільм з удзелам Жэрара Дэпардзье. Па папярэдняй дамоўленасці тэмай карціны будзе гісторыя нашай краіны. Вось два праекты, якія ўжо маюць глебу пад нагамі.
— Беларускі нацыянальны павільён у Канах быў упершыню адкрыты чатыры гады таму. Ці можна падзяліць працу «Беларусьфільма» на «да» і «пасля» пачатку ўдзелу ў кінарынку Канаў?
— Калі мы паехалі на Канскі кінафестываль ўпершыню, мы толькі вучыліся прадстаўляць уласную кінапрадукцыю і глядзелі, як гэта робяць іншыя. Першы раз варта лічыць азнаямляльным, але кінастудыя была прадстаўлена годна.
Другі раз мы ўжо ўдзельнічалі ў асноўнай конкурснай праграме кінафестывалю з фільмам Сяргея Лазніцы «У тумане» — упершыню ў гісторыі беларускага кінематографа. Тады атрымалі ганаровы прыз Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы ФІПРЭССІ. Гэтак жа, у другі год работы нацыянальнага павільёна на кінарынку быў прадстаўлены да кінапаказу фільм сумеснай вытворчасці «Адзінокі востраў» Пеэтэр Сім. У трэці год сумесна з расійскімі калегамі мы прадстаўлялі для кінапракату фільм «Роля» Канстанціна Лапушанскага. Сёлета паказалі сумесны фільм «Я не вярнуся» Ільмара Раага. Па вялікім рахунку, беларускі ўдзел у стварэнні фільма «Я не вярнуся» ажыццявіўся дзякуючы рабоце нацыянальнага павільёна ў Канах. Як раней, так і ў гэтым годзе з'явілася больш ахвотных карыстацца паслугамі кінастудыі. З'явілася шмат прапаноў аб супрацоўніцтве.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/gazeta
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/kino
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/06/31-33.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/06/31-32.jpg
[7] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[8] https://zviazda.by/be/tags/belarusfilm
[9] https://zviazda.by/be/tags/kino
[10] https://zviazda.by/be/tags/kusturyca
[11] https://zviazda.by/be/tags/depardze
[12] https://zviazda.by/be/tags/kany