«Пан Тадэвуш» вярнуўся туды, дзе нарадзіўся
...Прафесар Міцкевіч чытае лекцыю. Гаворыць пра тое, што добра ведае: пра людзей і іх мову, пра радзіму і асаблівую культуру. І гэта так далёка ад яе — у іншым горадзе, у чужой краіне. Яго словы нехта прымае глыбока да сэрца. Юная студэнтачка разумее, пра што славуты выкладчык разважае ў Францыі. Яна разумее, таму што тое, што жыве ўнутры чалавека — яго культурная прыналежнасць — не разбураецца з пераменай месца жыхарства. Яна прарываецца, дзе б ты ні жыў, кім бы ні быў, яна не праходзіць і не гіне нават тады, калі знікае назва краіны і нібыта няма сэнсу гаварыць і разважаць пра яе народ. Культурны код чалавек нясе з сабою. Ён можа і не дажыць да таго часу, які ўсё расстаўляе па месцах і па коле вяртае ідэі і думкі, скіроўваючы людзей да аднаўлення справядлівасці. Але той, хто верыць і служыць думкамі і справамі, перамагае (можа, і пасля смерці), і дакладна не сыходзіць у нябыт: таму што дбаў пра вечнае. Так пачынаецца спектакль Купалаўскага тэатра «Пан Тадэвуш» (рэжысёр Мікалай Пінігін), прэм'ера якога адбылася ў Беларусі на пачатку 2014 года.
Наш славуты тэатр паказаў спектакль паводле Міцкевіча ў Парыжы — і выклікаў ажыятаж. Тое, што Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы ездзіць з гастролямі па розных краінах — не дзіва: ён умее прадставіць вобраз Беларусі на сцэне. Але факт паказу спектаклю «Пан Тадэвуш» паводле Адама Міцкевіча ў Парыжы — момант гістарычны. Менавіта там на пачатку 30-х гадоў ХІХ стагоддзя пісалася гэтая паэма.
Не так далёка той Парыж, калі разабрацца: тая ж Еўропа. Горад свабоды і горад свабодных аказаўся блізкі па духу Адаму Міцкевічу, які шукаў прыстанку пасля таго, як на радзіме для яго — патрыёта Літвы — не было месца. Не стала той, яго Літвы. За думкі і мары пра яе каралі, а тое і наогул пазбаўлялі жыцця. Ён ратаваўся ў творчасці. Але і творчасць трэба было ратаваць: паэту неабходна было знайсці месца, дзе ён можа жыць і працаваць, жыць і пісаць, жыць і любіць сваю радзіму. Шукаў доўга — спачатку ездзіў па Расіі, потым рушыў у Еўропу — Германію, Швейцарыю, Італію. Ён знайшоў месца, дзе ўсё сышлося: Францыю. Пасяліўся спачатку ў Парыжы, і адтуль любоў да той яго радзімы, пра якую ўсе пачалі забываць, загучала на ўсю Еўропу. Менавіта ў паэме «Пан Тадэвуш», якая пісалася ў 1832-1834 гадах у Парыжы і нават была там выдадзена.
Вядома, калі ёсць такі твор, які аб'ядноўвае беларускую (у часы Міцкевіча — літоўскую, паводле назвы гістарычнай дзяржавы) і французскую культуру сёння, то яго варта паказваць у рамках Дзён культуры. Але паказ спектакля паводле Міцкевіча сімвалічны: сёлета роўна 180 гадоў гэтаму твору, народжанаму на французскай зямлі! Паказ спектакля быў арганізаваны Пасольствам Беларусі ў Францыі і ўпершыню адбываўся пад патранатам ЮНЕСКА (гэта цудоўная паэма стала з'явай у сусветнай літаратуры, яна перакладзена больш чым на 30 моў свету, у тым ліку і на французскую). На паказе прысутнічала больш за 600 чалавек. Сапраўды, Міцкевіч варты аншлагу. Цудоўная паэма, якая распавядае пра жыхароў Наваградка і іх патрыятычныя памкненні, вартая аншлагу. І наш тэатр з яго выдатнымі артыстамі варты аншлагу.
Яны ігралі па-беларуску (для пастаноўкі Язэпам Семяжонам быў зроблены пераклад з польскай мовы, на якой напісана паэма). Іх разумелі па-беларуску: прадстаўнікі нашага пасольства ў Францыі і прадстаўнікі беларускай дыяспары, людзі, якія таксама, як і Міцкевіч некалі, хочуць памятаць пра свае карані. Але разумелі і грамадзяне Францыі: дыпламаты і грамадскія дзеячы, асобы культуры (для іх ішлі французскія субтытры, тэкст якіх створаны Рабэрам Буржуа). Цікава і тое, што паказ беларускага спектакля адбыўся ў тэатры МС93, у зале імя расійскага рэжысёра Алега Яфрэмава. Але ўпершыню на парыжскай сцэне прадстаўлены спектакль беларускага рэжысёра.
Адметны яшчэ адзін момант: купалаўцы і іх «Пан Тадэвуш» паказалі ў Парыжы Беларусь без выкарыстання бюджэтных сродкаў. У арганізацыі такога важнага і гістарычнага праекта для нашай краіны дапамагалі беларускія і французскія мецэнаты, прадстаўнікі бізнесу. Значыць, ёсць зацікаўленасць і ў культурным сяброўстве сярод эліт нашых краін.
І гэтая з'ява таксама, можа быць, ідзе з даўніх часоў. Францыя дапамагла ў цяжкі момант цудоўнаму паэту Міцкевічу. Дала не толькі прыстанак, але і працу: ён стаў нават першым прафесарам славянскай славеснасці ў Каледж дэ Франс. Выдатнага паэта-рамантыка тут шануюць дагэтуль: на парыжскай плошчы Альмы, на ўзбярэжжы Сены, ёсць помнік Міцкевічу. Да яго з кветкамі прыйшлі ўсе, хто датычны да гэтай тэатральнай французска-беларускай падзеі: пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, дыпламаты пасольства, а таксама артысты Купалаўскага тэатра на чале з мастацкім кіраўніком Мікалаем Пінігіным.
Героі паэмы «Пан Тадэвуш» — маладыя людзі, якія дбаюць пра інтарэсы сваёй радзімы (кожны ў сілу сваіх магчымасцяў). Шляхта з-пад Наваградка жыве сваімі інтрыгамі, крыўдамі, планамі. Але ўсе яны адыходзяць, калі ёсць пагроза таму, што ўсіх яднае. Усе яны хочуць жыць на адной зямлі. Усе яны яе любяць і гатовыя ахвяраваць сабой. Разуменне патрыятызму ў ХХІ стагоддзі не змянілася — ні ў Францыі, ні ў Беларусі. Авацыі — Міцкевічу!..
Ларыса ЦІМОШЫК
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/06/25-19.jpg
[2] https://zviazda.by/be/tags/kultura