Адпачывальнікам на беларускіх курортах варта асцерагацца не толькі зладзеяў, але і... саміх сябе
З надыходам доўгачаканага сезона водпускаў многія спяшаюцца хутчэй пакінуць каменныя джунглі, удыхнуць свежага паветра і нарэшце расслабіцца і забыцца на працу. Хтосьці аддае перавагу далёкім экзатычным краінам, а камусьці па душы адпачынак у Беларусі. Вось ужо шмат гадоў на слыху ва ўсіх маляўнічы курорт Нарач. Славутае возера прываблівае не толькі беларусаў, але і замежных турыстаў. Нашы эксперты расказалі не толькі пра спецыфіку сваёй працы на курорце, але і параілі, як зрабіць так, каб адпачынак прайшоў без вымушаных зносін з прадстаўнікамі службаў правапарадку і выратавальных станцый.
Віталь Філіповіч, падпалкоўнік міліцыі, начальнік Мядзельскага РАУС:
— З прыездам адпачывальнікаў насельніцтва раёна, а гэта прыкладна 27 тысяч, павялічваецца ўдвая. Штогод разам з беларусамі адпачывае каля 30 тысяч замежнікаў. Сёлета Мядзельшчыну наведалі ўжо больш як 10 тысяч замежных гасцей. І гэта не ўлічваючы грамадзян Расіі, Украіны, Літвы і Латвіі. Наша задача — ва ўзаемадзеянні з мясцовымі ўладамі і супрацоўнікамі здраўніц стварыць людзям камфортныя ўмовы для адпачынку, забяспечыць ахову грамадскага парадку і дарожную бяспеку. Большасць здраўніц абсталявана камерамі відэаназірання. Дарэчы, менавіта камеры нядаўна дапамаглі раскрыць серыю крадзяжоў з гардэроба ў адной з устаноў курортнага пасёлка Нарач. Зламыснікамі аказаліся ўрач з суседняга раёна і яго брат, які атрымліваў адукацыю ў прэстыжнай сталічнай навучальнай установе.
Асноўныя здарэнні ў пасёлку Нарач — хуліганства і крадзяжы. Прычына большасці крадзяжоў — простая нядбайнасць людзей. Складанасць пры расследаванні такіх фактаў у тым, што пацярпелыя, сведкі, ды і зламыснікі могуць быць замежнікамі, і пасля заканчэння адпачынку ўсе яны раз'язджаюцца па дамах. Тым не менш за апошнія 7 гадоў на тэрыторыі раёна назіраецца зніжэнне колькасці злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах. Калі ў 2007 годзе іх было 97, то ў 2013-м — усяго 33. На жаль, некаторых нападпітку цягне да вады. А ў раёне ж больш як 50 азёр! Разам з Асводам нам пакуль удаецца прадухіляць няшчасныя выпадкі. А колькі тых, хто не ўмее паводзіць сябе на прыродзе! Пакідаюць смецце, паляць вогнішчы ў неналежных месцах. Паважаныя грамадзяне, вы ж прыедзеце сюды адпачываць зноў! Няўжо не сорамна пакідаць пасля сябе звалку?
Сяргей Целяк, начальнік выратавальнай станцыі «Нарач»:
— Мы дзяжурым круглыя суткі. На змену звычайна заступаюць тры вадалазы, матарыст, у летні час — матрос, медыцынскі работнік. Ёсць у нас і кіроўца. Пастаянна вядзём вахтавае назіранне за акваторыямі пляжа. Некаторыя адпраўляюцца на водную прагулку з алкаголем у сумцы. На мой погляд, неабходна прыцягваць да адказнасці тых, хто свядома падвяргае сябе небяспецы на вадзе. Пакуль мы можам толькі папярэджваць, угаворваць і ратаваць. А ахвотнікам паплаваць у першую чаргу хочацца пажадаць быць пільнымі і цвяроза ацэньваць сітуацыю. Плошча возера Нарач — каля 80 квадратных кіламетраў. Анамальны парывісты вецер і нават град для нашага раёна не рэдкасць. Бачнасць з берага можа быць нулявая, і выратавальнікі ў такіх умовах не маюць магчымасці адсочваць перасоўванне лодкі. Таму раю ўсім, акрамя камізэлькі, выратавальнага круга і адліўнога чарпака, абавязкова браць з сабой мабільны тэлефон, папярэдне яго зарадзіўшы, і ў выпадку НЗ тэлефанаваць у службу выратавання або ў міліцыю.
Андрэй Купрэвіч, маёр міліцыі, інспектар ДПС АГАІ Мядзельскага РАУС:
— З пачатку года ў раёне ўжо пяць чалавек пазбавіліся сваіх аўто за кіраванне ў п'яным выглядзе. Аднак больш частыя парушэнні — перавышэнне хуткасці і абгон у забароненых месцах. Далёка не ўсе пасябравалі з флікерам. Дробныя парушэнні ПДР у курортнай зоне рэгулярныя, асабліва людзі ігнаруюць правілы паркоўкі і стаянкі ля азёр. Першапачаткова мы людзей ветліва просім адагнаць транспарт і паркавацца ў дазволеных месцах. Калі не дзейнічае — дапамагае эвакуатар. Праблема абвастраецца ў выхадныя дні, калі прыток машын павялічваецца.
Вольга ЧАМКО, Аляксандр МАРЧАНКА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/adpachynak
[2] https://zviazda.by/be/tags/mus
[3] https://zviazda.by/be/tags/narach
[4] https://zviazda.by/be/tags/myadzel
[5] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-marchanka
[6] https://zviazda.by/be/tags/adpachynak
[7] https://zviazda.by/be/tags/volga-chamko