або Адукацыя па-шведску
Па перыметры гістарычнага цэнтра шведскага гарадка Кальмар, натужна равучы рухавікамі, кавалькадай, адзін за адным кружылі цяжкія грузавікі, упрыгожаныя бярозавымі галінамі і вясёлымі плакатамі. У грузавіках пад гучную музыку і дудкі танцавалі хлопцы і дзяўчаты ў дзіўных, падобных на марскія, фуражках. Маладыя людзі радасна віталі ўсіх гараджан, што трапляліся па дарозе. Апошнія ўсміхаліся і штосьці крычалі ўслед...
А незадоўга да гэтага на гарадской плошчы мы таксама назіралі не менш дзіўную для нас карціну. Уся яна была запоўнена людзьмі, якія трымалі над галавой транспаранты. Здалёк падалося, што ў горадзе праходзіць нейкі мітынг. Але наблізіўшыся, мы здагадаліся, што гэта бацькі, у руках якіх... вельмі кранальныя фатаграфіі маленькіх дзяцей, якія ўжо выраслі і сёлета скончылі школу. У многіх былі букеты з жоўтых і блакітных хрызантэм (гэта колеры нацыянальнага флага Швецыі). Як высветлілася, мы трапілі на ўрачыстую частку выпускнога. Слёзы радасці, жарты, смех, малодшыя браты і сёстры ў «групе падтрымкі», выпускнікі на сцэне — усё было як у нас, але адначасова і зусім па-іншаму...
Дарэчы, фуражкі — абавязковы атрыбут усіх выпускнікоў шведскіх гімназій. Гэты галаўны ўбор не перадаюць у спадчыну ад старэйшых да малодшых, хоць, як прызналіся нам бацькі, яго кошт нельга назваць сімвалічным. Як правіла, на фуражках згадваецца навучальная ўстанова і год яе заканчэння. Дзяўчаты апранаюць на свой выпускны белыя ці проста светлыя сукенкі. Плюс зверху і хлопцы, і дзяўчаты накідваюць цёмныя пінжакі.
А пасля ўрачыстай часткі свята выпускнікі ездзяць па горадзе ў адкрытых машынах, упрыгожаных галінамі бярозы. Пажадана, каб гэта была менавіта вялікая машына. Знайсці такія аўто — няпростая задача для маладых людзей. Тым не менш яны з ёй паспяхова спраўляюцца, бо традыцыі ёсць традыцыі. І ніхто ў горадзе і слова не скажа супраць маладых людзей, якія «крышачку шумяць», бо ўсе лічаць, што выпускнікі маюць на тое права — гэта іх дзень. Бацькі збіраюцца ўвечары ў сваіх кампаніях, каб адзначыць апошняе школьнае свята, а «дзеці» гуляюць па ўласнай праграме. Дарэчы, гімназію ў Швецыі заканчваюць у 18—19 гадоў. Па нашых мерках, даволі позна...
Школьны атэстат + прафесія
У горадзе Кальмар з насельніцтвам крыху больш як 60 тысяч чалавек дзейнічаюць чатыры гімназіі. Гімназія — гэта, так бы мовіць, старшая ступень школы. Абавязковая адукацыя ў Швецыі — дзевяцігадовая, але каля 95% падлеткаў не спыняюцца на дзевяці класах і, у залежнасці ад сваіх інтарэсаў і схільнасцяў, выбіраюць для далейшага навучання той ці іншы профіль гімназіі — усяго прапануюцца шаснаццаць кірункаў. Усе праграмы складаюцца з пэўнай колькасці курсаў. Некаторыя курсы, такія, як англійская мова, з'яўляюцца абавязковымі для ўсіх кірункаў. З шаснаццаці праграм чатырнаццаць арыентаваны на атрыманне розных прафесій, а дзве (тэарэтычныя) скіраваны выключна на працяг навучання ў ВНУ. За патэнцыяльных гімназістаў разгортваецца барацьба. Гімназіі праводзяць рэкламныя кампаніі, каб прыцягнуць да сябе найбольшую колькасць студэнтаў (менавіта так называюць у Швецыі вучняў гімназій). Дарэчы, школьная адукацыя ў Швецыі — бясплатная, хоць у краіне дзейнічае таксама і сетка прыватных школ. Праграма гімназіі разлічана на тры гады. Праўда, выбар таго ці іншага профілю зусім не азначае, што выпускнік абавязкова стане журналістам ці кулінарам. Напрыклад, адзін з трох профіляў гімназіі, якую мы наведалі, — гэта медыя. Але на факультэт журналістыкі паступаюць нямногія з яе выпускнікоў. І педагогі ад гэтага зусім не засмучаюцца, бо ўпэўнены, што веды, атрыманыя іх вучнямі, будуць вельмі карысныя ў далейшым самастойным жыцці.
У палоне медыя
Але профільнасць старшай школы — не адзіная адметнасць шведскай сістэмы адукацыі. У Швецыі шмат гадоў паспяхова рэалізуецца праграма медыяпісьменнасці: медыяадукацыя афіцыйна інтэгравана ў нацыянальны вучэбны план.
Безумоўна, само паняцце «медыя» — надзвычай шырокае. Медыясвет — гэта кнігі і фільмы, часопісы і газеты, радыё і тэлебачанне, рэклама і відэагульні, музыка і білборды, інтэрнэт і сацыяльныя сеткі. Швецыя мае самы высокі ў Еўрапейскім саюзе ўзровень пранікнення інтэрнэту, і сацыяльныя медыя сталі неад'емнай часткай жыцця большасці шведаў. У краіне пражывае толькі 9,6 млн чалавек, аднак у «Твітары» зарэгістраваны каля 100 тысяч карыстальнікаў са Швецыі, а больш як 3 мільёны з'яўляюцца карыстальнікамі «Фэйсбука». Многія маладыя шведы таксама з'яўляюцца актыўнымі блогерамі.
Падлічана, што шведы ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў знаходзяцца пад уплывам медыя ў сярэднім 7 гадзін штодня. 80% падлеткаў і маладых людзей у краіне маюць смартфоны, якія яны выкарыстоўваюць для самых розных мэт: ад чытання навін і стасункаў у сацыяльных сетках да гульняў. Кожны з пяці хлопчыкаў і кожная з 20 дзяўчынак праводзяць за відэагульнямі тры і больш гадзін штодня. Больш за тое, сёння можна знаходзіцца пад уплывам адразу некалькіх медыя: сядзець у камп'ютары, глядзець паралельна праграму па тэлебачанні, слухаць па радыё навіны ці музыку, балбатаць па мабільным тэлефоне або па скайпе, гартаць часопіс з рэкламай ...
Каб абараніць дзяцей ад шкоднага ўздзеяння медыя, іх вучаць у школе адсейваць і аналізаваць медыяпаведамленні, развіваюць у вучняў назіральнасць і крытычнае мысленне. І не толькі....
Сакрэтная «кухня»
Напрыклад, вучні гімназічнага медыякласа атрымліваюць такія заданні: прачытаць кнігу класіка і зняць на падставе прачытанага відэаролік пра сваё бачанне твора, напісаць газетны артыкул пра любімага мастака, аформіць вокладку каляровога часопіса, стварыць мультфільм, напісаць паведамленне пра альтэрнатыўныя крыніцы энергіі або глабальнае пацяпленне... Педагогі ўпэўнены: калі зняць фільм на падставе кнігі, то кніга зусім інакш запомніцца падлетку...
— Першы год навучання ў нас выкладаюцца асновы медыя. А на працягу другога года ўжо амаль палову ўсяго вучэбнага часу вучні самі займаюцца стварэннем медыя-прадуктаў, — расказвае выкладчык гімназіі Петэр Дален. — Ва ўсіх навучэнцаў ёсць лэптопы, на якіх яны працуюць. Дзеці вучацца распавядаць пры дапамозе малюнкаў і выяў, вучацца самі пісаць і ілюстраваць тэксты. Мы робім упор на развіццё ў нашых вучняў мультымагчымасцяў таму, што лічым: універсальны журналіст павінен умець напісаць тэкст, зрабіць фотаздымкі, зняць відэа, зрабіць радыёрэпартаж — усе гэтыя ўменні і навыкі значна спрашчаюць пошукі работы.
Наша адрозненне ад іншых школ заключаецца ў тым, што мы імкнёмся інтэграваць медыя ва ўсе іншыя прадметы. Так, курс «Грамадазнаўства» ў нас выкладаюць два выкладчыкі: адзін адказвае за грамадазнаўчы кірунак, а другі — за медыякірунак. На іх уроках вучні вывучаюць законы і правілы, па якіх жывуць медыя, даведваюцца, як медыя ўплываюць на грамадства і наадварот. Або, напрыклад, на ўроку англійскай мовы вучні атрымліваюць заданне падрыхтаваць прэзентацыю Лондана, і мы разам з імі ствараем на гэтую тэму невялічкі мультфільм пры дапамозе лічбавай тэхнікі. А на ўроку шведскай мовы, напрыклад, настаўнік дае заданне напісаць артыкул на складаную тэму. Мы можам аформіць яго ў выглядзе дэбатаў — так, як гэта робіцца ў буйных газетах. Шмат часу прысвячаем збору інфармацыі, ніколі не пачынаем выкананне задання з чыстага ліста. Напрыклад, калі педагог даручае аформіць вокладку часопіса, то студэнты абавязкова вывучаюць, як гэтае пытанне вырашаецца ў розных СМІ. Натуральна, што мы вывучаем і тэорыю: як тыя ці іншыя колеры ўплываць на наша ўспрыманне і многія іншыя сакрэты стварэння медыя.
За мінулы год гімназісты знялі каля 200 відэаролікаў. На іх прагляд абавязкова запрашаюцца староннія гледачы, бо педагогі лічаць: тое, што ствараюць гімназісты, не павінна заставацца толькі ў сценах гімназіі.
Летась тэмай экзаменацыйнай работы выпускнікоў былі гендарныя праблемы, а ў гэтым годзе — пытанні несправядлівасці ў грамадстве. Тэму можна раскрываць пры дапамозе графічных выяў, відэа, фатаграфіі і г.д. Увогуле ў гімназіі вельмі любяць эксперыментаваць. Педагагічнае крэда — правільных і няправільных рашэнняў не існуе. Трэба даць вучням магчымасць «праваліцца» і пацярпець няўдачу.
— Дзіўна было б выстаўляць ацэнкі за крэатыўнасць, — падкрэслівае Петэр. — Мы ацэньваем развіццё вучня і яго жаданне працаваць. Вырасціць будучых журналістаў — не галоўная мэта. Наша задача — навучыць маладых людзей крытычнаму ўспрыманню медыя, у тым ліку і праз стварэнне ўласных медыяпрадуктаў.
Петэр — педагог з журналісцкай адукацыяй — займаецца выкладаннем ужо 12 гадоў. Ён упэўнены, што свет медыя развіваецца куды больш імкліва, чым ствараюцца падручнікі. Таму ў гімназіі самі распрацоўваюць вучэбныя праграмы. Увогуле кожная школа ў Швецыі можа трактаваць медыяадукацыйны спектр вучэбнага плана па-свойму.
Выхаванне чытачоў
Асобнай увагі заслугоўвае праект «Медыякомпас», які рэалізуе ў гімназіях медыя-кансультант і педагог Ёран Андэрсан. Адзін з кірункаў яго работы — вядзенне вэб-старонкі ў інтэрнэце, дзе Ёран выкладае спіс тэм, якія, на яго думку, было б цікава абмеркаваць на школьных занятках. Таксама размяшчаецца матэрыял пра тое, што сёння адбываецца ў свеце з магчымасцю паўдзельнічаць у невялікай віктарыне, якая стымулюе падлеткаў сачыць за падзеямі ў свеце. Кожны панядзелак Ёран адпраўляе ўсім настаўнікам, што выкладаюць у гімназіях грамадазнаўства і шведскую мову, ліст, які падказвае найбольш важныя тэмы.
Асобная падзея — правядзенне ў гімназіях медыядзён, калі Ёран збірае ў актавай зале адначасова 300-400 вучняў і расказвае падлеткам пра заканадаўства, якое дазваляе шведскім грамадзянам атрымліваць доступ да любой інфармацыі і сачыць за дзеяннямі ўлады. Паказвае на рэальных прыкладах, як працуюць законы, і ў першую чаргу закон аб свабодзе друку.
— Хуткасць перадачы інфармацыі змяніла твар медыя. І для нас гэта праблема, паколькі тыя здымкі і тэксты, якія ніколі б не з'явіліся ў газетах, цяпер распаўсюджваюцца імгненна ў сацыяльных сетках, — канстатуе Ёран Андэрсан. — Калі, напрыклад, адбылося забойства, то газеты паведамяць толькі пра гэты факт, а ў сацыяльных сетках можна будзе знайсці і прозвішча забойцы, і нават яго фатаграфію.
У 2011 годзе ў Швецыі быў прыняты новы план навучання, паводле якога школа павінна вучыць падрастаючае пакаленне крытычнаму і аналітычнаму мысленню. Гэта самая галоўная задача — навучыць крытычна ставіцца да той інфармацыі, якая захліствае ўсіх нас на кожным кроку, навучыць маладых людзей арыентавацца ў інфармацыйных патоках. Я сустракаюся з гімназістамі для таго, каб патлумачыць ім, якія правілы і законы ўплываюць на работу журналістаў, па якіх законах жывуць медыя, і тым самым зрабіць з іх найбольш крытычна узброеных маладых людзей, якія ведаюць, як ім рэагаваць на тое, што публікуецца. Звычайна пачынаю нашу сустрэчу са сваёй прэзентацыі. Затым перад гімназістамі выступаюць прэсамбудсмен Швецыі і супрацоўніца газеты «Барометр», якая тлумачыць, якіх этычных правілаў трэба прытрымлівацца, калі размяшчаеш штосьці ў сацыяльных сетках, і якія могуць быць наступствы бяздумных паводзін. Мы разбіраем з маладымі людзьмі складаныя выпадкі, калі, напрыклад, журналісты газеты знаходзіліся перад маральнай дылемай — публікаваць або не публікаваць той ці іншы тэкст.
Ёран Андэрсан канстатуе, што 10 гадоў таму ў яго было 20 калег па ўсёй Швецыі, якія таксама працавалі са школьнікамі, але эканамічная сітуацыя газет пагоршылася, і медыякансультанты сталі ахвярай вымушанай эканоміі.
Сёння работу Ёрана ў складчыну аплачваюць 50 выдаўцоў, якія лічаць, што трэба выхоўваюць крытычна настроеных чытачоў. Ёран спадзяецца, што з цягам часу да іх далучацца і іншыя выдаўцы:
— Сёння падрастае вялікая колькасць журналістаў-аматараў, незнаёмых з якаснай журналістыкай, і я мяркую, што веды, якія мы распаўсюджваем у школах, вельмі важныя і карысныя для ўсіх. Мы дапамагаем фарміраваць актыўную пазіцыю для таго, каб маладыя людзі ўпэўнена адчувалі сябе ў сучаснай інфармацыйнай прасторы.
______________________________________________
Цікава ведаць:
У 2012 годзе ранейшая сістэма ацэнак «залік» (G), «залік з адзнакай» (VG), «залік з асаблівай адзнакай» (MVG) і «незалік» (ІG) была заменена ў Швецыі новай шкалой з шасцю адзнакамі ад A да F. Адзнакі ад А да Е з'яўляюцца прахаднымі, а F — непрахадны бал. Але да шостага класа ацэнкі вучням у шведскіх школах увогуле не выстаўляюцца.
Тэст на адпаведнасць універсітэцкаму ўзроўню
У Швецыі паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы можна, маючы на руках атэстат аб заканчэнні гімназіі або муніцыпальнай школы для дарослых, дзе даецца магчымасць падцягнуць патрэбныя прадметы, каб затым паступіць у ВНУ. Заяву аб прыёме ў ВНУ можна падаць таксама, здаўшы тэст на здольнасці да навучання, які вызначае наяўнасць у абітурыента ведаў і навыкаў рознага кшталту. Вынікі тэста паказваюць, наколькі добра абітурыент падрыхтаваны да навучання на ўніверсітэцкім узроўні. Тэст не выключае патрабаванне мець атэстат аб завершанай сярэдняй адукацыі, але абітурыент мае права ўдзельнічаць у конкурсе на падставе вынікаў тэста, а не ацэнак у атэстаце. Калі месцаў ва ўніверсітэце менш, чым ахвотных, то прымаюць тых, у каго больш высокі бал. На прэстыжныя кірункі, такія як інфарматыка, шанцы паступіць маюць толькі выдатнікі. Свае шанцы на паступленне можна павысіць і за кошт балаў, якія залічваюцца абітурыенту звыш атэстата, калі той прайшоў у гімназіі нейкія «прасунутыя» курсы — напрыклад, па матэматыцы або замежнай мове.
Школа — самае бяспечнае месца
У 2006 годзе Швецыя прызначыла першага прадстаўніка па справах дзяцей і навучэнцаў, які абавязаны распаўсюджваць інфармацыю пра закон аб дыскрымінацыі, дапамагаць школам папярэджваць цкаванне адных вучняў іншымі, сачыць за дзейнасцю школ угэтым кірунку і быць прадстаўніком навучэнцаў, якія пацярпелі ад цкавання.
Паводле міжнароднага даследавання TІMSS, у Швецыі самы высокі працэнт дзяцей, якія адчуваюць сябе ў бяспецы, знаходзячыся ўшколе. 95% вучняў старшай школы і старшых класаў абавязковай школы сцвярджаюць, што заўсёды або ў большасці выпадкаў адчуваюць сябе ў бяспецы, калі знаходзяцца ў школе.
Канікулярны графік
Летнія канікулы доўжацца ў Швецыі 10 тыдняў і пачынаюцца ў сярэдзіне чэрвеня. Зноў у школу вучні ідуць у сярэдзіне жніўня. Вучэбны год падзелены на два семестры з канікуламі пасярэдзіне. Напрыканцы кастрычніка — у пачатку лістапада ў школьнікаўтыднёвыя канікулы. На Каляды вучоба заканчваецца 24 снежня, і вясенні семестр распачынаецца толькі ў пачатку студзеня. Напрыканцы лютага або ў пачатку сакавіка ў вучэбным графіку таксама запланаваны тыднёвыя канікулы для заняткаў зімовымі відамі спорту. Многія сем'і адпраўляюцца ў гэты час у горы на поўначы краіны, каб пакатацца на лыжах і снаўбордах.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Фота аўтара.
Мінск—Стакгольм—Кальмар—Мінск.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] https://zviazda.by/be/gazeta
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/06/IMG_2887.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/06/IMG_2893.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/06/IMG_2950.jpg
[7] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/06/IMG_2961.jpg
[8] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/06/IMG_3159.jpg
[9] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[10] https://zviazda.by/be/tags/stakgolm-0
[11] https://zviazda.by/be/tags/kalmar