Мадэрнізацыя прамысловасці, стварэнне новых вытворчасцяў павінны абапірацца на дакладны бізнес-план і маркетынгавыя даследаванні па вывучэнні рынку. Так бы мовіць, трэба сем разоў адмераць, перш чым накіраваць сродкі (і асабліва бюджэтныя) на рэалізацыю інвестыцыйнага праекта. У адказе за гэта не толькі кіраўнікі прадпрыемстваў, але і адпаведныя ўладныя структуры, падкрэсліў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ на прэс-канферэнцыі для журналістаў мясцовых і рэспубліканскіх СМІ ў Слоніме.
У 2012 годзе на лідскім прадпрыемстве «Конус» завяршылі буйны інвестыцыйны праект, у які ўкладзена 200 мільярдаў рублёў дзяржаўных сродкаў. Аднак мэты (ахова буйнагабарытных металаканструкцый метадам гарачага ацынкавання) пакуль так і не дасягнулі. Прычына — у дапушчаных памылках на стадыі распрацоўкі бізнес-плана праекта, фармальным падыходзе да маркетынгавых даследаванняў па вывучэнні рынку. Акрамя таго, зазначаюць у Камітэце дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці, асобныя прадпрыемствы яшчэ на першапачатковым этапе фарміравання планаў мадэрнізацыі неналежным чынам падыходзяць да разліку патрэбных для гэтага рэсурсаў. Кідаюцца заяўляць аб'ёмы на мадэрнізацыю, а потым высвятляецца, што не хапае і фінансавых сродкаў, і магчымасцяў для іх асваення.
Пры гэтым на Гродзеншчыне нямала прыкладаў эфектыўнага інвеставання ў выпуск новай прадукцыі. Напрыклад, у Ваўкавыскім ААТ «Беллакт» наладзілі вытворчасць вадкага дзіцячага харчавання і ў выглядзе пасты. На Навагрудскім вінзаводзе рэалізавалі праект па вытворчасці і разліве ў ПЭТ-бутэльку квасу безалкагольных напояў на аснове рысавага грыба. А ў Слоніме на плошчах былога аўтарамонтнага завода паспяхова развіваецца прадпрыемства «БелЕфпласт», чыя прадукцыя (профіль ПВХ) ужо запатрабавана не толькі ў нашай краіне, але і ідзе на экспарт. У бліжэйшай перспектыве на гэтым беларускім прадпрыемстве з удзелам замежнага капіталу плануюць удвая (да 100 чалавек) павялічыць колькасць рабочых месцаў.
Усім эфектыўным, актуальным праектам будзе аказана дзейсная падтрымка, зазначыў Уладзімір Краўцоў. Прычым гэта тычыцца не толькі эканомікі. Прэс-канферэнцыя праходзіла ў гістарычным будынку былога Народнага дома, гаспадаром якога цяпер з'яўляецца Слонімскі драматычны тэатр. За сродкі абласной інвестыцыйнай праграмы і раённага бюджэту (увогуле каля 22 мільярдаў рублёў) паўразбураны будынак не проста адноўлены з захаваннем гістарычных фрагментаў, а на сучасным узроўні аснашчаны неабходнымі памяшканнямі і абсталяваннем для тэатральнай трупы.
Другое жыццё чакае і Скідзель, які будзе горадам-спадарожнікам абласнога цэнтра. Праект павінен быць падрыхтаваны да канца першага квартала наступнага года. Уладзімір Краўцоў паведаміў, што цяпер уладныя структуры працуюць над канцэпцыяй развіцця Скідзеля (эканоміка, сацыяльная сфера, будаўніцтва жылля, транспартная інфраструктура) і запрасіў усіх зацікаўленых грамадзян выказаць свае думкі і прапановы.
Старшыня аблвыканкама паведаміў, што ставіцца задача павялічыць экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі. Магчымасці для гэтага ёсць — і вырабляць яе, і перапрацоўваць. Днямі ў Прынямонні распачнецца ўборка азімых культур — рапсу і ячменю. Вобласць плануе атрымаць сёлета 1,6 мільёна тон збожжа ў свірнавай вазе, 2 мільёны тон цукровых буракоў. Таксама на парадку дня аграрнікаў і мясцовых органаў улады — павысіць эфектыўнасць работы комплексаў, пабудаваных у рамках дзяржаўнай праграмы развіцця малочнай галіны, далейшая мадэрнізацыя мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Будзе вырашацца і звязаная з АЧС праблема скарачэння пагалоўя свіней. Пастаўлена задача аднавіць у вобласці вытворчасць свініны на ўзроўні, які быў да нашэсця гэтага захворвання, для чаго, у прыватнасці, адрамантаваны і будуць задзейнічаны дзве фермы ў Карэліцкім раёне.
Што ж тычыцца будаўніцтва жылля, то на Гродзеншчыне цяпер няма ніводнага праблемнага дома, які будуецца з перавышэннем нарматыўнага тэрміну. Увогуле запланавана пабудаваць сёлета 660 тысяч квадратных метраў жылля. Пры гэтым вобласць першай у краіне распачала жыллёвае будаўніцтва па сістэме дзяржаўнага заказу, калі будуе УКБ выканкама, а атрымальнікі кватэр падключаюцца на апошняй стадыі. Тры такія дамы ўжо ўведзены ў эксплуатацыю, а ўвогуле па дзяржзаказе плануецца пабудаваць 37 шматкватэрных дамоў.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/barys-prakopchyk
[2] https://zviazda.by/be/gazeta
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika
[4] https://zviazda.by/be/ekanomika-0
[5] https://zviazda.by/be/regiyony
[6] https://zviazda.by/be/tags/madernizacyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-kraucou
[8] https://zviazda.by/be/tags/pramyslovasc