Спажывецкія кааператывы фінансавай узаемадапамогі будуць аб'ядноўваць толькі рамеснікаў, фермераў і іншых уладальнікаў ды прадпрымальнікаў
Дзейнасць мікрафінансавых арганізацый у нашай краіне нарэшце рэгламентавана. Адпаведны Указ № 325 «Аб прыцягненні і прадастаўленні пазык, дзейнасці мікрафінансавых арганізацый» Прэзідэнт Беларусі падпісаў 30 чэрвеня, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Такім чынам, з 1 студзеня 2015 года гэтую дзейнасць змогуць ажыццяўляць толькі мікрафінансавыя арганізацыі — ламбарды, спажывецкія кааператывы фінансавай узаемадапамогі, таварыствы ўзаемнага фінансавання суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і фонды. «Указ прадугледжвае ўдасканаленне парадку ажыццяўлення дзейнасці па рэгулярным прыцягненні і прадастаўленні пазык, фарміраванне ўмоў для далейшага развіцця прадпрымальніцтва і дзелавой ініцыятывы шляхам укаранення дадатковых інструментаў фінансавання і накіраваны на абарону правоў спажыўцоў паслуг, што аказваюцца мікрафінансавымі арганізацыямі», — праінфармавалі ў прэс-службе.
Мікрапазыкі для фізічных асоб на спажывецкія мэты змогуць прадастаўляць толькі ламбарды і выключна пад заклад рухомай маёмасці, прызначанай для асабістага, сямейнага або хатняга выкарыстання. У выпадку невяртання мікрапазыкі заклад падлягае продажу. Пры гэтым, у адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам, нават пры недастатковасці грашовых сродкаў, выручаных ад продажу закладу, абавязацельствы пазычальніка перад ламбардам будуць лічыцца выкананымі.
А вось мікракрэдыты на мэты развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці будуць прадастаўляцца МФА (акрамя ламбардаў) толькі пэўным катэгорыям — прадпрымальнікам ды ўласнікам маёмасці. Напрыклад, спажывецкія кааператывы фінансавай узаемадапамогі могуць стварацца фізічнымі асобамі, якім, у адпаведнасці з указам, прадастаўляецца права на атрыманне мікрапазык для развіцця іх прадпрымальніцкай ініцыятывы. «Такім чынам, спажывецкі кааператыў фінансавай узаемадапамогі будзе ўяўляць сабой добраахвотнае аб'яднанне рамеснікаў, фермераў, суб'ектаў аграэкатурызму, асоб, якія ажыццяўляюць вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі, а таксама ўласнікаў маёмасці, заснавальнікаў (удзельнікаў) камерцыйных арганізацый для аказання фінансавай узаемадапамогі членам гэтага кааператыва шляхам прадастаўлення мікрапазык», — адзначылі ў прэс-службе.
Гранічны памер мікрапазыкі складае 15 тыс. базавых велічынь. Тэрмін, пры якім прадастаўляецца льгота па выплаце падаходнага падатку, не абмяжоўваецца.
Важна, што для ажыццяўлення дзейнасці па рэгулярным прадастаўленні мікрапазык МФА павінны быць уключаны ў рэестр мікрафінансавых арганізацый, які будзе весці Нацыянальны банк, а іх кіраўнікі адпавядаць прадугледжаным патрабаванням да кваліфікацыі і дзелавой рэпутацыі.
Акрамя таго, ва ўказ уключаны нормы, якія забяспечваюць абарону правоў спажыўцоў паслуг (фізічных асоб) мікрафінансавых арганізацый. У прыватнасці, Нацыянальнаму банку дадзена права разглядаць звароты спажыўцоў і накіроўваць мікрафінансавым арганізацыям загады аб ліквідацыі парушэнняў правоў спажыўца.
Паводле БЕЛТА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/finansy
[3] https://zviazda.by/be/tags/belta
[4] https://zviazda.by/be/tags/pradprymalniki
[5] https://zviazda.by/be/tags/kredyt
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[7] https://zviazda.by/be/tags/groshy
[8] https://zviazda.by/be/tags/mikrafinansavyya-arganizacyi-0