Прымаючы гэты годны і каштоўны набытак, мы павінны быць яго вартымі
Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды 70‑годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ДняНезалежнасці пачаліся ў сталіцы ўчора. У Палацы Рэспублікі адбыўся ўрачысты сход і канцэрт майстроў мастацтваў «Дзень вызвалення». На ўрачыстым сходзе выступіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
2
Гаворачы пра важнасць даты вызвалення ад фашыстаў у гісторыі краіны і ў жыцці кожнага яе жыхара, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларусы, як ніякая іншая нацыя, цэняць магчымасць жыць без страху і гадаваць дзяцей. «Вайна пакінула глыбокі след у генетычнай памяці беларускай нацыі, неверагоднай сілай уплавіла ў душу кожнага з нас непрыманне гвалту», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць сімвалічным, што менавіта 3 ліпеня з'яўляецца галоўным дзяржаўным святам — Днём Незалежнасці Беларусі. Бо менавіта ў ліпені 1944 года з беларускага Дома ўрада быў скінуты галоўны нацысцкі сімвал.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што фармальна гітлераўцы акупавалі тэрыторыю Беларусі, але паставіць беларусаў на калені не змаглі. «Супраціўленне стала сапраўды ўсенародным, — сказаў Прэзідэнт. — У полымі вайны згарэла жыццё кожнага трэцяга нашага суайчынніка. Было разбурана больш за 200 гарадоў, знішчана амаль 10 тысяч вёсак і пасёлкаў, сотні з іх спалены разам з людзьмі. Акупанты ўчынілі на беларускай зямлі страшэнны канвеер смерці, стварыўшы 260 канцэнтрацыйных лагераў і 110 гета».
«Забываць пра гэта нельга! Памяць — гэта трывожны звон гісторыі. Ён папярэджвае свет, што любая вайна — гэта вар'яцтва. Ён папярэджвае, што ні адна мэта не варта чалавечага жыцця. Ён папярэджвае, што любога агрэсара рана ці позна спасцігне ганебны крах», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння аддаецца даніна павагі ўсім загінуўшым — героям-вызваліцелям і нявінным ахвярам той вайны. «Мы памятаем і ганарымся подзвігам пакалення пераможцаў. І мы абяцаем, што нашу Перамогу мы нікому не аддадзім!» — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Барацьба з фашызмам выкавала лепшыя рысы нацыянальнага характару — патрыятызм, любоў да свабоды і стойкасць. Тое, што нам заўсёды дапамагала пераадольваць любыя складанасці, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Менавіта там, у агні народнага супраціўлення, па-сапраўднаму ўмацавалася тое пачуццё адзінства, якое і стварае нацыю».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што беларускую свабоду і незалежнасць сённяшняга дня адстойвалі беларус і рускі, украінец і грузін, азербайджанец і армянін. «Гэтае адзінства выратавала нас у ваенны перыяд. Яно дало нам мудрасць і сілы ўжо ў новы час пабудаваць незалежную Беларусь», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Сёння мы павінны быць вартыя гістарычнай эстафеты, перададзенай нам пакаленнем Пераможцаў. Цяпер перад намі ў новых умовах стаіць усё тая ж задача — зберагчы свабоду і незалежнасць роднай зямлі. І мы павінны памятаць: самы галоўны падмурак незалежнасці — гэта грамадзянін, — адзначыў Прэзідэнт. — Бо краіна — гэта не проста некалькі мільёнаў чалавек, якія выпадкова рассяліліся на пэўнай тэрыторыі. Краіна — гэта адзіная супольнасць грамадзян. Людзей, аб'яднаных агульнай гістарычнай памяццю, традыцыяй і каштоўнасцямі. Людзей, аб'яднаных шчырым стаўленнем да зямлі, якая дасталася ў спадчыну ад продкаў».
«Ёсць адна галоўная ўмова, пры якой мы назаўжды захаваем нашу незалежнасць, — калі гэтая ідэя будзе жыць у сэрцах і душах нашых людзей. Калі кожны з нас будзе сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны — Грамадзянінам з вялікай літары», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць, што родную зямлю трэба берагчы і абараняць не толькі ў ваенны час. У мірны час краіна таксама мае патрэбу ў клопаце і ўвазе кожнага.
«Патрыятызм — гэта не толькі барацьба са зброяй у руках. (Гэта крайнасць. Гэта не дай Бог.) Гэта і простыя празаічныя паўсядзённыя справы. У іх не менш яскрава, чым на вайне, выяўляецца стаўленне чалавека да сваёй Айчыны», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Трагедыя блізкай нам Украіны нагадала: вайна — гэта тое, што можа апынуцца вельмі блізка, вайна — гэта тое, што здараецца, калі не шануецца мір, стабільнасць і згода. Калі грамадства расколваецца і ўпадае ў рэвалюцыйную смуту», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы маюць вялікую каштоўнасць — мір, спакой і згоду ў грамадстве. «Давайце памятаць пра гэта, шанаваць і берагчы гэтую нашу вялікую заваёву. І калі мы здолеем зберагчы мір, то тады мы зможам стаць вартымі подзвігу нашых продкаў і перадаць незалежную Беларусь нашым дзецям і ўнукам», — заклікаў кіраўнік дзяржавы.
Па-сапраўднаму незалежная дзяржава без моцнай арміі існаваць не можа, а тым больш калі гэтая армія з'яўляецца спадчынніцай воінаў-пераможцаў. «Мы ўмацоўваем сваю абараназдольнасць, забяспечваючы нашы войскі самым сучасным узбраеннем і тэхнікай. Мы забяспечваем ахову межаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі і вырашаем гэтую задачу сумесна з нашымі братамі, — сказаў беларускі лідар. — Але бяспека дзяржавы — гэта не толькі армія. Гэта ўвесь сілавы блок — міліцыя і пагранічнікі, КДБ і іншыя спецслужбы. Усе яны стаяць на варце інтарэсаў дзяржавы і беларускага народа».
«Жыццё паказвае: нельга расслабляцца. Узброеныя канфлікты — гэта не міф. Апошнія падзеі таму пацвярджэнне, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — На гэтым фоне ў Беларусі захоўваецца мір і стабільнасць, спакой і згода ў грамадстве, адзінства народа. Гэта ўнікальны факт найноўшай гісторыі».
«Мы, беларусы, па сваёй прыродзе спакойныя і неканфліктныя, памяркоўныя і некрыўдлівыя. Але прымушаць нас і запалохваць — бесперспектыўна, бессэнсоўна і контрпрадуктыўна», — падкрэсліў беларускі лідар.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у сучасную інфармацыйную эпоху, у век інтэрнэту і тэлекамунікацый, высокія тэхналогіі, на жаль, часта выкарыстоўваюцца на шкоду чалавецтву. «Усё часцей мы чуем аб інфармацыйных войнах і кіберзлачыннасці. Адзін чалавек з камп'ютарам часам можа быць больш небяспечны, чым дзесяць са стрэльбай. Адным націскам кнопкі ён можа нанесці большую шкоду, чым любое ўзброенае да зубоў падраздзяленне», — канстатаваў Прэзідэнт.
«Сумленная інфармацыя аб нашай краіне, адкрыты і шчыры дыялог — гэта тое, што звядзе на нішто любыя спробы ўцягнуць Беларусь у інфармацыйную вайну», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, выдатнай ілюстрацыяй таго, як гэта можа адбывацца, стаў майскі чэмпіянат свету па хакеі: «Нашы госці ўбачылі сучасную, прыгожую, годную еўрапейскую дзяржаву. Дзяржаву, дзе няма месца злосці, нянавісці і канфліктам, дзе людзей не дзеляць ні па колеры скуры, ні па мове, ні па рэлігіі, ні па маёмасным становішчы».
Пагроза незалежнасці Беларусі можа паўстаць толькі па эканамічных прычынах, адзначыў Прэзідэнт, звярнуўшы ўвагу на тое, што гэта асабліва актуальна ў апошні час, згадаўшы прыклад Украіны. «Нас палохаюць, што з Усходу полчышчы прыйдуць, а на Усходзе нас сёння пачынаюць палохаць, што з Захаду полчышчы прыйдуць, раздзеляць, раздушаць, разарвуць. Як Прэзідэнт я абавязаны гэта мець на ўвазе і не адмаўляць ні адзін з варыянтаў, нават самы абсурдны», — адзначыў беларускі лідар. «Але я заўсёды казаў і кажу: ніякія полчышчы сёння не ў стане разбурыць нашу краіну, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Калі і паўстане хоць нейкая пагроза незалежнасці нашай краіны, то толькі па эканамічных прычынах. Таму, калі мы хочам, каб нашы дзеці і ўнукі жылі на сваім кавалку зямлі, мы павінны закласці гэты падмурак, чаго б нам гэта ні каштавала».
Важным крокам у выбудоўванні эканамічнага падмурка стаў дагавор аб ЕАЭС. «Дагавор аб ЕАЭС нічога дрэннага не прынёс і надалей не прынясе — толькі выгаду», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «З 1 студзеня 2015 года мы гарантуем удзельнікам нашых рынкаў свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, капіталаў, рабочай сілы. Мы дамовіліся ажыццяўляць узгодненую палітыку ў ключавых галінах эканомікі: у энергетыцы, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, транспарце. Такім чынам, мы разам фарміруем найбуйнейшы на постсавецкай прасторы эканамічны саюз краін, у якіх жыве 170 млн чалавек. Упэўнены, такі саюз стане магутным цэнтрам эканамічнага развіцця», — сказаў Прэзідэнт.
«Нам вельмі неабходны гэты эканамічны саюз», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым, Прэзідэнт адзначыў, што членства ў ЕАЭС — гэта не вырашэнне ўсіх праблем, а добры залог пры добрай працы, каб рэалізаваць беларускую прадукцыю.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ставіць задачу па дыверсіфікацыі эканомікі і экспарту. Менавіта з гэтай мэтай Беларусь імкнецца развіваць перш за ўсё гандлёва-эканамічныя сувязі нават з геаграфічна далёкімі краінамі ў самых розных рэгіёнах свету.
Прэзідэнт лічыць, што гонар за сваю краіну павінен выяўляцца перш за ўсё ў гонары за вынікі сваёй працы. «Многія лічаць асаблівым шыкам лаяць усё сваё, беларускае. Маўляў, усё ў нас дрэнна, тавары — горш не бывае, нічога свайго не хочам, давай усё імпартнае», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што далёкі ад думкі хваліць беларускія тавары проста таму, што яны беларускія, і звярнуў увагу на тое, што складана знайсці больш жорсткага крытыка якасці беларускіх тавараў, чым ён. «Але я пастаўлю пытанне па-іншаму: а хто вырабляе беларускія тавары? Немцы? Кітайцы? Амерыканцы? Можа, расіяне? Не! Беларускія тавары вырабляем мы з вамі, беларусы. І калі мы ацэньваем беларускі тавар, то глядзім на сябе ў люстэрка. Яго зрабілі мы з вамі. І калі ён чымсьці дрэнны, то, значыць, гэта папрок толькі нам самім», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
«Гонар за сваю краіну — гэта не толькі гонар за перамогі, якія здабылі не мы, а нашы продкі. Гэта не толькі гонар за дасягненні нашых спартсменаў на спаборніцтвах, дзе мы прысутнічаем як гледачы і балельшчыкі. Гонар за сваю краіну павінен выяўляцца перш за ўсё ў гонары за вынікі ўласнай працы», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Працаваць сумленна — гэта таксама маральная катэгорыя. Гэта і ёсць штодзённы патрыятызм — вонкава непрыкметны, але сёння самы важны і самы неабходны краіне», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле БЕЛТА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/28.png
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/belta
[7] https://zviazda.by/be/tags/peramoga
[8] https://zviazda.by/be/tags/peramozhcy
[9] https://zviazda.by/be/tags/dzen-vyzvalennya