Былы дэсантнік пасля цяжкага ранення наноў навучыўся хадзіць, атрымаў адукацыю, адкрыў дзіцячы спартыўны клуб
Яго жыццё — змаганне і пераадоленне. Максім гаворыць, што ўсё даецца яму з максімальнымі цяжкасцямі. Відаць, лёс такі. Але выпрабаванні яшчэ больш загартоўваюць яго душу. Калі-небудзь потым ён думае напісаць кнігу, каб стала яна апорай для тых, хто трапіў у падобную сітуацыю. У яго таксама былі апоры і саломінкі, якія не давалі захлынуцца ў адчаі. Але аб усім па парадку.
Раненне
Максім Фадзееў з Маларыты марыў служыць у дэсантнай брыгадзе. І рыхтаваў сябе да службы свядома — сур'ёзна займаўся спортам. А калі мара ў 1992 годзе спраўдзілася, то ў сваёй роце ён аказаўся самым падрыхтаваным. Дэсантнікі часта выступаюць на розных святах. Вось і ў Бярозе ладзіліся паказальныя выступленні з нагоды юбілею авіяцыйнай часці. Максім павінен быў іграць ролю забітага салдата. Да яго каскі прывязалі муляж з кардону з выбуховым рэчывам і чырвонай тушшу. У гэтым нумары, калі ў салдата страляюць, адбываецца невялікі выбух, твар залівае фарба, і ён падае, як нежывы... Але па нейчым недаглядзе замест бутафорскага выбуху прагучаў сапраўдны. І салдат атрымаў цяжкае раненне ў галаву.
Ён аказаўся цалкам паралізаваны. Цяпер Максім Фадзееў успамінае, як аперацыя за аперацыяй урачы змагаліся за яго жыццё і фактычна выцягвалі з таго свету. Чатыры месяцы хлопец правёў у бальніцах амаль нерухомы. А калі забіралі дадому, урач параіў маці купіць інвалідную каляску, каб аблегчыць сабе догляд. Тады яго ўнутранае «я» ўпершыню запратэставала: «Ніякіх калясак, кійкоў і мыліц! Я буду хадзіць!» Не ведаў тады былы дэсантнік, што крокі акажуцца такімі цяжкімі, а дарога да фізічнага аднаўлення такой доўгай — зацягнецца больш як на дзясятак гадоў. Але ён вырашыў не здавацца.
Цяпер кажа, што вельмі дапамаглі заняткі спортам. Спорт наогул як лад жыцця, як яго філасофія. Дзякуючы ранейшым заняткам ведаў, як трэніраваць тую ці іншую мышцу, і што вынік прыходзіць не адразу. Таму сістэму заняткаў прыдумляў і ўдасканальваў сам. Доўга і настойліва трэніраваў кожную руку, прывязваў пэўны груз і спрабаваў узнімаць. Практыкаванні паўтараў па 1000 разоў. Усё роўна нічога не выходзіла...
Пераломны момант
На яго таксама навальваліся хвіліны адчаю. Асабліва калі ўсе сыходзілі на працу, Максім пераварочваўся на жывот і плакаў тварам у падушку, каб суседзі не чулі. Калі не давалі вынікаў месяцы, нават гады намаганняў, сябе было вельмі шкада. Ну, за што ўсё гэта яму? Чаму яго равеснікі працуюць, ходзяць з дзяўчатамі на танцы, бестурботна бавяць час, а ён, каб схадзіць у прыбіральню, вымушаны скочвацца на падлогу і паўзці, трымаючыся за сцяну? На такія пытанні не бывае адказаў. Таму многія людзі і не вытрымліваюць, прызнаюць сябе пераможанымі, лічыць Максім. Колькі ў яго было адчайных момантаў! Адзін з іх ён лічыць пераломным.
Хлопец ужо паціху перасоўваўся па пакоі, трымаючыся за розныя поручні. Аднойчы ўдзень, калі ў кватэры нікога не было, дабраў-
ся да кухні, бо хацеў піць. У акне ўбачыў пахавальную працэсію: з пад'езда выносілі суседа. І ён... пазайздросціў нябожчыку, што той не адчувае болю, што наогул атрымаў спакой. Тады Максіму раптам прыйшла думка скончыць усё разам. З лямак парашута, які яму прынеслі для трэніровак, ён хутка зрабіў пятлю, прымацаваў яе і накінуў на шыю. Яго калаціла, нібы ў страшэннай ліхаманцы. Заставалася зрабіць адзін крок... І тут у дзверы нехта моцна пагрукаў. Грукат быў вельмі настойлівы. І, як успамінае Максім, нібы нейкая сіла яго ўласнай рукой рашуча скінула тую пятлю. Ён дасунуўся да дзвярэй, адчыніў: на парозе стаяў прыяцель, які прынёс брашуру з новай сістэмай заняткаў. Пасля таго нешта дакладна змянілася ў яго жыцці. Ён стаў больш настойліва і ўпарта трэніравацца, займаўся са злосцю, з надломам, не шкадуючы сябе, а часам нават здзекуючыся з сябе, нібы кідаў некаму выклік. І...
Першыя крокі даваліся цяжка. Падаў да ста разоў на дзень. Потым навучыўся падаць правільна, а напачатку бразгаўся вобзем, як выпадала. Пастаянна хадзіў у сіняках. Таварышы ўшчувалі, маці плакала. А ён працягваў гэты жорсткі эксперымент над сабой і ўрэшце атрымліваў маленькія перамогі.
Арыенцір
Максім Фадзееў лічыць, што для чалавека яго тагачаснага стану вельмі важная нейкая саломінка, прыклад, арыенцір. Каб можна было ўвесь час сабе ўнушаць, паўтараць, як мантру: у яго атрымалася — і ў мяне атрымаецца, ён змог — змагу і я. Такім арыенцірам у свой час для яго стаў расійскі цыркавы артыст Валянцін Дзікуль, які пасля цяжкай траўмы доўга вяртаўся да паўнавартаснага жыцця. Артыст потым напісаў брашуру, дзе выклаў сваю сістэму трэніровак і рэабілітацыі. Нешта з гэтай сістэмы ўзяў для сябе і былы дэсантнік Фадзееў. Узяў галоўнае — ідэю аб тым, што чалавечы арганізм тоіць у сабе неабмежаваныя здольнасці. Важна толькі ўмець задзейнічаць яго рэзервы.
...Мы сядзім з Максімам у маларыцкім парку на беразе невялікага маляўнічага вадаёма. І ён так тлумачыць сваю думку:
— Калі вас прымусіць пераплыць гэта возера, то на сярэдзіне вы дакладна стоміцеся. А калі на вас жа выпусціць тыгра з клеткі, то вы пераадолееце гэты вадаём за лічаныя хвіліны і самі не заўважыце. Так і любы чалавек, любы арганізм у экстрэмальнай сітуацыі здольны вельмі хутка мабілізаваць уласныя рэзервы. Таму я і ствараў для сябе экстрэмальныя сітуацыі.
Напрыклад, ён ставіў для сябе мэту навучыцца бегаць, калі не мог... упэўнена хадзіць. Аднойчы яму, ляжачаму, прысніўся сон, што ён бяжыць. І тады ўпершыню сказаў сабе, што гэта будзе! Сказаў толькі сабе, бо ніхто не паверыў бы. Бегаць вучыўся дзесяць гадоў. Гэтаму папярэднічалі кожны дзень па дзве трэніроўкі, глытаючы слёзы, пераадольваючы боль. Час трэніровак даходзіў да шасці гадзін. Хто яшчэ з інвалідаў першай групы можа пахваліцца такой працаздольнасцю? Таму ў ваенным шпіталі, куды ён прыязджаў штогод на курс лячэння, на хлопца з Маларыты глядзелі, як на іншапланецяніна. Нават вельмі вопытныя ўрачы не маглі згадаць выпадку са сваёй практыкі, каб пасля такой траўмы чалавек да такой ступені аднавіў сваю рухомасць.
Дапамаглі ў гэтай справе, несумненна, і заняткі плаваннем. Першыя тры гады, калі навучыўся хадзіць, наогул адчуваў нейкі страх перад вадой, баяўся патануць. Але страх пераадольваў зноў жа сваімі экстрэмальнымі метадамі. Потым былі розныя методыкі загартоўвання. І вось ужо амаль 15 зім Максім рэгулярна купаецца ў палонцы. У трэнажорнай зале працуе на ўзроўні са здаровымі людзьмі, адціскаецца ад падлогі (чаго не робіць ніхто з падобным дыягназам). Можна яшчэ доўга пералічваць спартыўныя поспехі і дасягненні Максіма Фадзеева, але галоўнае яго дасягненне — перамога над сабой. І праявілася яна не толькі ў фізічным вымярэнні.
Вучоба
Падлеткам ён шмат увагі надаваў спорту, але зусім запусціў вучобу. А калі стаў інвалідам і гаворка не магла ісці аб рабочай прафесіі, паўстала пытанне аб адукацыі. Паступіць ва ўніверсітэт азначала прайсці папярэдне школьную праграму самастойна. І такую задачу паставіў перад сабой наш герой. Найперш ён выпісаў праграмныя творы мастацкай літаратуры (іх аказалася 63) і перачытаў іх. З англійскай мовай спраўляўся пры мінімальнай дапамозе рэпетытараў. А вось з матэматыкай аказалася больш складана. Двое рэпетытараў адмовіліся працаваць, як толькі высветлілі ўзровень абітурыента, яны прызвычаіліся працаваць з моцнымі старшакласнікамі. Тут жа ўзровень быў блізкі да нуля. І толькі адна настаўніца-пенсіянерка ўзялася дапамагчы напорыстаму пераростку. З ёй прайшоў асновы матэматычнага курса, далей засвойваў праграму самастойна. А ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт эканомікі паступаў аж сем (!) разоў. І пасля кожнай няўдачы зноў садзіўся за падручнікі і вучыў. Пасля таго, як на сёмы раз паспяхова здаў уступныя іспыты, стаў адным з лепшых студэнтаў на сваім курсе.
Спартыўны клуб
Пасля заканчэння ўніверсітэта Максім працаваў у маркетынгавай службе аднаго вядомага брэсцкага прадпрыемства. Але потым сутыкнуўся з праблемай негатыўнага стаўлення да інвалідаў. Усе з разуменнем ківаюць галовамі, на словах выказваюць падтрымку, а на справе стараюцца ўзяць на працу і тым больш прасунуць па службовай лесвіцы чалавека без дыягназу. Яго вельмі крыўдзіла такое стаўленне, было балюча сутыкацца з крывадушшам і адкрытай непрыязню. Але не ў яго правілах было адступаць. Ён вырашыў рэалізаваць сябе ў сваім родным горадзе. Менавіта ў Маларыце, паводле слоў Максіма Фадзеева, апошнім часам шмат робіцца для развіцця фізкультуры і спорту. І ён вырашыў зрабіць свой унёсак — адкрыў для дзяцей секцыю бокса. Секцыя працуе на камерцыйнай аснове. І займаецца ў ёй да пяці дзясяткаў дзяцей, што для невялікага райцэнтра не так і мала. Гэта азначае, што школьнікаў удалося адарваць ад камп'ютараў і тэлевізараў, захапіць фізічнымі заняткамі. Спартыўны клуб таксама даваўся яго арганізатару з цяжкасцямі. Але ўдалося знайсці паразуменне ў старшыні райвыканкама, аблвыканкама, да якіх Максім хадзіў на асабістыя прыёмы. І працэс пайшоў. Цяпер выхаванцы яго секцыі ўдзельнічаюць у розных спаборніцтвах і дэманструюць неблагія вынікі.
З пазіцыі саракагадовага чалавека Максім Генадзевіч часам і сам здзіўляецца, як у яго, зусім маладога і разбітага хваробай, хапіла сіл згрупавацца і прайсці той шлях, які ён прайшоў. «Часам думаю — ці нармальны я? — нявесела ўсміхаецца суразмоўца. — Але прыходжу да высновы, што калі нехта там, наверсе, пакінуў мне жыццё і дапамог не зламацца, значыць, так трэба было. Трэба для таго, хто ў крытычны момант скарыстаецца маім прыкладам, трэба для маёй дачушкі Лізы, каб яна жыла на свеце і магла ганарыцца сваім бацькам. Усім, хто задумваецца над сваім жыццём, магу сказаць: чалавек можа дабіцца ўсяго настойлівай працай. Варта брацца за тое, чаго асабліва баішся, і ўсё атрымаецца».
Святлана ЯСКЕВІЧ,
г. Маларыта
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/z-zhyccya
[3] https://zviazda.by/be/sport
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/sport
[6] https://zviazda.by/be/tags/peraadolenne
[7] https://zviazda.by/be/tags/de
[8] https://zviazda.by/be/tags/maksim-fadzeeu
[9] https://zviazda.by/be/tags/malaryta
[10] https://zviazda.by/be/tags/invalid
[11] https://zviazda.by/be/tags/ranenne