Царква ўжо ў першы дзень вайны заклікала савецкіх грамадзян ахвяраваць сабой дзеля радзімы
Пра ўдзел Царквы ў вызваленні нашай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пра тое, аб чым пакуль не пішуць у свецкіх падручніках па гісторыі, «Звязда» распытала выкладчыка мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі протадыякана Паўла Бубнова.
— Айцец Павел, ці шмат сярод свяшчэннаслужыцеляў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны?
— Цяпер сярод маіх асабістых знаёмых такіх ужо не засталося. Але яшчэ 10 гадоў таму іх было досыць шмат.
— Гэта былі людзі, якія ваявалі, а потым сталі святарамі? Ці яны ў гады вайны спалучалі сан і барацьбу з захопнікамі?
— Былі і такія, але большасць ветэранаў унутры Царквы стала святарамі пасля заканчэння вайны. З іх ліку — насельнік Жыровіцкага манастыра схіархімандрыт Мітрафан (Ільін), якога шанавалі як старца. У гады вайны ён ваяваў у партызанскім атрадзе імя Дзімітрава брыгады Панамарэнкі, якая дзейнічала ў Брэсцкай вобласці. Камандаваў дыверсійнай групай, быў узнагароджаны медалём «За адвагу». У 1958 годзе ён прыйшоў у Жыровіцкі манастыр, доўгія гады быў духоўным настаўнікам і памочнікам тысячам людзей.
— Ён што-небудзь расказваў пра сваё ваеннае мінулае?
— Ён стараўся гэта не афішыраваць. Былі выпадкі, калі нехта з яго былых паплечнікаў па партызанскім атрадзе сустракаў яго ў манастыры, але айцец Мітрафан не дэманстраваў былыя сувязі.
— Айцец Павел, раскажыце, у якім стане Праваслаўная царква на нашай зямлі сустрэла пачатак Вялікай Айчыннай вайны?
— Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў у Расіі, пачынаючы з 1918 года, прымаецца шэраг дэкрэтаў, якія накіраваны фактычна на знішчэнне Царквы. Ажыццяўленне гэтых дэкрэтаў і іншых законаў у 1920-1930-я гады прывяло да таго, што на тэрыторыі Савецкай Беларусі да 1939 года, як і на ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза, царкоўнае жыццё было ліквідавана. У Савецкай Беларусі не дзейнічаў ніводны праваслаўны храм, ніводны манастыр, ніводная навучальная ўстанова, ніводнае перыядычнае выданне ці іншая арганізаваная форма царкоўнага жыцця. Царква і рэлігія былі аб'яўлены ідэалагічнымі ворагамі, паплечнікамі папярэдняга ладу. Дзясяткі тысяч свяшчэннаслужыцеляў і манахаў (у маштабах Саюза — мільёны) былі асуджаны, сотні тысяч — расстраляны або загінулі ў лагерах.
На далучаных у 1939 годзе да Савецкага Саюза тэрыторыях царкоўнае жыццё не знішчалася настолькі хутка з-за нестабільнай знешнепалітычнай сітуацыі, хаця гэта было ў планах савецкай улады.
Пасля 22 чэрвеня 1941 года савецкая рэлігійная палітыка карэнным чынам змянілася. Бо цяпер не столькі ў ваенным, колькі ў ідэалагічным супрацьстаянні Савецкага Саюза і германскага нацызму Царква аказалася патрэбнай асабіста Сталіну і савецкай уладзе. Кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы, прадстаяцель Мітрапаліт Сергій (Старагародскі), Патрыяршы Месцаблюсціцель, з першага дня вайны і потым больш за 50 разоў атрымліваў магчымасць публічна звяртацца да Царквы з пасланнямі, што ў папярэднія гады было проста немагчыма.
Царква таксама атрымала магчымасць збіраць і перадаваць сродкі для арміі і фронту. У пачатку 1944 года на ахвяраванні вернікаў была пабудавана танкавая калона імя Дзімітрыя Данскога. Быў нават адкрыты спецыяльны банкаўскі рахунак Рускай праваслаўнай царквы, што было зроблена ў парушэнне савецкіх законаў, бо Царква не мела права юрыдычнай асобы.
— Што ў гэты час адбывалася на акупаваных тэрыторыях?
— Цяпер даследчыкам вядома, што нацысцкая ідэалогія прадугледжвала да 1965 года знішчэнне ўсіх хрысціянскіх канфесій на тэрыторыі Трэцяга рэйха і насаджэнне язычніцкага старажытнаарыйскага германскага культу. Але калі на акупаваных тэрыторыях пачалося стыхійнае адраджэнне царкоўнага жыцця, новыя ўлады гэтаму не перашкаджалі. Такім чынам было адкрыта 9400 храмаў, у тым ліку на тэрыторыі сучаснай Беларусі — каля 700. Праваслаўным прыходам былі вернутыя святыні з антырэлігійных музеяў — напрыклад, мошчы прападобнай Еўфрасінні Полацкай і праведнай Сафіі Слуцкай.
Асаблівую вядомасць у гэты час атрымаў насельнік Жыровіцкага манастыра архімандрыт Серафім (Шахмуць), які са святаром Рыгорам Кударэнкам адкрываў храмы ва Усходняй Беларусі, здзяйсняў набажэнствы і таінствы. Сучаснікі назвалі той час Другім Хрышчэннем Русі. Прыходзілася працаваць дзень і ноч, каб насыціць духоўную прагу, якая ўтварылася за два папярэднія дзесяцігоддзі...
— Была ж яшчэ патрэба маліцца за блізкіх, з якімі разлучыла вайна.
— Так, не толькі меркантыльны разлік савецкай дзяржавы стаяў за пераменай адносін да Царквы, але і разуменне, што людзям у экстрэмальных абставінах патрэбна суцяшэнне і дапамога. Новыя храмы ў савецкім тыле пакуль не адкрываліся, але дзеючым ужо не рабіліся перашкоды, і нават вядома, што ў блакадным Ленінградзе дзеючыя храмы забяспечваліся мукой і віном для здзяйснення Літургіі.
Паваротным момантам у рэлігійнай палітыцы савецкага кіраўніцтва стала 4 верасня 1943 года, калі Сталін запрасіў да сябе Мітрапаліта Сергія (Старагародскага), Мітрапаліта Алексія (Сіманскага) і Мітрапаліта Мікалая (Ярушэвіча). На гэтай сустрэчы, па-першае, было аб'яўлена пра стварэнне спецыяльнага савецкага органа па ўзаемаадносінах з Царквой — Савета па справах Рускай праваслаўнай царквы. Потым было паведамлена пра неабходнасць абрання Патрыярха. Пасля смерці Патрыярха Ціхана ў 1925 годзе савецкая ўлада не дазваляла праводзіць Сабор для абрання Патрыярха. На сустрэчы з мітрапалітамі Сталін папрасіў сабраць Сабор «бальшавіцкімі тэмпамі» (і яго сабралі за 4 дні). Таксама разглядалася пытанне пра магчымае вызваленне з месцаў пазбаўлення волі свяшчэннаслужыцеляў і епіскапаў...
— Што паслужыла нагодай?
— Існуе пэўная міфалагізацыя гэтага рашэння Сталіна, але ўсё дастаткова проста. Гэта было зроблена, у першую чаргу, дзеля знешнепалітычнага іміджу напярэдадні Тэгеранскай канферэнцыі. Важна было ўсяму свету паказаць, што Царква ў Савецкім Саюзе існуе і яна разам з савецкай уладай змагаецца супраць фашызму.
Абранне Патрыярха, да таго ж, стала ўдарам ніжэй пояса для фашысцкай прапаганды, якая сцвярджала, што Германія ідзе на Усход з «крыжовым паходам» па вызваленні хрысціянства, — а гэта было няпраўдай. Гебельс нават сцвярджаў, што на Сабор былі звезены пераапранутыя транспартныя рабочыя.
Фактычна гэта было выкарыстанне Царквы ў зямных мэтах, але чалавек веруючы ўсе гістарычныя падзеі разглядае ў святле Божай волі. Мы бачым, што нават тут, праз мэты зямнога кіраўніка, Гасподзь спрыяў Царкве, людзі атрымалі адкрытыя храмы і манастыры.
— Як паводзілі сябе свяшчэннаслужыцелі на акупаванай тэрыторыі?
— Яны аказаліся паміж двух агнёў. Большасць святароў разумела, што добразычлівасць акупацыйнай улады да Царквы часовая. Яны адкрыта і ў прыватных размовах казалі пра непазбежную перамогу нашай зброі. Абранне Патрыярха таксама сведчыла, што царкоўнае жыццё магчымае пры савецкай уладзе. Да таго ж партызаны, якія дзейнічалі па ўсёй Беларусі, разлічвалі на матэрыяльную і інфармацыйную дапамогу святароў. Часта святары хавалі людзей, выратоўваючы іх жыцці.
Настаяцель Одрыжскай Свята-Успенскай царквы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці Васіль Капычка дапамагаў раненым воінам Чырвонай Арміі. Яго дом стаў месцам сустрэч падпольшчыкаў з партызанамі. Святар заклікаў вернікаў да супраціўлення, перапісваў і распаўсюджваў зводкі Савецкага інфармбюро, партызанскія лістоўкі, арганізоўваў збор адзення і прадуктаў для партызан, перадаваў ім зброю. Калі нацысты ўжо выпісалі ордэн на яго арышт, партызаны літаральна ў апошнія хвіліны вывезлі святара і яго сям'ю ў лес, і да вызвалення Беларусі ён знаходзіўся ў партызанскім атрадзе. Айцец Васіль быў узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі.
Настаяцель царквы ў сяле Хворасна Лагішынскага раёна Пінскай вобласці святар Іаан Лойка прынародна блаславіў трох сваіх сыноў ісці ў партызаны. Калі пазней Хворасна было акружана карнікамі і партызаны вырашылі вывесці большую частку насельніцтва, айцец Іаан застаўся з тымі, хто не мог ісці (хворымі, старымі, калекамі), і быў спалены разам з 300 прыхаджанамі ў храме, дзе здзяйсняў Божую літургію.
У баявых аперацыях партызанскага злучэння ўдзельнічаў настаяцель іншага прыхода ў Лагішынскім раёне, у сяле Мала-Плотніцкае, протаіерэй Аляксандр Раманушка...
— Цікава, што ў сваёй кнізе «Беларусь у гістарычным дзяржаўным і царкоўным жыцці» архіепіскап Афанасій (Мартос) расказвае пра так званыя зарокі, якія рабілі беларусы ў гады вайны: за адну ноч выраблялі і ўсталёўвалі на ўездах у свае населеныя пункты паклонныя крыжы, звяртаючыся такім чынам па Божую абарону і знаходзячы суцяшэнне. А жыхары роднай вёскі архіепіскапа Вялікая Ліпа Нясвіжскага раёна расказалі мне, як падчас акупацыі жанчыны, чые мужчыны загінулі або былі на фронце, у партызанах, ці лёс іх быў невядомы, па зароку за адну ноч спралі і саткалі 8-метровае палатно, каб пакрыць іканастас...
— Падобны выпадак адбыўся ў 1942 годзе ў Барыса-Глебскім прыходзе ў вёсцы Накрышкі Дзятлаўскага раёна. Падчас карнай аперацыі ў Ліпічанскай пушчы была спалена вёска Дуброўка разам са 122 жыхарамі. На чарзе былі Накрышкі. І тады мужчыны далі зарок і за адну ноч пайшлі ў лес, ссеклі дуб, абчасалі, а потым з гэтых брусоў збілі і ўсталявалі крыж, а жанчыны той жа ноччу спралі і саткалі ручнік, каб гэты крыж упрыгожыць. Світанак вёска сустракала ля крыжа, з малітвай. Немцы чамусьці Накрышкі не кранулі. З таго часу і дагэтуль у кожную сераду Велікоднага тыдня прыхаджане згадваюць цудоўнае выратаванне сваёй вёскі і дзякуюць Богу. Крыж, дарэчы, стаіць і цяпер.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
P.S. Калі я пазваніла настаяцелю Барыса-Глебскага прыхода ў Накрышках, каб удакладніць падзеі вясны 1942 года, протаіерэй Рыгор РОЙ распавёў мне яшчэ і пра свяшчэнніка Дзімітрыя Гладкова і псаломшчыка Андрэя Зенюка, якія выратавалі ў Накрышках моладзь ад угону ў Германію, а на гарышчы царквы, усяго за 250 метраў ад нямецкай камендатуры, размясцілі партызанскі лазарэт. Дачка айца Дзімітрыя Таццяна і нявестка Вера працавалі медсёстрамі ў немцаў і дзякуючы гэтаму маглі дастаць медыкаменты для параненых і хворых партызан. Акупанты так і не даведаліся пра сапраўдную веру беларускіх святароў і іх паствы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/pamyac
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/32.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/33.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/34.jpg
[7] https://zviazda.by/be/tags/lim
[8] https://zviazda.by/be/tags/radzima
[9] https://zviazda.by/be/tags/vyzvalenne
[10] https://zviazda.by/be/tags/fashysty
[11] https://zviazda.by/be/tags/carkva
[12] https://zviazda.by/be/tags/zahopniki
[13] https://zviazda.by/be/tags/pavel-bubnou