Вышэйшыя навучальныя ўстановы распачнуць прыём дакументаў ужо 8 ліпеня
Усяго тры гадзіны на роздум будзе ў абітурыентаў у апошні дзень падачы дакументаў у ВНУ, каб канчаткова вызначыцца з выбарам прафесіі.
Інфармацыя аб ходзе прыёму дакументаў будзе абнаўляцца прыёмнымі камісіямі штодня кожныя тры гадзіны: у 9.00, 12.00, 15.00 і 18.00 гадзін. Але ў апошні дзень прыёму дакументаў інфармаванне абітурыентаў спыніцца а 15 гадзіне! І галоўнае тут — не памыліцца з падлікамі, спрабуючы пралічыць свае шанцы на паступленне...
27
Графік работы прыёмных камісій
Як сёлета ўкамплектуюцца вышэйшыя навучальныя ўстановы, як укамплектуюцца педагагічныя і інжынерна-тэхнічныя спецыяльнасці, як будуць запаўняцца платныя месцы, даволі цяжка спрагназаваць. Бо, па-першае, колькасць абітурыентаў у краіне істотна паменшылася. А па-другое, на тэсціраванні па матэматыцы і фізіцы мінімальны парог тэставых балаў не пераадолелі 40 % удзельнікаў экзаменаў...
Ёсць меркаванне, што прахадныя балы могуць сёлета знізіцца на 10-30 пунктаў.
— Таму абітурыентам, якія сумняваюцца, што яны змогуць прайсці са сваёй сумай балаў на бюджэтную форму навучання, я б усё ж такі параіў падаваць дакументы на «бюджэт», таму што на платную форму навучання перападаць свае дакументы яны заўсёды паспеюць, — дзеліцца сваімі меркаваннямі рэпетытар Яўген Лівянт.
Бадай што самай галоўнай загадкай для абітурыентаў застаюцца тэрміны залічэння.
Прыём дакументаў на бюджэтныя месцы на ўсе формы навучання будзе праводзіцца ў дзяржаўных ВНУ ў вельмі сціслыя тэрміны — з 8 па 12 ліпеня.
У апошні дзень прыёму дакументаў допуск абітурыентаў у будынак навучальнай установы, у якой размешчана прыёмная камісія, спыніцца а 18 гадзіне. У гэты ж час прыёмная камісія таксама спыніць выдачу абітурыентам дакументаў з мэтай іх падачы на іншую спецыяльнасць. Пры гэтым будзе ажыццяўляцца прыём дакументаў ад усіх абітурыентаў, якія паспелі трапіць у будынак да таго, як дзверы на ўваход зачыніліся.
Такім чынам, за пяць дзён абітурыентам давядзецца зарыентавацца і прыняць адзінае правільнае рашэнне. Затое чакаць залічэння ім давядзецца яшчэ 10 дзён. І вось гэтую дзіўнасць ніхто не тлумачыць.
Уступныя іспыты ў ВНУ сілавых ведамстваў пройдуць з 13 па 16 ліпеня, у творчых ВНУ — з 13 па 22 ліпеня, ва ўсіх астатніх — з 13 па 18 ліпеня.
Залічэнне абітурыентаў на бюджэтныя месцы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы МУС і МНС, а таксама ў Інстытут пагранслужбы і Ваенную акадэмію пройдзе па 20 ліпеня; у Акадэміі мастацтваў, Акадэміі музыкі і Універсітэце культуры — па 26 ліпеня. У іншых ВНУ — па 22 ліпеня.
Усяго сёлета ва ўстановы вышэйшай адукацыі плануецца прыняць на бюджэтную форму навучання 29,1 тысячы чалавек: 22,9 тысячы на дзённую і 6,2 тысячы — на завочную. Прыём на «бюджэт» скарочаны на 1 800 месцаў, пераважна за кошт змяншэння набору на спецыяльнасці эканамічнага і юрыдычнага профіляў.
Дзве «хвалі» залічэння і дадатковы шанц
Як вядома, сёлетняя прыёмная кампанія ў ВНУ праходзіць па новых правілах адбору прэтэндэнтаў на студэнцкі білет.
Адно з галоўных новаўвядзенняў — магчымасць праводзіць дадатковы набор абітурыентаў на бюджэтныя месцы, якія засталіся вакантнымі. У Міністэрстве адукацыі спадзяюцца, што такое паняцце, як «недабор на бюджэтныя месцы», увогуле знікне з практыкі ўступнай кампаніі. Нярэдка абітурыенты застаюцца за бортам, нават маючы даволі высокія балы ў сертыфікатах ЦТ. Затое на іншай спецыяльнасці ці ў іншай ВНУ студэнтам можна стаць і са значна меншай колькасцю балаў. Дзякуючы новым правілам стала магчымай другая ітэрацыя, або, прасцей кажучы, другая «хваля» залічэння. Калі месца засталося вакантным, яго могуць прапанаваць абітурыенту, які паступаў на іншую спецыяльнасць або ў іншую ВНУ, але не прайшоў там па конкурсе. Галоўнае, каб ён меў на руках патрэбны набор экзаменацыйных дысцыплін.
Таксама да конкурсу на вакантныя месцы будуць дапушчаны і абітурыенты, якія не набралі на цэнтралізаваным тэсціраванні ўстаноўленую мінімальную колькасць балаў. Для тых, хто будзе паступаць на бюджэтныя месцы ў рамках дадатковага набору, парог будзе зніжаны на пяць балаў: у сертыфікатах па рускай і беларускай мовах абітурыенты павінны будуць мець не менш як 5 балаў, па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі — 10 балаў; 15 балаў — па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўстве, геаграфіі і замежных мовах.
Прыём дакументаў на вакантныя месцы ў ВНУ сілавых ведамстваў будзе весціся з 21 па 25 ліпеня, у «творчых» ВНУ — з 27 па 28 ліпеня, ва ўсіх астатніх — з 23 па 28 ліпеня. Пасля правядзення другой «хвалі» залічэння на вакантныя бюджэтныя месцы абітурыенты змогуць падаваць дакументы на платную форму навучання (да 31 ліпеня). А 2 жніўня стануць вядомыя спісы залічаных на навучанне за ўласныя сродкі.
Агульны конкурс і скарачэнне льгот
Яшчэ адно прынцыповае змяненне — адмена асобнага конкурсу для гарадской і сельскай моладзі. Гэтае пытанне вельмі доўга абмяркоўвалася, і, як паказалі праведзеныя сацыялагічныя даследаванні, рашэнне падтрымалі як бацькі выпускнікоў, так і самі абітурыенты.
Яно і зразумела, бо раней здараліся сітуацыі, якія супярэчылі здароваму сэнсу: калі дакументы ў прыёмную камісію падаваў толькі адзін абітурыент з сельскай мясцовасці, то ён — незалежна ад узроўню ведаў — паступаў фактычна без конкурсу. А гэта было несправядліва ў дачыненні да абітурыентаў, якія не станавіліся студэнтамі, нават маючы даволі высокія балы па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. Больш такая сітуацыя паўтарыцца не зможа....
Таксама былі ўпарадкаваны льготы, якія прадастаўляліся пэўным катэгорыям абітурыентаў. Цяпер пры паступленні на такія спецыяльнасці, як «Міжнародныя адносіны», «Міжнароднае права», «Правазнаўства», «Эканамічнае права», «Дзяржаўнае кіраванне і права», пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве будуць выстаўляць аўтаматычна 100 балаў па гэтай дысцыпліне (раней жа іх залічвалі без уступных іспытаў).
Не змогуць паступаць на гэтыя і медыцынскія спецыяльнасці па-за конкурсам і дзеці-сіроты, а таксама дзеці, што засталіся без апекі бацькоў. Увогуле пазаконкурсны прыём дзяцей-сірот на ўсіх спецыяльнасцях будзе весціся толькі ў межах 30 % ад кантрольных лічбаў прыёму.
Набор на мэтавую падрыхтоўку таксама будзе праходзіць сёлета па-новаму. Калі раней мэтавая падрыхтоўка вырашала дзве асноўныя задачы — задачу забеспячэння кадрамі і падтрымкі сельскай моладзі, то цяпер на парадку дня засталася адна галоўная задача — вырашэнне кадравых пытанняў у эканоміцы. Таму мэтавую падрыхтоўку дазволена ажыццяўляць па любых спецыяльнасцях, а прэтэндаваць на мэтавы кантракт можа любы абітурыент, незалежна ад месца свайго пражывання, у тым ліку мінчане і жыхары абласных цэнтраў.
У педагогі — без экзаменаў
Пры правядзенні ўступнай кампаніі на педагагічных спецыяльнасцях сёлета было вырашана зрабіць упор на самых свядомых — тых, хто ведае, навошта ён выбраў для сябе педагогіку. А для таго, каб прыцягнуць у адукацыю добра падрыхтаваных абітурыентаў, было прынята рашэнне залічваць на педагагічныя спецыяльнасці ўладальнікаў школьных медалёў і выпускнікоў ССНУ з дыпломам з адзнакай без уступных экзаменаў пры ўмове наяўнасці ў апошніх рэкамендацыі педагагічнага савета сваёй навучальнай установы. Тое ж тычыцца і пераможцаў трэцяга абласнога тура прадметных школьных алімпіяд.
У пералік спецыяльнасцяў увайшлі дашкольная і пачатковая адукацыя, гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны, біялогія, хімія, геаграфія, матэматыка, інфарматыка, фізіка, тэхнічная творчасць, беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура, тэхнічная праца і прадпрымальніцтва, абслуговая праца, выяўленчае мастацтва, лагапедыя, сурдапедагогіка, тыфлапедагогіка, алігафрэнапедагогіка, сацыяльная педагогіка і іншыя.
І яшчэ адно новаўвядзенне, якое заслугоўвае ўвагі, — магчымасць падачы дакументаў у прыёмную камісію даверанымі асобамі абітурыента. Праўда, для гэтага павінна быць важкая прычына: захворванне, удзел абітурыента ў міжнародных конкурсах або спаборніцтвах, службовая камандзіроўка. Але прычыну неабходна будзе пацвердзіць дакументальна.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Марыны Бегунковай
Даведка «Звязды»:
Парадак замены сертыфіката ЦТ:
Для замены сертыфікатаў у Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў неабходна прад'явіць наступныя дакументы:
Пры страце сертыфіката:
1. Дакумент з любой рэдакцыі газеты, які пацвярджае размешчанае там паведамленне аб несапраўднасці сертыфіката на імя заяўніка;
2. Ксеракопію пашпарта;
3. Заяву на імя дырэктара РІКВ.
Пры замене пашпарта (пасведчання на права жыхарства):
1. Даведку з органаў унутраных спраў аб замене пашпарта (пасведчання на права жыхарства);
2. Ксеракопію новага пашпарта;
3. Сертыфікат, які падлягае замене;
4. Заяву на імя дырэктара РІКВ.
Пры дапушчаных у сертыфікаце памылках:
1. Ксеракопію пашпарта;
2. Сертыфікат, які падлягае замене;
3. Заяву на імя дырэктара РІКВ.
Прыём дакументаў на вакантныя месцы ў ВНУ сілавых ведамстваў будзе весціся з 21 па 25 ліпеня, у «творчых» ВНУ — з 27 па 28 ліпеня, ва ўсіх астатніх — з 23 па 28 ліпеня. Пасля правядзення другой «хвалі» залічэння на вакантныя бюджэтныя месцы абітурыенты змогуць падаваць дакументы на платную форму навучання (да 31 ліпеня). А 2 жніўня стануць вядомыя спісы залічаных на навучанне за ўласныя сродкі.
Прыём дакументаў на бюджэтныя месцы на ўсе формы навучання будзе праводзіцца ў дзяржаўных ВНУ ў вельмі сціслыя тэрміны — з 8 па 12 ліпеня.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/adukacyya
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/27.jpg
[3] https://zviazda.by/be/tags/vnu
[4] https://zviazda.by/be/tags/ustupnaya-kampaniya
[5] https://zviazda.by/be/tags/abituryenty
[6] https://zviazda.by/be/tags/pryyomnaya-kamisiya
[7] https://zviazda.by/be/tags/pryyom-dakumentau