________________________________________________________________________
Па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у ЗША праходзіць прэзентацыя аўтарскага праекта лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава.
Лиходедов
У межах урачыстага сходу, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне, у Нью-Ёрку адбылася прэзентацыя альбома «Сінагогі» — першага ў серыі філакартычных альбомаў з цыкла «У пошуках страчанага». У гэты ж дзень калекцыянер пазнаёміў членаў абшчыны крымскіх татар у ЗША з альбомам «Беларусь і мусульманскі свет». А яшчэ ў сацыяльна-культурным цэнтры ў Балціморы Уладзімір Ліхадзедаў расказаў пра сам праект і шматгадовую работу над ім на старонках газет «СБ. Беларусь сегодня», «Голас Радзімы», «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Беларусь», «Маладосць».
Прайшлі і іншыя мерапрыемствы, якія ў ЗША арганізавала Пасольства Беларусі. Сярод іх — прэзентацыя ў Бібліятэцы Кангрэса ЗША нядаўна выпушчанага Выдавецкім домам «Звязда» альбома са старымі паштоўкамі «Падарожжа ў часе». Дарэчы, тут, у славутай скарбніцы, захоўваюцца і іншыя выданні «Звязды», прысвечаныя старым паштоўкам: “У пошуках страчанага”, “Знічкі Айчыны”.
Гэта ўжо не першая паездка беларускага калекцыянера на амерыканскі кантынент. Старая паштоўка з дапамогай вядомага ў Беларусі філакартыста стала добрым сродкам народнай дыпламатыі паміж Беларуссю і ЗША. З дапамогай уражлівай, багатай калекцыі ўсяго аднаго чалавека ладзіцца сапраўдны мост дружбы і ўзаемапаразумення. Розным культурам і розным менталітэтам цікавыя памяткі даўніны дазваляюць узнаўляць шмат што з блізкага і агульнага. Падчас папярэдняй паездкі ў ЗША Уладзімір Ліхадзедаў прэзентаваў сабраныя ім матэрыялы, якія распавядаюць пра “амерыканскую адысею” Тадэвуша Касцюшкі.
Мікола БЕРЛЕЖ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/%D0%9B%D0%B8%D1%85%D0%BE%D0%B4%D0%B5%D0%B4%D0%BE%D0%B2.jpg
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/mikola-berlezh
[5] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-lihadzedau
[6] https://zviazda.by/be/tags/za-duhounae-adradzhenne
[7] https://zviazda.by/be/tags/lim
[8] https://zviazda.by/be/tags/mzs
[9] https://zviazda.by/be/tags/vayna