У Глыбокім адсвяткавалі 600‑ю гадавіну заснавання
Напэўна, мала хто ведае, што менавіта ў Глыбокім нарадзіўся адзін з аўтараў праекта Мінскага метрапалітэна — Юрый Аляксандравіч Сабалеўскі. Сквер знакамітых землякоў падчас святкавання папоўніўся бюстам прафесара Сабалеўскага. На цырымоніі прысутнічалі яго сын, пляменнік і іншыя сваякі.
— Гэты сквер — сапраўды ўнікальнае памятнае месца нашага горада. Падчас правядзення ў 2012 годзе свята беларускага пісьменства тут былі ўсталяваны 8 бюстаў вядомым людзям, якія праславілі наш край. І вось зноў мы прыйшлі сюды з пачуццём хвалявання і радасці, каб пакланіцца памяці Юрыя Аляксандравіча Сабалеўскага, нашага земляка, вядомага вучонага ў галіне механікі грунтоў і падмурка будынка, доктара тэхнічных навук, прафесара, заслужанага будаўніка Рэспублікі Беларусь, аўтара праекта будаўніцтва Мінскага метрапалітэна, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, — сказаў Алег Морхат, старшыня Глыбоцкага райвыканкама.
— Нягледзячы на тое, што я здолеў стаць і доктарам навук, і прафесарам, самае высокае званне, якое да гэтага часу я нашу, — сын прафесара Сабалеўскага. На міжнародных канферэнцыях чую гэтыя словы і цяпер. Гэта — вялікі гонар і адказнасць. Напэўна, Глыбокае насамрэч — асаблівы горад, у якім нараджаюцца такія людзі, як бацька. Таксама, відаць, не мог у іншым горадзе нарадзіцца Язэп Драздовіч, Павел Сухі і іншыя вядомыя людзі, — шчыра прызнаўся Дзмітрый Юр'евіч Сабалеўскі.
Цікава, што аказваецца, вядомы мастак Драздовіч часта гасціў у сям'і бабулі Сабалеўскага-малодшага, а бацька авіяканструктара Сухога вучыў яго продкаў…
Нашчадкі Сабалеўскага вырашылі штогод збірацца ў Глыбокім.
— Хацелася б, каб у Глыбокім з'явілася скульптура рыбака (падарыў эскізны малюнак помніка. — Аўт.). Наш дзед вельмі любіў лавіць рыбу, — сказаў пляменнік Юрыя Сабалеўскага, Антон Антонавіч Сабалеўскі, капітан першага рангу, начальнік упраўлення ваенна-марскога флоту міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі.
Вельмі сімвалічна, што на адкрыцці бюста Сабалеўскаму прысутнічалі прадстаўнікі роду Корсакаў. Яны прыехалі з Польшчы. Іх продак Язэп Корсак вядомы тым, што быў фундатарам будаўніцтва касцёлаў у Глыбокім. Бюст Корсака ў пазамінулым годзе быў усталяваны ў скверы знакамітых землякоў. У якасці падарунка гораду-юбіляру іншаземцы прывезлі копію карціны, на якой быў намаляваны знакаміты мецэнат.
Значнай падзеяй падчас святкавання стала і адкрыццё Дошкі Герояў Сацыялістычнай Працы. Яны нарадзіліся, працавалі ў раёне. Самым знакамітым сярод Герояў з'яўляецца, безумоўна, Павел Восіпавіч Сухі, двойчы лаўрэат гэтага высокага звання.
Адбылася і прэзентацыя фотаальбома «Глыбоччына — ілюстраваны летапіс краю», падрыхтаванага да выдання выдавецтвам БЕЛТА. Аўтар большасці здымкаў — Аляксандр Хітроў. Яго фотавыстава «Глыбоччына з вышыні птушынага палёту» адкрылася ў райвыканкаме.
Лаўрэатам высокага звання «Ганаровы грамадзянін Глыбоцкага раёна» стаў Уладзімір Андрэйчанка, былы старшыня Віцебскага аблвыканкама, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (на фота). Такім чынам быў адзначаны асабісты ўклад Уладзіміра Паўлавіча ў развіццё Глыбоцкага раёна, спрыянне вырашэнню пытанняў газіфікацыі, мадэрнізацыі прамысловых прадпрыемстваў, навядзення парадку на зямлі. Ён і цяпер, як дэпутат, працягвае прадстаўляць інтарэсы жыхароў Глыбоцкага раёна ў парламенце.
Сёння ў Глыбокім можна ўбачыць новыя аб'екты, якія, безумоўна, стануць «турыстычнымі кропкамі». Сярод іх — помнік вядомаму літаратурнаму герою барону Мюнхгаўзену, сквер маладажонаў, дзе ёсць так званая «лаўка прымірэння», фантан з падсветкай, скульптура «Іісус і самаранка», знак, ад якога ўказаны адлегласці да Мінска, Віцебска і іншых гарадоў.
Ужо зусім хутка ў Глыбокім пройдзе другі па ліку вішнёвы фестываль. Чым не нагода завітаць у госці?..
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Глыбокае — Віцебск.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kultura-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[6] https://zviazda.by/be/tags/glybokae
[7] https://zviazda.by/be/tags/metrapaliten
[8] https://zviazda.by/be/tags/yuryy-sabaleuski