Жыллёвыя крэдыты абслугоўваюць ужо шэсць банкаў
Да пяці фінансавых устаноў, якія выдаюць фізічным асобам крэдыты на жыллё, з першых дзён ліпеня далучыўся банк БелВЭБ. Паводле банкаўскай праграмы крэдытавання, цяпер у насельніцтва існуе магчымасць узяць доўгатэрміновы крэдыт на куплю або будаўніцтва жылля, а таксама дач, садовых домікаў і нават гаражоў.
Трэба адзначыць, што гэта не нейкі новы фінансавы прадукт банка, а аднаўленне мінулых праграм, якія былі спынены некалькі гадоў таму. Сёння сітуацыя з наяўнасцю «доўгіх» грошай крыху палепшылася. Разам з тым, казаць пра нейкі «прарыў» у фінансаванні жыллёвай нерухомасці пакуль зарана, бо такія крэдыты і цяпер застаюцца даволі дарагімі.
Сёння банк БелВЭБ прапануе працэнтную стаўку па крэдытах у рамках праграм «Уласнае жыллё» і «Свая сядзіба» на ўзроўні 39% гадавых (СР + 17,5 п.п.). Але калі кліент купляе жыллё ў арганізацый — партнёраў банка, то ён можа скарыстацца праграмай «Дружная будоўля» і атрымаць крэдыт па зніжанай працэнтнай стаўцы (мінус 1-2%). Разлік максімальнай сумы крэдыту прадугледжвае сукупны даход не толькі заяўніка і яго другой паловы (мужа, жонкі), але і іх блізкіх сваякоў (маці, бацькі, братоў, сясцёр), што дазваляе ўзяць вялікую суму крэдыту. Забеспячэннем крэдыту можа выступаць паручыцельства не менш чым дзвюх асоб, а таксама заклад самой нерухомасці. Максімальны тэрмін крэдыту складае ад 1 да 20 гадоў. Менавіта ад рэальнай плацежа-
здольнасці кліента залежыць узровень крэдытнага пакрыцця, які дасягае 80% кошту новага жылля.
У кол-цэнтры банка нам падлічылі максімальную суму, на якую можа прэтэндаваць сям'я з двух чалавек без дзяцей. Нас цікавіць сітуацыя, калі сукупны штомесячны чысты прыбытак мужа і жонкі складае 15 мільёнаў рублёў. У гэтым выпадку максімальная сума крэдыту складзе каля 276 млн рублёў. Пры такім даходзе кліентаў ім неабходна мець не менш чым дзвюх асоб у якасці паручыцеляў, даход якіх не ўлічваецца.
Банк можа падсумоўваць толькі даходы менавіта блізкіх сваякоў крэдытаатрымальнікаў: маці, бацькі, брата або сястры абаіх мужа і жонкі. Тут колькасць сваякоў не абмежавана. У гэтым выпадку сума крэдыту істотна павялічыцца. Напрыклад, пры сукупным даходзе крэдытаатрымальнікаў і іх сваякоў у 25 мільёнаў рублёў банк зможа даць крэдыт на суму больш за 610 млн рублёў. Атрымліваецца, што рэальна банк давярае фінансавую адказнасць па крэдытах толькі тым паручыцелям, якія адначасова з'яўляюцца блізкімі сваякамі кліентаў.
Нагадаю, што крэдыты на жыллё выдаюць таксама Беларусбанк, Белаграпрамбанк, БПС-Ашчадбанк, Пріорбанк і Белгазпрамбанк. Самыя танныя жыллёвыя крэдыты на агульных падставах прапануюцца Беларусбанкам для чаргавікоў — 37% гадавых. Праўда, і там хапае сваіх нюансаў па ўмовах атрымання.
Сяргей КУРКАЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[4] https://zviazda.by/be/ekanomika-0
[5] https://zviazda.by/be/zhyllyo-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo
[7] https://zviazda.by/be/tags/bank
[8] https://zviazda.by/be/tags/kredyty
[9] https://zviazda.by/be/tags/belveb