У вёску збіраліся яшчэ звечара. Ехалі на Радаўніцу на могілкі да любімага дзядулі. Ветлівы і шчыры, часам сур'ёзны і такі родны — як моцна любіў Ваня свайго дзядульку! Якім цікавым суразмоўцам ён быў! З ім можна было доўга гаварыць і даведацца шмат цікавага. Дзядулю заўсёды хвалявала, якімі людзьмі вырастуць яго ўнукі, ці змогуць яны зберагчы ўсё тое багацце, якое засталося нам у спадчыну ад нашых далёкіх продкаў.
— Унучак, а ці ведаеш ты, хто мы такія? — пачынаў размову дзядуля.
— Мы — такі-і-я! — кажа хлопчык і разводзіць шырока рукі.
— Гучыць горда. Хто ж такія мы?
— Мы — беларусы! Так нават у гімне напісана, — адказвае Ванюша.
— Да-а, дакладна кажаш. Напісана. А раскажы мне, унучак, чаму немцы называюцца немцамі, а палякі — палякамі?
— Таму што немцы размаўляюць па-нямецку, а палякі — па-польску. Што тут незразумелага, дзядуля? — са здзіўленнем перапытвае хлопчык.
— А беларусы?
— А беларусы ... — нясмела вымаўляе Ваня і задумваецца.
— Дзіўна атрымліваецца: і гімн у нас ёсць свой, і сцяг, і герб — а вось прыгожая, мілагучная мова зусім мала дзе гучыць. Эх, — уздыхае стары, — толькі ў нашай глыбінцы людзі і размаўляюць на ёй. Вось скажы мне, Ваня, ці шмат ты кніг чытаеш па-беларуску?
— А як жа! Кожны тыдзень на беларускай літаратуры. А яшчэ і на ўроку беларускай мовы правілы вучым.
— Мова — найвялікшы здабытак кожнай нацыі, народа, дзяржавы. Менавіта праз мову забяспечваецца сувязь пакаленняў. Праз кнігі мы можам мець зносіны з людзьмі, якія жылі некалькі соцень гадоў таму. А цяпер... Мала таго, што ў нашу мову пастаянна трапляюць замежныя словы, дык яшчэ і людзі не сочаць за чысцінёй маўлення, а словы-паразіты сталі зусім звычайнай з'явай. Брыдкаслоўе таксама адна з праблем... У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы: руская і беларуская. Але, мабыць, людзі не зусім разумеюць сэнс гэтага размежавання, таму карыстаюцца абедзвюма мовамі адначасова. У выніку атрымліваецца нейкая мешаніна. Янка Купала, творы якога вы зараз вывучаеце ў школе, вельмі б здзівіўся, пачуўшы сучасную беларускую мову.
— А што нам рабіць, дзядуля? Як вярнуць тую мову, на якой размаўлялі вялікія беларускія пісьменнікі і паэты? Як нам адрадзіць тую спадчыну, якую яны нам пакінулі?
— Усё ў тваіх руках, хлопчык мой. Пачні з сябе. Чытай кнігі па-беларуску, глядзі фільмы, слухай песні, размаўляй на мове. Можа быць, твае сябры возьмуць з цябе прыклад і таксама загавораць. А потым — і іх сябры. Вы, моладзь, усё здолееце. Я ў гэтым не сумняваюся.
...А вось і могілкі. «Добры дзень, дзядуля! Я буду вельмі старацца, каб мілагучная беларуская мова гучала часцей, каб мы не забыліся на тую багатую і непаўторную спадчыну, якую пакінулі нам нашы славутыя і мудрыя продкі», — павітаўся Ваня са сваім дзядулем.
Аляксандра САКАЛОЎСКАЯ, выпускніца 11 класа гімназіі №58 г. Гомеля імя Ф.П. Гааза.
Пра аўтара
Аляксандра нарадзілася і доўгі час жыла ў Санкт-Пецярбургу. Але вось ужо пяты год жыве ў Беларусі і вывучае беларускую мову.
«Такую прыгожую і мілагучную, — кажа дзяўчына. — Люблю пісаць для душы, пішу па-руску і па-беларуску. Мая першая песня была на беларускай мове».
Наш аўтар сем гадоў займалася мастацкай гімнастыкай, тры гады — вакалам. Яна аматар актыўнага ладу жыцця. Вольны час прысвячае кнігам. Захапляецца мастацкай і псіхалагічнай літаратурай. Яшчэ 18-гадовая Аляксандра вывучае мовы, захапляецца правам і хоча стаць юрыстам.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/radaunica
[2] https://zviazda.by/be/tags/vyoska
[3] https://zviazda.by/be/tags/mogilki
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandra-sakalouskaya