Малады навуковец, супрацоўнік навукова-вытворчага цэнтра НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве Ягор Канюкоў — пра сваё жыццё і працу
4
— Чаму вы абралі менавіта матэрыялазнаўства?
— У школе мне заўжды прасцей даваліся прыродазнаўчыя навукі, у першую чаргу фізіка, а таксама хімія і біялогія. Таму выбар будучай спецыяльнасці быў невялікі: або праграмаванне, або фізіка. Я паступіў на фізфак Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна, і на трэцім курсе падумаў, што не хачу, каб мае веды прападалі. Спачатку папрацаваў у вясковай школе звычайным настаўнікам, а потым атрымаў прапанову ісці ў аспірантуру пры НВЦ па матэрыялазнаўстве, дзе яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце праходзіў практыку.
Наш цэнтр займаецца вывучэннем матэрыялаў і іх характарыстык: трываласці, электраправоднасці і іншых. Многія даследаванні маюць прыкладны характар, у нас ёсць свая вытворчасць. Гэтым адрозніваемся ад многіх іншых навуковых арганізацый. Я люблю працаваць не толькі галавой, але і рукамі, люблю бачыць вынікі працы, таму ў свой час і выбраў менавіта гэты цэнтр.
— Як вы ацэніце ўзровень універсітэцкай адукацыі ў рэгіёнах?
— У нас быў вельмі моцны факультэт. Усе выкладчыкі мелі навуковыя ступені, сярод іх — шэсць дактароў навук. Студэнты на курсе таксама падабраліся нядрэнныя: амаль палова маёй групы скончыла школу з залатымі медалямі.
Базавая адукацыя, без дэталёвага паглыблення ў канкрэтныя адгалінаванні навукі, у нас была вельмі добрая. Вялікі мінус — выкладчыкам заўжды даводзіцца рабіць упор на тэарэтычную адукацыю, таму што для практыкі не хапае абсталявання. Калі ў нас кажуць: «Мікраскоп складаецца з наступных частак і працуе па наступных прынцыпах», то ў краінах Заходняй Еўропы чалавеку спачатку даюць папрацаваць з гэтым абсталяваннем. І, нарэшце, нельга забывацца на самаадукацыю, бо кожны ахвотны, цікаўны да навукі чалавек, пачынае паглыбляцца ў тую тэму, якая яму бліжэй.
Увогуле, мне здаецца, што наша школьная і ўніверсітэцкая адукацыя нічым не горшая за тую ж заходнееўрапейскую. А вось ужо на ўзроўні магістратуры і аспірантуры пачынаем саступаць заходнім калегам.
— Наколькі я ведаю, вы актыўна праходзіце стажыроўкі за мяжой: былі ў Партугаліі, Германіі, Балгарыі, Бельгіі. Ці ёсць якія-небудзь істотныя адрозненні паміж нашым і замежным падыходам да развіцця навукі?
— Калі не згадваць фінансавы бок справы, то істотныя адрозненні ёсць толькі ў сістэме падрыхтоўкі спецыялістаў для сферы навукі. На Захадзе студэнт старшых курсаў звычайна ўжо мае нейкую спецыялізацыю. Ёсць вузкая сфера, у якой ён збіраецца працаваць, і ў адпаведнасці са сваім выбарам выпускнік ВНУ шукае працу ў лабараторыі ці на прадпрыемстве. У нас жа толькі вельмі маленькі працэнт маладых вучоных, якія на пачатку працы ведаюць, у якім адгалінаванні навукі яны будуць працаваць. Гэта звязана з характарам нашай універсітэцкай адукацыі, якая накіравана на перадачу базавых ведаў ва ўсіх адгалінаваннях навукі, без прывязкі да практычнага ўжывання.
І яшчэ трэба вылучыць падыход да рэалізацыі гатовых распрацовак. На жаль, у Беларусі прасоўваннем сваіх інавацый займаюцца самі вучоныя. Гэта займае шмат часу, і нярэдка праект становіцца неактуальным яшчэ да свайго ўкаранення на вытворчасці. Усё-такі, на маю думку, інжынірынгам, маркетынгам і іншымі стадыямі ўвасаблення праектаў павінны займацца спецыяльна падрыхтаваныя людзі.
— Сярод усіх праектаў па міжнародным супрацоўніцтве часцей за ўсё ўзгадваюць рамачныя праграмы. Раскажыце, што гэта за праграмы і ў чым іх вартасць для беларускай навукі?
— Рамачныя праграмы праводзяцца Еўрапейскім саюзам вельмі даўно. Фактычна гэта такія ўсееўрапейскія навуковыя «пяцігодкі», калі вучоныя з некалькіх еўрапейскіх краін збіраюцца ў рабочыя групы, каб супольна ствараць нешта новае. Такія праграмы шчодра фінансуюцца, а таму навукоўцы не маюць праблем з матэрыяльным забеспячэннем. Цяпер завяршаецца сёмая рамачная праграма. Наступны цыкл «Гарызонт 2020» будзе цягнуцца сем гадоў, а не пяць, як гэта было раней.
Вартасць такіх праграм для беларускіх навукоўцаў заключаецца ў тым, што нам даюць доступ да матэрыяльных сродкаў і абсталявання, якога на радзіме часта не хапае. Еўрапейская навуковая супольнасць узамен атрымлівае нашы ідэі і інавацыі. Правы на вынікі працы звычайна пароўну дзеляцца паміж намі і арганізатарамі праграм. Даследаванні могуць мець як выключна фундаментальны характар, так і прыкладны, аж да стварэння вытворчасці.
— А што ўкладваецца ў паняцце «беларуская навука»?
— Я прытрымліваўся б словазлучэння «навука ў Беларусі». Бо, згадзіцеся, няма ж беларускай табліцы множання ці беларускай перыядычнай сістэмы элементаў. Усе мы працуем на адну вялікую сусветную супольнасць, і я ніколі не бачыў такой з'явы, як навуковы патрыятызм. У тым жа Бруселі разам са мной былі людзі з больш як дваццаці краін, і ўсе працавалі дзеля адной мэты. Пра навуку якой-небудзь асобнай краіны можна казаць, толькі характарызуючы, напрыклад, найбольш развітыя яе адгалінаванні. Для Беларусі традыцыйна гэта оптыка і матэрыялазнаўства, якім я і займаюся.
Але вучоныя з'яўляюцца касмапалітамі толькі ў сваёй працы, пра сваю радзіму ніхто не забываецца. Звычайна, калі мы працуем над нейкімі праектамі супольна з замежнікамі, то робім тэматычныя вечарыны, на якіх усе расказваюць пра сваю краіну. Мы распавядаем калегам пра Беларусь, яе традыцыі і культуру. Здаецца, гэта ўсім цікава, бо пра нашу краіну, як нам ні крыўдна, звычайна ведаюць няшмат.
— А якія з апошніх распрацовак цэнтра матэрыялазнаўства вам падаюцца найбольш актуальнымі?
— Якраз нядаўна я вярнуўся з выставы ў Гановеры. Разам з дэлегацыяй Акадэміі навук мы дэманстравалі распрацоўкі нашага НВЦ. У першую чаргу, гэта штучна створаныя звышцвёрдыя матэрыялы — такія, як алмазы і кубічны нітрыт бору. Іх вартасць у тым, што яны могуць рэзаць усе астатнія рэчывы за кошт сваёй трываласці. Паказвалі штучна створаныя каштоўныя камяні: смарагды, александрыты і іншыя. Яны выклікалі вялікую цікавасць у наведвальнікаў, бо выглядаюць вельмі прыгожа. Яшчэ адна важная распрацоўка — магнітныя экраны, якія абараняюць тэхніку ад старонняга электрамагнітнага ўздзеяння. Напрыклад, з іх дапамогай можна абараняць ад пашкоджання інфармацыю, што захоўваецца на вінчэстарах персанальных камп'ютараў, а таксама іншыя прылады, якія працуюць з магнітным полем. Можна ўзгадаць і электронную кераміку, якая выкарыстоўваецца ў GPS-датчыках. Сёння існуе шмат сістэм спадарожнікавай навігацыі: GPS, ГЛОНАС, якія працуюць з рознымі частотамі. Замест таго, каб ставіць у адзін навігатар некалькі розных датчыкаў, можна ўсталяваць толькі наш — ён пакрывае шырокі дыяпазон частот.
— Які кірунак у сучаснай навуцы вы лічыце самым перспектыўным?
— Калі паглядзець, на якія навуковыя часопісы цяпер больш за ўсё спасылаюцца вучоныя, то гэта выданні, прысвечаныя біялогіі і хіміі. Вялікая будучыня ў «памежных» адгалінаванняў — біяхіміі, біяфізікі. У Беларусі па гэтых кірунках пачалі працаваць нядаўна, таму работы яшчэ вельмі шмат.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaraslau-lyskavec
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] https://zviazda.by/be/gazeta
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/410.png
[5] https://zviazda.by/be/tags/materyyalaznaustva
[6] https://zviazda.by/be/tags/yagor-kanyukou
[7] https://zviazda.by/be/tags/vuchony
[8] https://zviazda.by/be/tags/kasmapalit