Лётчык-назіральнік — аб сваёй рабоце, лясных пажарах і правілах паводзін у лесе
Дзякуючы лётчыкам-назіральнікам Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства авіяцыйнай аховы лесу «Беллесавія» быў своечасова выяўлены не адзін лясны пажар ды ачаг сухастою.
Старшы лётчык-назіральнік Мінскага авіяаддзялення Ігар Змітрэня сочыць за парадкам у лесе вось ужо чатыры гады. У паветры падчас дзяжурства ён правёў ужо 500 гадзін.
—Падчас палёту лётчык-назіральнік працуе ў якасці штурмана, — расказвае Ігар Змітрэня. — У палёт мы бяром не толькі чамадан з дробнамаштабнымі картамі, але і сучасныя GPS-навігатары. Маршруты спецыяльна пракладзены такім чынам, каб мы ахоплівалі найбольш буйныя лясныя масівы, як мага менш залятаючы пры гэтым у палі. Справа ў тым, што на адкрытай мясцовасці заўважыць пажар могуць і мясцовыя жыхары, а вось у лясах і балотах можна не сустрэць ніводнага людскога паселішча на працягу 10–20 кіламетраў. Пры гэтым радыус агляду мясцовасці з нашай кабіны дасягае пры самых спрыяльных умовах надвор'я больш за пяцьдзясят кіламетраў.
Калі заўважылі дым — падлятаем да яго. Мая задача — вызначыць квартал таго лясніцтва, дзе бушуе агонь, і даць максімальна дакладную прывязку датычна бліжэйшага населенага пункта, напрамку і адлегласці да яго. Убачанае відовішча фіксуецца на фотаапарат або відэакамеру, а ў мясцовы лясгас паступае інфармацыя па радыёстанцыі аб тым, што, як моцна і дзе гарыць. Абавязкова вядзецца бортжурнал, у якім фіксуюцца палётныя звесткі і назіранні ад узлёту да пасадкі.
Пасля прылёту ўсю інфармацыю разам з фотаздымкамі і відэазапісамі мы перасылаем праз электронную пошту і факс у Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Мінлясгас, дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб'яднанне і галаўны офіс дзяржаўнага прадпрыемства «Беллес-
авія». На працягу ўсяго палёту трымаем радыёсувязь з лясгасамі, над якімі знаходзімся ў той час, і перадаём ім інфармацыю аб сітуацыі (пажары, усыханні, ветравалы, затапленні). Вядома, што больш за ўсё лясгасы радуе паведамленне «На вашай тэрыторыі нічога не знойдзена».
Частата палётаў залежыць ад надвор'я
— Перш за ўсё мы арыентуемся на прагноз надвор'я. Кожную раніцу Белгідраметэацэнтр дасылае нам зводкі, у якіх указаны колькасць ападкаў за суткі, клас пажарнай небяспекі — усяго пяць паказчыкаў. Адзінкавыя палёты пачынаюцца пры другім класе, пры трэцім лясныя масівы аблятаюцца ўжо штодня, а двухразовае патруляванне ўдзень пачынаецца пры чацвёртым класе пажарнай небяспекі. Чым хутчэй мы знойдзем пажар, тым меншы ўрон панясе прырода.
На разведку лясных пажараў беларускія лётчыкі адпраўляюцца на трох мадэлях паветраных караблёў. Кампанію вядомаму ўсім «кукурузніку» Ан-2 складаюць самалёт Іл-103 і верталёт Мі-2. Ад тыпу авіяцыі залежыць механізм змагання з пажарамі. З верталётаў высаджваюцца дэсантнікі, якія і тушаць полымя, а пасля прыбыцця дзяржаўнай лясной аховы яны сумеснымі намаганнямі завяршаюць ліквідацыю пажару. Калі ж палёт ідзе на самалёце — то ў барацьбу з агнём уступае ўжо дзяржаўная лясная ахова лясніцтва, якой мы непасрэдна з паветра паведамляем нумар квартала і каардынатную прывязку пажару.
— Адзін патрульны рэйс у штатным рэжыме доўжыцца як мінімум дзве з паловай гадзіны. Звычайна ж я адпраўляюся ў палёт па 600-кіламетровым аб'яднаным маршруце, які праходжу за чатыры гадзіны — але гэта калі не ўдаецца адшукаць ніводнага пажару. Базіруемся мы на аэрадроме ў вёсцы Хожава каля Маладзечна — адтуль і адпраўляемся на дзяжурства. Пасля гэтага па чарзе праходзім Валожын, Стоўбцы, пасёлак Шацк на Пухавіччыне, Беразіно, Крупкі, Плешчаніцы, Крывічы, Міхалішкі, Ашмяны і Смаргонь — і зноў кіруемся на аэрадром «Хожава».
З маленькай цыгарэты — вялікі пажар
— У найбольшай зоне рызыкі загарання — хвойныя маладнякі, сасоннікі лішайнікавыя і верасовыя, — працягвае Ігар Змітрэня. — Мы падчас палёту сочым не толькі за дымам, але імкнёмся знайсці і лясны сухастой, які можа стаць сапраўдным дэтанатарам вялікага пажару. Быў выпадак, калі са звычайнага пасажырскага «Боінга», які ляцеў у Нацыянальны аэрапорт «Мінск», заўважылі, што паміж аэрапортам і Чэрвенем пасярод лесу ёсць нейкая вялікая карычневая пляма. Мяне адправілі туды на разведку — паглядзець, што там ды як. Вось так і знайшлі сухастой...
Дзевяць з дзесяці пажараў звязаны з дзейнасцю чалавека. Класічны сцэнарый узгарання таго ж сасонніку вельмі няхітры. Ішоў грыбнік у лісічкі, пакурыў па дарозе і кінуў кудысьці ўбок не патушаны да канца недакурак. Лясная падсцілка пачынае паціху тлець — і пры сухім надвор'і настае хвіліна, калі ўгару ўскідваецца першы язык полымя. Калі саспяваюць журавіны ці пачынаецца сезон палявання на качак — гэты сцэнарый разгортваецца ўжо на балотах. А іх тушыць вельмі цяжка, бо там, як правіла, гарыць торф.
— Гэта можа паказацца дзіўным, але пажары ў лясах калі-нікалі ўзнікаюць з-за... пустых шкляных бутэлек. Механізм тут вельмі просты. Пры пэўным вугле падзення сонечных промняў шкло можа спрацаваць як лінза. Промні факусіруюцца ў адной кропцы на лясной падсцілцы — і вось дзесьці на палянцы з'явіўся дымок...
Штрыхі да псіхалагічнага партрэта
Альфа і амега для лётчыка-назіральніка — уменне добра арыентавацца на мясцовасці, каб як мага хутчэй вызначыць месцазнаходжанне, і працаваць з картамі. Усе лётчыкі маюць за плячыма або сярэднюю спецыяльную, або вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці інжынера лясной гаспадаркі. Немалаважны кампанент — стрэсаўстойлівасць. З фізічных складнікаў вельмі важны выдатны стан здароўя ўвогуле і добры вестыбулярны апарат — у прыватнасці. Калі з гэтым ёсць праблемы — урачэбна-лётная экспертная камісія «паставіць шлагбаум».
Як авіяцыя самагоншчыкаў «накрыла»
— Здараюцца ў працы лётчыкаў-назіральнікаў і анекдатычныя гісторыі, — узгадвае Ігар Змітрэня. — Аднойчы нам паведамілі аб тым, што з паветра дзесьці паміж гарадамі Маладзечна і Валожын засеклі дым. Здавалася б, звычайная сітуацыя для летняга сезона. Ды вось толькі ў гэты дзень вылету ў нас не было! Вядома ж, пачалі разбірацца. Аказалася, што інфармацыю на зямлю аб заўважаным дыме перадаў нейкі старонні борт — ці то ДТСААФ, ці то пасажырскі. Крыніцай жа дыму, як пасля высветлілі, быў зусім не лясны пажар, а... падпольны цэх па вытворчасці самагону.
Распальваючы вогнішча, не нарабі бяды
Каб прагулка ў грыбы ды ягады не скончылася лясным пажарам, трэба запомніць і выконваць элементарныя правілы паводзін.
- Не трэба распальваць вогнішча без крайняй патрэбы і ў ветранае надвор'е.
- Калі без вогнішча не абысціся ніяк, то раскласці яго трэба правільна. Для кастрышча неабходна абраць мінеральную глебу — пясок ці гліну. У радыусе паўметра трэба згрэбці ўсю падсцілку і акапаць па перыметры тэрыторыю кастрышча. Яе ж трэба шчыльна абкласці камянямі.
- Месца пад вогнішча трэба выбіраць як мага далей ад кустарнікаў ды скошанай травы, маладняку ды тых дрэў, галлё якіх нізка звісае.
- Забаронена разводзіць вогнішча ў лесапасадках, якія знаходзяцца блізка ад сельскагаспадарчых палёў.
- Пры распальванні нельга ўжываць бензін і іншыя гаручыя рэчывы.
- Не падпальвайце чарот, не паліце сухую траву пад дрэвамі ці на палянах.
- Не кідайце тлеючыя недакуркі і непатушаныя запалкі.
- Не пакідайце вогнішча без нагляду ні на секунду.
- Пры адыходзе трэба патушыць вогнішча — заліць вялікай колькасцю вады і засыпаць зямлёй. Пры гэтым неабходна пераканацца ў тым, што ніводны вугольчык не тлее.
- Калі вы ўбачылі, што лес гарыць, тут жа як мага хутчэй трэба адысці ў бяспечнае месца і набраць нумар 101. Калі ў вас ёсць смартфон або GPS-навігатар, то паведаміце дзяжурнаму прыкладныя каардынаты месца. Ісці ад пажару трэба ў наветраны бок.
Валяр'ян ШКЛЕННІК.
Фота з архіва дзяржаўнага прадпрыемства «Беллесавія».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/57.png
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/64.png
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/72.png
[7] https://zviazda.by/be/tags/pazhar
[8] https://zviazda.by/be/tags/lyotchyk
[9] https://zviazda.by/be/tags/ratavalnik
[10] https://zviazda.by/be/tags/bellesavia