Эксперты прагназуюць, што на працягу яшчэ двух тыдняў у Мінску захаваецца дастатковая колькасць таннага і якаснага арэнднага жылля. А потым чакаецца студэнцкі ажыятаж
Нагадаю, што да апошняга часу попыт на арэнднае жыллё ў сталіцы быў мінімальны. І гэта не толькі сезонная тэндэнцыя. Справа ў тым, што з пачатку года ў сферы куплі-продажы кватэр на рынку жыллёвай нерухомасці назіраецца сапраўдны «мёртвы» сезон. Гэтая акалічнасць прымусіла ўласнікаў свабоднага жылля «выкінуць» свае памяшканні на рынак арэнды. Вялікая прапанова і адсутнасць попыту згуляла з рынкам злы жарт, калі ён амаль «стаў». Пра сённяшнюю сітуацыю на сталічным рынку арэнды і прагнозы на бліжэйшую перспектыву карэспандэнту «Звязды» паведаміла выканаўца абавязкаў намесніка генеральнага дырэктара Цэнтра гандлю нерухомасцю «ПАКАДАН» Алена АГРЫЗКА.
Бюджэтных кватэр стала менш
[5]Адразу адзначу, што самая вялікая колькасць прапановы і, адпаведна, мінімальныя цэны прысутнічалі на сталічным рынку два тыдні таму. Сёння арэнднымі кватэрамі пачалі сапраўды цікавіцца маладыя спецыялісты, што скончылі ВНУ, а таксама абітурыенты, якія маюць дастаткова балаў, каб ужо цяпер лічыць сябе студэнтамі. Гэта крыху падкарэктавала цэннікі, аднак тэндэнцыя на агульнае патанненне арэнды працягваецца.
Калі два тыдні таму ў рэгістры прапановы было дастаткова «слабенькіх» аднапакаёвых кватэр з цэннікам ад 300 да 370 долараў, то цяпер рэальны кошт арэнды падобнага жылля складае ўжо 340–400 долараў. Заўважу, што і гэты цэннік значна ніжэйшы, чым той, які існаваў да пачатку лета.
Кліенты выбіраюць нармальную мэблю і памяшканні пасля рамонту
Калі казаць пра кватэры коштам да 350 долараў, то якасць іх будзе крыху сумніўнай. Будучыя кватаранты згаджаюцца лепш даплаціць яшчэ 20–30 «зялёных» і жыць у кватэрах з камфортнымі ўмовамі. Наш эксперт адзначае, што гаспадары арэнднага жылля, ад якіх з'ехалі кватаранты, спрабуюць зноў здаць сваю кватэру па ранейшым кошце, без рамонту і са старой мэбляй. Сёння такая ракіроўка без інвестыцый у жыллё ўжо не атрымаецца. Спецыялісты агенцтваў нерухомасці такое недагледжанае жыллё нават не прымаюць на рэалізацыю, бо яно будзе ўпарта «вісець».
Не вельмі адрозніваецца мінімальны кошт арэнды і на бюджэтнае двухпакаёвае жыллё. Нават цяпер у агенцтве існуе некалькі варыянтаў не вельмі дрэнных па якасці двухпакаёвых кватэр у Шабанах па кошце 370–400 долараў. Увогуле сярэдні цэннік стандартных двухпакаёвак складае 400–500 долараў. Тут заўважу, што двухпакаёўкі за 500 долараў здымаюць ужо кватаранты з прэтэнзіямі, для якіх мае значэнне не толькі мэбля і планіроўка ў кватэры, але паверх і нават наяўнасць паркоўкі. Менавіта сёння на рынку існуе жорсткая канкурэнцыя паміж уладальнікамі кватэр, калі любы бонус здымнага жылля павялічвае верагоднасць яе хуткай здачы па рынкавым кошце.
У кліентаў і цяпер яшчэ застаецца некалькі варыянтаў па арэндзе танных бюджэтных трохпакаёвых кватэр. Напрыклад, у Чыжоўцы ёсць такая «сціплая» трохпакаёўка ўсяго за 400 долараў. Сярэдні кошт падобнага стандартнага жылля складае цяпер 450–500 долараў. Зразумела, што па такім кошце кватэра будзе ў старым доме і са слабым рамонтам, ці ў новабудоўлі — часткова з мэбляй, або нават без мэблі. Сапраўды якасная трохпакаёвая кватэра ў спальным раёне прапануецца кліентам за 500–700 долараў.
Назіраецца лішак элітнага жылля
Так, прапанова здымнага жылля гэтым летам істотна павялічылася. Калі ўвесну агучанае агенцтва атрымлівала прыкладна 5–6 новых кватэр, то цяпер яго каталог павялічваецца недзе на 20 варыянтаў за суткі. Аднак на бюджэтнае жыллё ў гэтым «плюсе» прыпадае толькі да 5 новых варыянтаў. Усе астатнія свежыя кватэры маюць дарагі цэннік — ад 600 долараў і вышэй. Менавіта гэтым летам вялікая колькасць кліентаў пакінула элітнае жыллё, якое апошнім стала ўжо не па кішэні.
Празмерная колькасць гэтага сегмента дарагога жылля паменшыла сярэднія цэны прыкладна на 150–200 долараў. Напрыклад, сёння нават сапраўды якасныя двухпакаёвыя кватэры з дызайнерскім рамонтам прапануюцца не даражэй за 1000–1500 долараў. Каля месяца ў каталогу «вісіць» элітная васьміпакаёвая кватэра агульнай плошчай каля 250 квадратных метраў. Такая кватэра ў цэнтры горада мае два ўзроўні, некалькі санвузлоў і сучасную айчынную мэблю. Стартавы кошт гэтых апартаментаў складае 2,5 тысячы долараў. Ёсць на рынку і самая дарагая здымная кватэра за 4 тысячы долараў. Агульная плошча яе ўсяго 210 «квадратаў», але ў такой кватэры распрацаваны эксклюзіўны еўрапейскі дызайн, брэндавая мэбля і шыкоўны паркет.
Студэнцкі ажыятаж павялічыць цэны нязначна
Менавіта такі прагноз даюць эксперты рынку здымнага жылля на гэты сезон. На іх погляд, сапраўдная актывізацыя свежых кліентаў у новым сезоне пачнецца ўжо ў другой дэкадзе жніўня і працягнецца амаль да апошніх дзён верасня. На гэты раз нейкага сур'ёзнага ажыятажу на рынку не павінна быць, лічаць спецыялісты. Гэта тлумачыцца сапраўды аб'ёмнай прапановай свабоднага жылля і дастатковай колькасцю пакояў у інтэрнатах ВНУ. Аднак традыцыйнае павелічэнне цэн на здымнае жыллё ўсё ж такі будзе.
Алена Агрызка прагназуе, што недзе ў другой палове жніўня сярэдні цэннік бюджэтных кватэр можа павялічыцца на 30–50 долараў. Разам з тым, такое падаражанне працягнецца толькі да кастрычніка. Потым чакаецца стабілізацыя цэннікаў і нават частковае вяртанне сённяшняга кошту. Такое смелае меркаванне тлумачыцца ўстойлівым памяншэннем попыту на арэнднае прыватнае жыллё ў сталіцы. А апошняе назіраецца, у тым ліку і таму, што ў Мінску пачалі больш актыўна будаваць арэндныя дамы. Праўда, галоўным фактарам памяншэння попыту на здымныя кватэры застаецца фінансавы дабрабыт будучых кватарантаў. Пры існуючых цэнах на харчаванне і адзенне ў людзей ужо не хапае грошай на арэнду па такім кошце. Элітнае жыллё нават восенню будзе працягваць толькі таннець, упэўнены спецыялісты.
З'явілася сямейнае кампаньёнства
Недзе два гады таму ў сталіцы стартаваў новы трэнд на кампаньёнства ў звычайных кватэрах, якую здымалі адразу некалькі кватарантаў. Да апошняга часу па падобнай схеме шматпакаёўкі здымалі выключна студэнты ці маладыя супрацоўнікі адной фірмы.
«Займацца» арэндай са студэнтамі на такіх умовах гаспадары жылля былі не заўсёды згодны, бо іх кватэры пераўтвараюцца ў шумны інтэрнат. Цяпер па такой схеме кампаньёнства шматпакаёвыя кватэры пачалі здымаць маладыя сем'і — у тым ліку і з дзецьмі. Усё часцей афіцыйна зарэгістраваныя сем'і здымаюць у сталіцы не кватэру, а асобны пакой. Арэнда паловы кватэры каштуе цяпер ад 150 да 250 долараў.
Знікненне кватэр «на суткі» на доўгатэрміновую арэнду не паўплывае
Нагадаю, што падобную прадпрымальніцкую дзейнасць могуць забараніць у сталіцы ужо праз месяц. Прапанову аб гэтым падрыхтавала сталічная інспекцыя па падатках і зборах. Афіцыйнай прычынай стала вялікая колькасць скаргаў на шум у «сутачных» кватэрах. Заадно прагучаў намёк: гасцініц дастаткова. І несуцяшальныя для ўладальнікаў атэляў лічбы напаўняльнасці — 25–30%.
У мэрыі сталіцы гэтую прапанову падтрымалі. Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька даручыў вывучыць падобнае пытанне сумесна з упраўленнем жыллёвай палітыкі і на працягу месяца ўнесці адпаведныя прапановы ў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пры разглядзе пытання ён параіў улічваць вопыт Масквы, дзе апарт-атэлі вывелі з катэгорыі жылля і, згодна з заканадаўствам, вызначылі як месца часовага пражывання, што, адпаведна, змяняе іх функцыі.
У мэрыі была агучана інфармацыя аб тым, што на ўліку ў падатковых органах Мінска зарэгістравана больш як 700 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца пасутачнай здачай кватэр. Толькі за пяць месяцаў сёлета супрацоўнікі інспекцыі па падатках і зборах выявілі 35 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія здавалі ў арэнду жылыя памяшканні на суткі, але пры гэтым не выплачвалі падаткаў.
Заданне кіраўніцтвам горада дадзена. Што будзе пасля яго выканання? Алена Агрызка лічыць, што на стандартную прыватную арэнду гэтая навіна не паўплывала, нічога сур'ёзнага не будзе, калі «сутачнікі» сапраўды знікнуць. Звычайна пасутачная арэнда распаўсюджана ў цэнтральнай частцы горада. Больш за тое, гэта заўсёды жыллё палепшанага камфорту, якое адносіцца да сегмента элітнай жыллёвай нерухомасці. Ну з'явіцца на рынку дадаткова 500–700 дарагіх кватэр… Стануць падобныя кватэры яшчэ на 20–50 долараў танней, і ўсё. Бюджэтнаму жыллю элітныя апартаменты надвор'я не робяць.
У Маскве ўжо спрабавалі забараніць здаваць кватэры на суткі. Сёлета ў лютым дэпутат Дзярждумы ўнёс на разгляд законапраект, які забараняе «размяшчэнне грамадзян у жылых памяшканнях шматкватэрных дамоў». Дзярждума не ўхваліла забарону, і здаваць сваё жыллё на суткі па-ранейшаму можа любы ўласнік.
Такі новы від нерухомасці, як апартаменты, з'явіўся ў суседзяў параўнальна нядаўна. Па знешнім выглядзе ад кватэр апартаменты нічым не адрозніваюцца: у іх ёсць і пакоі, і кухні, і ванныя, і ўсе камунікацыі. Толькі знаходзяцца яны не ў жылых дамах, а ў офісных будынках. Іх можна зняць на суткі, а можна і купіць у якасці жылля.
У Беларусі «офіснага» жылля проста не існуе. У нас апартаментамі называюцца звычайныя кватэры, як і ва ўсім свеце. Пра апартаменты ў офісных памяшканнях у нас ніхто не чуў. Таму прымяніць вопыт Масквы тэхнічна немагчыма, лічаць індывідуальныя прадпрымальнікі. І калі кватэры, якія цяпер здаюцца на суткі, перавесці ў нежылы фонд, то што, суседзі не будуць скардзіцца на шум? Пытанняў і сапраўды шмат. І мне здаецца, што адказы мы атрымаем не праз месяц…
Сяргей КУРКАЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[4] https://zviazda.by/be/zhyllyo-0
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/жилье.png
[6] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[7] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo
[8] https://zviazda.by/be/tags/arenda