Да поўнага адключэння аналагавага тэлевяшчання засталося менш за 10 месяцаў
Ужо ў верасні аналагавы сігнал перастануць перадаваць станцыі ў населеных пунктах Гродна, Новая Стража (Слонімскі раён) і Геранёны (Іўеўскі раён). Усяго да канца гэтага года аналагавае вяшчанне будзе спынена на шасці станцыях, на апошніх сямнаццаці — у першым паўгоддзі 2015‑га.
Для звычайных карыстальнікаў адключэнне аналагавага сігналу можа азначаць поўную адсутнасць «карцінкі» на тэлевізійным экране, калі тэлепрыёмнік не мае магчымасці прымаць сігнал у лічбавым фармаце. Таму падрыхтавацца да пераходу на «лічбу» раяць ужо цяпер.
Першы спосаб, які дапаможа зрабіць змены ў сістэме вяшчання незаўважнымі, — набыццё новага тэлевізара. Большасць сучасных тэлепрыёмнікаў абсталявана дэкодарамі лічбавага сігналу і не патрабуе дадатковых тэхнічных прылад. Другі шлях, які падыходзіць уладальнікам сучасных тэлевізараў без лічбавага дэкодара, а таксама тым, хто па розных прычынах не хоча мяняць свой стары прыёмнік, — набыццё спецыяльнай прыстаўкі, якая дэкадзіруе «лічбу» ў нізкачастотны сігнал, «зразумелы» нават для самых старых тэлевізараў.
Начальнік упраўлення электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі Павел ПЕТРУЛЕВІЧ зазначыў, што пераход на лічбавы сігнал будзе максімальна бязбольным для ўсіх грамадзян краіны.
Ужо цяпер у кожнай вобласці распрацаваны спецыяльныя праграмы для сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва, якія прызваны дапамагчы людзям у набыцці новага абсталявання. Так, усю вышэйназваную тэхніку можна будзе набыць у крэдыт або ў растэрміноўку. Гандлёвая нацэнка на такія тавары не павінна перавышаць 30 працэнтаў.
Таксама некаторыя вытворцы (як, напрыклад, беларускі «Гарызонт») прапаноўваюць пакупнікам выбар прадукцыі па каталогу з дастаўкай на дом. Такія каталогі можна замовіць у любым аддзяленні «Белпошты». Увогуле, па словах намесніка начальніка аддзела маркетынгу кампаніі «Гарызонт» Юрыя ЛЯГЕЗЫ, айчынны вытворца тэлевізійнай тэхнікі гатовы забяспечыць патрэбы спажыўцоў у абсталяванні для прыёму лічбавага сігналу. На заводзе сёння выпускаюць прыстаўкі, якія, акрамя сваёй асноўнай функцыі, здольныя рабіць стоп-кадр, працягваць прагляд каналу з месца спынення, запісваць тэлепраграмы на флэш-носьбіты, а таксама прайграваць з флэш-карт аўдыя- і відэафайлы. Такая прыстаўка каштуе каля 300 тысяч рублёў.
Пераход на лічбавы фармат вяшчання забяспечыць карыстальнікам высокую якасць відэараду і гуку (сігнал будзе прымацца ў той якасці, у якой ён быў сфарміраваны на тэлестудыі), у тым ліку ў высокай якасці (HD), павялічыць колькасць праграм, што трансліруюцца з аднаго перадатчыка. Сёння для жыхароў краіны, якія перайшлі на «лічбу», бясплатна даступныя 8 тэле- і 1 радыёканал.
Мерапрыемствы па пераводзе тэле- і радыёвяшчання на лічбавы фармат праводзяцца ў Беларусі згодна з заключнымі актамі рэгіянальнай канферэнцыі радыёсувязі, прынятымі ў Жэневе ў 2006 годзе. Паводле гэтых дакументаў, аналагавае вяшчанне павінна быць поўнасцю спынена да 17 чэрвеня 2015 года. Апошнія дзесяць перадавальных аналагавых станцый у Беларусі спыняць сваю працу 15 мая будучага года. Сярод іх будзе і галоўная перадавальная станцыя краіны ў Калодзішчах.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/bez-rubriki
[2] https://zviazda.by/be/gazeta
[3] https://zviazda.by/be/infarmbyuro
[4] https://zviazda.by/be/naviny-u-belarusi
[5] https://zviazda.by/be/tags/televizar
[6] https://zviazda.by/be/tags/analagavae
[7] https://zviazda.by/be/tags/televyashchanne