Крыху пераблытаў
На дзень народзінаў Ваню спыталі, кім ён хоча быць, калі вырасце. Хлопчык нечакана заявіў: «Алкаголікам». Дарослыя ў шоку, перапытваюць чаму. Ваня тлумачыць: «Бо ў іх шмат грошай». Пасля доўгіх тлумачэнняў, што алкаголікі — далёка не тыя людзі, на якіх варта раўняцца, гаворку пераводзяць на іншую тэму.
Праз некалькі дзён уся сям'я глядзіць тэлевізар. І тут Ваня, пачуўшы знаёмае слова, падхопліваецца і крычыць: «Я пераблытаў — не алкаголікам, а алігархам!»
Наша вялікасць
Маці павяла сына ў новую групу ў дзіцячым садку. Выхавацель пытаецца:
— У нас два Колі ў групе. Што будзем рабіць?
— Завіце мяне Мікалай першы, — прапануе малы.
Азірнуцца не паспееш
Трохгадовая Маша пытаецца ў бацькі:
— Тата, а калі скончыцца рамонт, мне колькі гадоў будзе?
Як вас там
Антон (6,5 года) звяртаецца да мамы:
— Мам, я забыўся: каровы, гусі, куры, козы — як адным словам называюцца? Скаціна або сволачы?
Дзе логіка?
— Так, Вераніка, нешта мы цябе распесцілі, — канстатуе бацька на капрызы 4-гадовай дачкі. — Давядзецца, відаць, пачаць караць.
— Як гэта, — абураецца малая, — вы распесцілі, а мяне — караць?
Гэта, брат, навука!
Жонку забралі ў радзільны дом на захаванне, а дома застаўся муж з двума дзецьмі — сынамі 4 і 2 гадоў. Давялося тату карміць малых, а згатаваць ён здолеў толькі макарону — дый тое перасаліў. Першым на кухню прыйшоў старэйшы сын, пакаштаваў макарону і моўчкі выйшаў з-за стала. У дзвярах сустрэў малодшага і ўзяў пад руку:
— Хадзем, не трэба есці! Ты ў мяне пакуль што адзіны брацік...
Давялося тэрмінова выклікаць на дапамогу цешчу.
Паводле бабулі
— Сашуня, хадзі да мяне!
— Я не Сашуня, я прыгажосць не... не... Як там мяне бабуля называе? А, вось: я прыгажосць незямная!
Страшная помста
Маці за нейкую правіну насварылася на 5-гадовага сына. Той дэманстратыўна надзьмуўся, сеў на падлогу, узяў паперу з алоўкамі і заявіў:
— А я тады цябе тоўстую намалюю!
«Сышла на базу»
Аліне 3 гады. Сядзіць з цацачным наборам доктара, бярэ ў рукі фанендаскоп:
— Зараз рыбку палаўлю.
— Дачушка, гэта ж для доктара, — заўважае тата.
— Ну, добра, я доктар. Што ў вас баліць?
— Ды вось, горла баліць. Можаце палячыць?
— Не магу.
— Чаму?
— Я рыбу лаўлю...
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/17-19.jpg
[3] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[5] https://zviazda.by/be/tags/gumar
[6] https://zviazda.by/be/tags/pyasochnica