Чаму б і не: пачалося першаснае размяшчэнне акцый (ІPO) Гомельскага тлушчавага камбіната
Для гэтага прадпрыемства выпусціла дадаткова 4,035 млн простых акцый намінальным коштам 18 800 беларускіх рублёў за штуку на суму 75 млрд 858 млн. Размяшчэнне каштоўных папер будзе ажыццяўляцца шляхам адкрытага продажу на біржавым рынку ў гандлёвай сістэме ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа». Акцыі дадатковай эмісіі будуць рэалізоўвацца фізічным і юрыдычным асобам, рэзідэнтам і нерэзідэнтам Беларусі без абмежаванняў.
Усё ўжо зроблена, трэба толькі вярнуць даўгі
Кіраўніцтва камбіната адкрыта паведамляе, што прыцягнутыя сродкі плануюць выкарыстаць для рэфінансавання інвестыцыйных крэдытаў, якія ўзялі на мадэрнізацыю вытворчасці. «У нас быў небагаты выбар — выходзіць на рынак запазычанняў з абяцаннямі абнавіць тэхналагічнае абсталяванне ці зрабіць гэта самастойна і прапанаваць інвестарам стаць акцыянерамі ўжо мадэрнізаванага прадпрыемства», — патлумачыў дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Бабундзін. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што ўмовы размяшчэння, якія ўзгоднены з кіраўніком дзяржавы, не змяшчаюць ніякіх абмежаванняў для патэнцыйных інвестараў. Купіць можна любую колькасць акцый у межах дадатковай эмісіі. Няма абмежаванняў і для замежнікаў. «Стратэгічнаму інвестару няма неабходнасці весці доўгія перамовы і ўзгадненні. Дастаткова праз біржавога брокера выставіць заяўку на біржу», — удакладніў дырэктар.
«Што тычыцца фізічных асоб, грамадзян і неграмадзян Беларусі, то для іх таксама ствараецца добрая магчымасць для размяшчэння свабодных грашовых сродкаў на доўгі тэрмін. Кошт адной акцыі невялікі, а гэта робіць іх даступнымі для шырокага кола пакупнікоў. Фізічныя асобы могуць купіць акцыі ў цэнтрах банкаўскіх паслуг Беларусбанка па ўсёй краіне», — заявіла намеснік старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Марына Міхальцэвіч. І насамрэч: у першыя ж хвіліны таргоў паступіла некалькі заявак на куплю 100 акцый і была адна заяўка на куплю ўсяго трох каштоўных папер. Відавочна, што цікавасць да акцый прадпрыемства выказалі звычайныя людзі.
Пакуль не вельмі выгадна, але ёсць перспектыва
У той жа час, частку сродкаў, атрыманых ад ІPO, прадпрыемства плануе накіраваць на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў. У першую чаргу ставіцца задача рэканструяваць усю энергасістэму камбіната, каб знізіць выдаткі. Па-другое, ёсць намер пашырыць уласную базу па перапрацоўцы алейных культур, з якіх тут атрымліваюць алей — асноўны сыравінны кампанент. І па-трэцяе, існуе перспектыўны план па пашырэнні вытворчых магутнасцяў.
Па стане на 1 мая 2014 года памер статутнага фонду ААТ «Гомельскі тлушчавы камбінат» складае больш за 233 млрд рублёў, ён падзелены на больш чым 12 млн простых акцый. Доля дзяржавы ў статутным фондзе складае 99,43%, фізічных асоб — 0,4%, юрыдычных асоб — 0,17%. Калі ўсе акцыі будуць прададзены, то ў дзяржавы застанецца 75,01% акцый камбіната.
Дарэчы, па выніках працы за 2013 год пры рэнтабельнасці продажаў 6,8% Гомельскі тлушчавы камбінат атрымаў прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі ў суме 37,9 млрд рублёў, чысты прыбытак — 1,3 млрд. У першым квартале 2014 года прадпрыемства спрацавала стратна, аднак за апошнія два месяцы прыбытак стаў расці — кіраўніцтва бачыць у гэтым эфект ад мадэрнізацыі. Бізнес-планам разлічана, што да канца года камбінат выйдзе на добрую прыбытковасць. Калі гэта спраўдзіцца, то акцыі прадпрыемства могуць стаць выдатным інструментам для захавання і памнажэння сваіх зберажэнняў. Пакуль што аб гэтым казаць не выпадае: дывідэнды па выніках 2013 года склалі 184,88 рубля на кожную акцыю. Атрымліваецца, што даход быў роўны менш за 1% гадавых.
Завершыцца першаснае размяшчэнне акцый Гомельскага тлушчавага камбіната з продажам апошняй акцыі дадатковага выпуску, але не пазней за 1 верасня гэтага года.
Даведка «Звязды»
Гомельскі тлушчавы камбінат уведзены ў эксплуатацыю ў 1932 годзе. У студзені 2005 года прадпрыемства пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства. З'яўляецца найбуйнейшым у Беларусі прадпрыемствам алейна-тлушчавай галіны. Вырабляе алей, маргарынавую прадукцыю, маянэзы, соусы на аснове маянэзу, кетчупы, мыла.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/tags/gomel
[3] https://zviazda.by/be/tags/investycyi
[4] https://zviazda.by/be/tags/akcyi
[5] https://zviazda.by/be/tags/kambinat
[6] https://zviazda.by/be/tags/myla
[7] https://zviazda.by/be/tags/aley