Чым запомніўся Нясвіж валанцёрам?
Удзельнікі міжнароднага экалагічнага валанцёрскага лагера «Спадчына Радзівілаў-2014» падзяліліся з «Чырвонкай» сваімі ўражаннямі ад праекта, які быў рэалізаваны рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем «Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА» пры непасрэдным удзеле Музея-запаведніка «Нясвіж». Усяго ў лагеры прынялі ўдзел 16 валанцёраў з Беларусі, Украіны, Расіі, Узбекістана, Арменіі, Сербіі і Кітая.
Паміж еўрапейскасцю і самабытнасцю
Дырэктар таварыства аховы жывёл у Ташкенце і эксперт экалагічнага руху Мадзіна САІДКАРЫМАВА Беларуссю зацікавілася даўно. «Аднойчы я была ў азербайджанскім валанцёрскім лагеры, дзе ўбачыла прэзентацыю вашай краіны, — распавядае дзяўчына. — Тады і «загарэлася» думкай прыехаць сюды, пачала шукаць валанцёрскія праекты». У выніку Мадзіна правяла ў Беларусі паўтара месяца, і за гэты час наведала «кітайскі» і «французскі» лінгвістычныя лагеры, паўдзельнічала ў праекце «Пілігрым» — паездцы па святых мясцінах Беларусі, паспела «паваланцёрыць» у Цэнтры экалагічных рашэнняў, наведала Мінск, Хатынь, Віцебск, Гомель, Полацк. Апошняй жа кропкай яе маршруту па Беларусі стаў Нясвіж.
«Лагер быў блізкага для мяне экалагічнага накірунку, — кажа Мадзіна. — У асноўным мы ачышчалі ад смецця тэрыторыю парку Альба, а таксама даведваліся шмат цікавага пра расліны і дрэвы, якія там высаджвалі. Леснікі, з якімі мы працавалі, былі вельмі адкрытымі і прыязнымі да нас. А ў вольны час хадзілі на экскурсіі па Нясвіжы».
Штодня адзін з удзельнікаў лагера арганізоўваў дзень культуры сваёй краіны. Напрыклад, у дзень Узбекістана валанцёры прачыналіся пад узбекскую музыку, вучылі простыя словы «прывітанне», «дзякуй», а яшчэ Мадзіна частавала сваіх новых сяброў сушанай дыняй. «Мне вельмі спадабаліся прэзентацыі Сербіі і Арменіі. Цяпер хачу трапіць у гэтыя краіны, — з захапленнем прызнаецца Мадзіна. — А што да Беларусі, то гэта залатая сярэдзіна паміж еўрапейскасцю і самабытнасцю. Зараз рэкламую вашу краіну ўсім сябрам і знаёмым — багатая культура і гісторыя, чыстае паветра, лясы і азёры — мне б хацелася прыехаць сюды яшчэ і не раз».
Прывітанне з Сербіі і Радзівілы «па-кітайску»
Студэнтка першага курса філалагічнага факультэта ўніверсітэта Бялграда Івана ГЕОРГІЕЎСКІ даведалася пра лагер «Спадчына Радзівілаў» праз Фэйсбук і вырашыла адправіцца ў Беларусь. «Я вельмі актыўна вандрую, стараюся не ўпускаць валанцёрскія магчымасці, — адзначае Івана. — Да гэтага шмат чытала пра вашу краіну, намалявала ў галаве «свой» вобраз — і ўсе мае чаканні спраўдзіліся, убачыла ўсё ў «натуральную велічыню».
Дзяўчына кажа, што найбольш ёй спадабаліся людзі, з якімі давялося папрацаваць: «Увечары мы садзіліся ў кола, частаваліся нацыянальнымі стравамі, і пасля ўсе задавалі мне пытанні. Я пачаставала сяброў стравай з вараных ягад, падобнай на джэм, і ракіяй — нацыянальным сербскім напоем. Яшчэ мяне здзівіла, што валанцёры добра ведаюць пра Ніколу Тэслу і яго адкрыцці. Шмат распытвалі пра Косава і вайну ў Сербіі».
Чэн ЮАНДЗІ з Кітая вучыцца ў Беларусі на падрыхтоўчым факультэце гістарычнага факультэта БДУ. «Калі я пачынаў вывучаць гісторыю Беларусі, то даведаўся пра знакаміты Нясвіжскі замак, унесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, — заўважае хлопец. — Таму я даўно хацеў паехаць сюды на экскурсію. Дзякуючы лагеру я атрымаў такі шанц і за 10 дзён даведаўся шмат цікавага пра Нясвіжскі замак і найбагацейшы род Радзівілаў».
Адным з крытэрыяў адбору валанцёраў у лагер было валоданне рускай мовай, на якой камунікавалі паміж сабой удзельнікі лагера. «Я пакуль што не вельмі добра размаўляю па-руску, — адзначае Чэн. — Таму і не змог правесці дзень Кітая: распавесці пра нашу гісторыю і культуру мне пакуль што складана. Затое я дапамог перакласці на кітайскую мову буклет пра Нясвіжскі замак. Спадзяюся, што ў наступным годзе таксама вазьму ўдзел у рабоце лагера і змагу «прэзентаваць» сябрам Кітай. Я ўдзельнічаў першы раз у падобным праекце, таму вопыту ў мяне мала. Затое даведаўся шмат цікавага. Асабліва пра лад жыцця Радзівілаў».
Кацярына РАДЗЮК.
Ангеліна ЖАДЗЬКО, праграмны дырэктар лагера:
— Здавалася б, што можна паспець за такі кароткі тэрмін? Аказваецца, нямала: мы ўнеслі свой уклад у аднаўленне парку Альба, заклалі алею валанцёраў у дэндрарыуме, але галоўнае — пазнаёміліся і пасябравалі. Ціхія сажалкі, векавыя дубы… І хаця лесапарк яшчэ знаходзіцца ў паўзапушчаным стане, я ўпэўнена, што наперадзе ў яго — лепшыя дні. Усе тайны і загадкі Альбы яшчэ давядзецца раскрыць вучоным і археолагам. Прыемна ўсведамляць, што ва ўсім гэтым ёсць і частка тваёй працы, твой асабісты ўклад у адраджэнне гістарычных і прыродных помнікаў».
Даведка
Парк Альба знаходзіцца на паўднёвай ускраіне Нясвіжа. Два стагоддзі таму ён выкарыстоўваўся Радзівіламі ў якасці летняй рэзідэнцыі: тут знаходзіліся эрмітаж, палац, звярынец і нават шпалерная мануфактура. У Альбе Радзівілы ладзілі прыёмы для гасцей. У нашы дні ад былой велічы амаль нічога не засталося: лес напаўзапушчаны, а на месцы добра прадуманай воднай сістэмы захаваліся толькі рэшткі каналаў, якія паспелі абмялець.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kacyaryna-radzyuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/08/14-20.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/nyasvizh-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/spadchyna-radzivilau-0