У сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі чакаюцца прынцыповыя змены.
З 4 лютага па 31 мая створаная па даручэнні Прэзідэнта рабочая група па праблемных пытаннях у ЖКГ вывучыла ўсе аспекты функцыянавання жыллёва-камунальных арганізацый, станоўчы вопыт і адмоўныя тэндэнцыі, якія перашкаджаюць развіццю галіны. Было таксама разгледжана звыш 400 зваротаў грамадзян па камунальна-бытавых пытаннях, якія паступілі ў перыяд дзейнасці рабочай групы.
У выніку ўдзельнікамі рабочай групы быў распрацаваны праект Указа «Аб мерах па ўдасканаленні работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі». Некаторыя прапановы, як мяркуецца, павінны прынцыпова змяніць функцыянаванне асобных галін ЖКГ.
Кіраўнікоў стане менш
[3]Сёння, па словах міністра ЖКГ Андрэя Шорца, у кожнай вобласці існуе свая структура кіравання жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Так, у Віцебскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцях — гэта дзяржструктуры і ўпраўленні ў складзе аблвыканкамаў, а ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцях — камерцыйныя прадпрыемствы.
Такое становішча прыводзіць да неабгрунтаваных адрозненняў у зарплатах работнікаў і кіраўнікоў арганізацый ЖКГ у розных рэгіёнах рэспублікі.
Пры гэтым у асобных аб'яднаннях назіраецца залішняя колькасць кіруючых пасад.
У будучым, па словах Андрэя Шорца, прапануецца функцыі дзяржаўнага рэгулявання ў гэтай сферы ўскласці на ўпраўленні ЖКГ у складзе аблвыканкамаў, а функцыі галіновага кіравання дзяржарганізацыямі ЖКГ — на дзяржустановы, якія будуць створаны пры аблвыканкамах. Гэта, па словах міністра, павінна прывесці да паляпшэння вынікаў працы сістэмы ЖКГ у цэлым, а таксама павысіць якасць паслуг.
Плануецца, што заказчыкамі па праектаванні капрамонту, рэканструкцыі і мадэрнізацыі жылых дамоў стануць адпаведныя камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы.
У раённых цэнтрах ёсць упраўленні капітальнага будаўніцтва (УКБ) райвыканкама і камунальныя прадпрыемствы, і гэтыя дзве структуры дубліруюць адна адну. Перадача функцый прафесійнай арганізацыі дазволіць знізіць выдаткі і павысіць якасць капітальнага рамонту, лічыць міністр ЖКГ.
Скараціць выдаткі на аказанне паслуг
Каб кіраўнікі і работнікі жыллёва-эксплуатацыйных арганізацый не выконвалі не ўласцівых ім задач, прадугледжваецца заканадаўча ўстанавіць, што дзейнасць арганізацый ЖКГ, не звязаная з аказаннем жыллёва-камунальных паслуг, будзе ажыццяўляцца на платнай аснове. Гэта адносіцца, напрыклад, да кантролю за мэтавым выкарыстаннем зямельных участкаў, прадухілення доступу ў неэксплуатаваныя будынкі і г. д.
Акрамя таго, будзе спынена практыка ўтрымання ў сістэме ЖКГ няпрофільных аб'ектаў. Як заявіў міністр ЖКГ, дагэтуль на баланс арганізацый ЖКГ перадаваліся ваенныя гарадкі, будынкі камісарыятаў, іншыя аб'екты сацыяльна-культурнай і вытворчай сферы, якія знаходзяцца ў аварыйным стане. Іх утрыманне ўваходзіла ў затраты галіны. Андрэй Шорац лічыць, што абслугоўванне такой маёмасці павінна рабіцца на дагаворных адносінах і кампенсавацца са сродкаў адпаведных бюджэтаў.
Каб ліквідаваць пасрэднікаў пры прадастаўленні жылкампаслуг, Міністэрствам ЖКГ сумесна з Мінэнерга выпрацаваны агульныя падыходы да перадачы цеплавых сетак (якія знаходзяцца на балансе арганізацый ЖКГ і па якіх ідзе транспарціроўка спажыўцам цеплавой энергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння) у веданне ўладальнікаў цеплакрыніц — арганізацый «Белэнерга».
У нас з'явяцца хаус-майстры
[4]Каб палепшыць якасць паслуг, плануецца, што ў бліжэйшай перспектыве ўвесь жыллёвы фонд будуць абслугоўваць так званыя хаус-майстры — спецыялісты па комплексным абслугоўванні і эксплуатацыі шматкватэрных жылых дамоў, якія выконваюць працу электрыка, слесара-сантэхніка, маляра, цесляра.
За кошт скарачэння колькасці работнікаў заработная плата хаус-майстра ўзрасце ў 1,5 раза. Гэта раней паказаў вопыт Мінска: зарплата сталічных хаус-майстроў узрасла да 7,5 млн рублёў. Зараз у цэлым па краіне падрыхтавана 1,6 тыс. такіх майстроў, з іх 66% — у Мінску. Як заявіў Андрэй Шорац, гэтыя людзі трымаюцца за сваю працу, шануюць яе. Цякучасць кадраў спынілася. Жыхары ведаюць майстроў і звяртаюцца да іх. «Хаус-майстар зацікаўлены, каб выканаць працу якасна, бо ў адваротным выпадку перарабляць яе прыйдзецца самому», — сказаў міністр.
Дарэчы, мерапрыемствы па аптымізацыі структуры і колькасці ўжо праводзяцца ў арганізацыях галіны. Па выніках першага паўгоддзя, колькасць работнікаў сістэмы ЖКГ скарочана на 1260 чалавек. У бліжэйшы час толькі ў Мінску падлягае скарачэнню больш за 500 штатных адзінак апарату кіравання, што дазволіць сэканоміць фонд заработнай платы ў памеры звыш 43 млрд рублёў у год.
Грошы на капрамонт — у агульны «кацёл»
Усе арганізацыі, якія абслугоўваюць жыллёвы фонд, незалежна ад формы ўласнасці, будуць уносіць плату за капрамонт на субрахунак мясцовых органаў улады.
Як паведаміў журналістам міністр ЖКГ, гэта ў большай ступені тычыцца жыллёвых кааператываў і таварыстваў уласнікаў, якія назапашваюць грошы на сваіх рахунках, і яны з часам губляюць сваю каштоўнасць з‑за інфляцыйных працэсаў, ці накіроўваюцца на іншыя мэты. «А калі прыходзіць час правядзення капрамонту, яны звяртаюцца ў выканкам з просьбай правесці ў іх гэтыя работы», — адзначыў Андрэй Шорац.
Такім чынам, гэтыя сродкі будуць налічвацца па прынцыпе «агульнага катла». Насамрэч гэты прынцып у нашай рэспубліцы ўжо дзейнічае. Зараз усе дамы, якія абслугоўваюцца прадпрыемствамі ЖКГ, адлічваюць грошы на рахункі мясцовых выканаўчых органаў. І гэта найбольш аптымальны варыянт для нашай краіны, перакананы міністр. Ён адзначыў, што Расія таксама пайшла па гэтым шляху.
Таксама ўнесена прапанова, каб разлікі па ўліку, разліку і налічэнні аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі і карыстанне жылымі памяшканнямі ажыццяўляліся арганізацыямі, упаўнаважанымі мясцовымі выканкамамі. Гэта неабходна для таго, каб не дапусціць прад'яўлення грамадзянам неабгрунтаваных плацяжоў і каб кожны ЖБВК або таварыства ўласнікаў (ТУ) не ўтрымлівалі для гэтых мэт уласную структуру.
Начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю за працай галін сферы матэрыяльнай вытворчасці Камітэта дзяржкантролю Сяргей Раўнейка лічыць, што гэта не значыць, што ажыццяўляць разлікі можа толькі разлікова-даведачны цэнтр. «Калі службы ТУ адпавядаюць усім патрабаванням і даводзяць неабходную інфармацыю да насельніцтва ў поўным аб'ёме і пры гэтым не ўзнікае ніякіх канфліктных пытанняў, то яны маюць права прэтэндаваць на званне такой упаўнаважанай арганізацыі», — сцвярджае ён.
Павышэнне фінансавай і плацежнай дысцыпліны
Каб арганізацыі ЖКГ не мелі патрэбы ў прыцягненні крэдытаў для ажыццяўлення бягучай дзейнасці, рабочая група прапануе абавязаць пералічваць субсідыі па аказаных насельніцтву паслугах для арганізацый ЖКГ з мясцовых бюджэтаў штомесяц на працягу 10 рабочых дзён з дня прыняцця плацежных дакументаў на пералік гэтых субсідый.
Таксама прапануецца ў законе аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год абавязкова вызначаць мінімальныя нарматывы бюджэтнай забяспечанасці расходаў на фінансаванне мерапрыемстваў па капрамонце жылля, трубаправодаў цеплазабеспячэння, сетак водазабеспячэння і каналізацыі. Гэта дасць магчымасць не дапусціць скарачэння запланаваных гадавых аб'ёмаў фінансавання расходаў на гэтыя мэты.
За парушэнні — дадатковая адказнасць
Прапануецца ўстанавіць адміністрацыйную адказнасць за невыкананне сацыяльных стандартаў у галіне ЖКГ; за ўнясенне ў плацежны дакумент на аплату жыллёва-камунальных паслуг неабгрунтаваных плацяжоў; за правапарушэнні, якія дапускаюцца старшынёй праўлення таварыства ўласнікаў пры выкананні ім сваіх функцый; за парушэнне заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг; за парушэнне спакою грамадзян у начны час і інш.
Р. S. У бліжэйшы час пытанні павышэння эфектыўнасці дзейнасці арганізацый ЖКГ будуць абмяркоўвацца на пасяджэнні ўрада.
Святлана Бусько.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[2] https://zviazda.by/be/zhyllyo-0
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/08/157.png
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/08/242.png
[5] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-busko-1
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhkg
[7] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyova-kamunalnaya-gaspadarka
[8] https://zviazda.by/be/tags/prezident-0
[9] https://zviazda.by/be/tags/ministr-zhkg-andrey-shorc